Непа́л ( ), афіцыйная назва — Федэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Непал () — краіна ў цэнтральнай частцы Азіі, без выхаду да мораў, мяжуе з Індыяй і Кітаем. Плошча — 140 тысяч км². Насельніцтва — 29 млн чал. (2009). Сталіца — Катманду.
На мяжы Непала з Кітаем знаходзіцца найвышэйшая вяршыня свету — гара Джамалунгма (Эверэст, 8848 м).
Непал — член ААН (1955), МВФ (1961), МБРР (1961), СГА (2004).
Геаграфія Тэрыторыя Непала размешчана на паўднёвым схіле цэнтральнай частцы Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Непала і Кітая найвышэйшыя вяршыня Зямлі — г. Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (частка Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вялікія Гімалаі (сярэднія вышыня 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (вышыня каля 3000 м), хрыбет Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на вышынёй 1000—1500 м, найбольшая з іх Катманду. Ёсць невялікія радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жалезных, медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студзені тэмпературы ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліпені адпаведна 30 і 21 °C. На вышыні больш за 4500—5000 м тэмпературы ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць басейну Ганга, найбуйнейшыя — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на вышыні 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42 % тэрыторыі краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нацыянальныя паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і іншыя, некалькі запаведнікаў. Гара Кутанг.
Насельніцтва
Больш за 80 % складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн чал., біхарцы — каля 4,3 млн чалавек, тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн чалавек): таманг, невары, магары, раі, таму, лімбу, бхотыя, шэрпы і іншыя. Каля 90 % вернікаў вызнаюць індуізм, 5 % — будызм (пераважна ламаізм), 3 % — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5 % (1998). Сярэдняя шчыльнасць 172,6 чал./1 км². Найбольш шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 км прыпадае больш за 1 тыс. чалавек. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11 % насельніцтва (1998). Найбуйнейшыя гарады: Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81 % эканамічна актыўнага насельніцтва, у прамысловасці — 3 %, у абслуговых галінах — 16 %.
Гісторыя З 1996 года мааісцкая апазіцыя Непала прыступіла да актыўных дзеянняў, і ў Непале пачалася грамадзянская вайна. Урад не даў рады з ростам эканамічных праблем, высокай карупцыяй службоўцаў, і час ад часу краіна скаланалася ад крызісаў, звязаных з разрухай і голадам на аддаленых тэрыторыях. Высокі наплыў замежных турыстаў, які меў месца ў сярэдзіне 1990-х гадоў, стаў скарачацца, і да 2005 года зменшыўся ў дзесяць разоў, што яшчэ больш ударыла па эканоміцы Непала.
1 чэрвеня 2001 года спадчынны прынц Дыпендра на традыцыйным абедзе, прысвечаным сустрэчы ўсёй каралеўскай сям’і, расстраляў усіх прысутных, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым загінуў кароль Бірэндра і амаль усе члены каралеўскай сям’і. На трон уступіў яго дзядзька Г’янэндра.
Спрабуючы стабілізаваць становішча, Г’янэндра пайшоў на шэраг непапулярных захадаў — да забароны палітычных партый і роспуску ўрада, перамяжоўваючы актыўныя ваенныя дзеянні супраць мааістаў з перамовамі. У той самы час мааісты ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі Непала, тады як урадавыя войскі ўтрымлівалі даліну Катманду, наваколлі Покхары, найбольш населеную частку тэраяў і раёны асноўных турысцкіх маршрутаў у наваколлях Эверэста і Анапурны.
У 2005 годзе кароль фактычна распусціў парламент.
Выступаючы супраць аўтарытарных захадаў з боку караля, кіруючыя палітычныя партыі ўступілі ў саюз з мааістамі. 11 ліпеня 2006 парламент Непала пазбавіў караля Г’янэндру права накладваць вета на законы і законапраекты. За месяц да гэтага дэпутаты аднадушна адабралі ў караля пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам, пазбавілі імунітэту (з гэтага часу яго можна аддаць пад суд), а таксама абавязалі плаціць падаткі. Акрамя таго, дэпутаты пастанавілі з гэтага часу лічыць Непал — адзінае ў свеце цалкам індуісцкае каралеўства — «свецкай дзяржавай», адабраўшы такім чынам у Г’янендры тытул інкарнацыі Вішну. Быў сфармаваны кааліцыйны ўрад.
21 лістапада 2006 года ўрад з сямі партый заключыў мір з мааістамі, абвясціўшы аб завяршэнні грамадзянскай вайны. Па ўмовах гэтай угоды мааісты пагадзіліся скласці зброю. За гэта прэм’ер-міністр Гірыджа Прасад Койрала, яі ў маі 2006 стаў кіраўніком краіны, паабяцаў аддаць мааістам 73 з 330 дэпутацкіх месцаў у новым парламенце.
14 студзеня 2007 года парламент прыняў часовую канстытуцыю, па якой кароль пазбаўляецца статуту ачольніка дзяржавы і ўладныя функцыі перадаюцца прэм’ер-міністру. Пры гэтым мааісты дамагліся павелічэнні прадстаўніцтва ў парламенце да 83 месцаў, сталі самай буйной апазіцыйнай партыяй і атрымалі месцы ў кабінеце міністраў. Непальскі нацыянальны кангрэс на чале з прэм’ер-міністрам атрымаў 85 месцаў.
Былі прызначаныя выбары ў Канстытуцыйную Асамблею. Адначасова на поўначы Непала ўзброеныя атрады мааістаў пачалі здаваць зброю ў адмысловыя сховішчы, якія будуць кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі. Прыём зброі ажыццяўляе адмысловая камісія з супрацоўнікаў ААН і ветэранаў брытанскіх каланіяльных войскаў з ліку непальскіх горцаў-гуркхаў.
Пазней аднак выбары былі перанесены на больш позні тэрмін.
28 снежня 2007 года часовы парламент абвясціў Непал дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікай. Рашэнне падлягае зацвярджэнню Канстытуцыйнай Асамблеі пасля выбараў. У 2026 годзе адбылася паводка на мяжы з Кітаем.
Эканоміка Аснова непальскай эканомікі — турызм, унутраны гандаль, сельская гаспадарка. На поўдні краіны існуюць мясцовыя прадпрыемствы індыйскіх прамысловых кампаній.
Грашовая адзінка — непальская рупія. Курс рупіі складае прыкладна 70 рупій за адзін долар ЗША. Абмен валюты — вольны. Грошы можна абмяняць як у банках, так і ў шматлікіх абменных пунктах.
Зноскі
Спасылкі
Glacial Lakes and Glacial Lake Outburst Floods in Nepal. — International Centre for Integrated Mountain Development, Kathmandu, March 2011
Катэгорыя:Федэратыўныя дзяржавы Катэгорыя:Краіны, якія не маюць выхаду да мора