Францішак Карлавіч Будзька (, в. Вознаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня — , в. Янатруда на Полаччыне) — рымска-каталіцкі святар, культурна-асветны дзеяч, пісьменнік, перакладчык.
Біяграфія Скончыў народнае вучылішча ў Будславе, затым Вілейскае павятовае вучылішча (1899). У 1901 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1901-05 вучыўся ў Пецярбургу ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. У 1906 працягваў вучобу ў Пецярбургскай Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У 1907 вымушаны адмовіцца ад далейшай вучобы з-за цяжкага фінансавага становішча.
У 1907 пасвечаны ў святары. Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. Пераклаў з польскай мовы кнігі «Кароткі катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» Роха Філяхоўскага, «Кароткая гісторыя святая» Шустара і «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» Банчкоўскага. Дазвол на друк на ўсе тры кнігі даў біскуп Стафан Данісевіч. «Катахізм» быў надрукаваны ў 1907 г. накладам 10000 асобнікаў. Астатнія два пераклады засталіся ў рукапісе.
З 9 студзеня 1908 г. вікарый Полацкага касцёла. У 1912—1917 гг. у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы пры касцёле Св. Станіслава.
У 1911 г. ксёндз Францішак Будзька выдаў па-беларуску пераклад кнігі Яна Урбана «Бл[аслаўлёны] Андрэй Баболя». Кніга выйшла ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Да перакладзенага тэксту была далучаная паэма пра Баболю, якую, на думку літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, мог напісаць Янка Купалаhttp://nashaniva.by/?c=ar&i=144008.
Матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня, 1913—1915). Пасля 1917 служыў у Полацкім дэканаце. Член арганізацыйнага камітэта і ўдзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25.5.1917).
З усталяваннем ва Усходняй Беларусі савецкай улады пераследаваўся органамі бяспекі.
Памёр ад запалення лёгкіх. Месца пахавання невядомае.
Літаратура Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. — Vilnia, 1939. Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.
Спасылкі Францішак Будзька — забыты беларусізатар Касцёла — nashaniva.by
Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Памерлі ад пнеўманіі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Докшыцкім раёне