По́лацкі Сафі́йскі сабо́р — помнік сакральнага дойлідства XI—XVIII ст. у горадзе Полацк. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй, пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве (закладзены ў 1037 годзе) і Ноўгарадзе (каля 1045 года). Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII стагоддзя адноўлены як базіліка ў стылі віленскага барока і захоўвае такі выгляд дагэтуль.
Гісторыя
Узвядзенне манументальнага Сафійскага сабора ў Полацку звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча на тэрыторыю дзядзінца (Верхняга замка). Будаўніцтва традыцыйна датуецца перыядам княжання Усяслава Брачыславіча — паміж 1044 і 1066 гадамі (паводле іншых гістарычных крыніц — 1050—1060 гады). Полацкая Сафія, якую ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры, стала трэцім мураваным храмам падобнага рангу на Русі, саступіўшы толькі саборам у Кіеве і Ноўгарадзе.
Узвядзенне Полацкай Сафіі трэба тлумачыць як амбіцыі Усяслава Брачыславіча на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце. Будаўніцтвам сабора падкрэсліваўся не толькі незалежны статус Полацка адносна Кіева. Полацк таксама мог успрымацца як «Новы Іерусалім» або «Другі Царград». Такім чынам, Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляванне цэнтра хрысціянскага свету. Размяшчэнне Сафійскага сабора на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзядзінцы было адной з асноўных рыс, акрамя трохвугольнай формы гарадоў у плане і размяшчэння іх на сямі ўзгорках, якая звязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусветным цэнтрам усходнехрысціянскай рэлігіі — горадам Канстанцінопалем, галоўны храм якога быў узведзены на акропалі грэчаскага горада Візантый.
Даследаванні археолагаў далі важныя звесткі пра месца, абранае для заснавання святыні, і тэхніку яе пабудовы. Існуе гіпотэза, што сабор быў пабудаваны на месцы ранейшага капішча, прысвечанага Пяруну або Вялесу. Падчас маштабных архітэктурна-археалагічных раскопак 1975—1980 гадоў пад кіраўніцтвам В. А. Булкіна і П. А. Рапапорта непасрэдна пад мураванымі падмуркамі сабора сапраўды быў знойдзены больш ранні культурны слой з керамікай пачатку XI стагоддзя і відавочнымі слядамі моцнага пажару. Гэта пацвярджае, што да ўзвядзення мураванай Сафіі на гэтым месцы існавала больш ранняя драўлянае збудаванне (верагодна, паганскае капішча або першая драўляная царква), якое загінула ў агні.
Полацкі Сафійскі сабор упершыню згадваецца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV стагоддзя: «Полацк на Дзвіне і на Палаце, драўляны, святая Сафія мураваная з сямі вярхамі» (Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ).
Перабудовы і ўніяцкі перыяд
На працягу стагоддзяў архітэктурнае аблічча сабора неаднаразова мянялася. Як сведчаць пісьмовыя крыніцы і іканаграфія XVI стагоддзя (напрыклад, аксанаметрычны план Полацка 1579 года Станіслава Пахалавецкага), да гэтага часу храм ужо страціў сваю першапачатковую крыжова-купальную шматгаловую структуру і меў толькі адну цэнтральную главу.
Падчас аблог 1563 і 1579 гадоў горада ў Лівонскую вайну сабор цудам ацалеў, аднак страціў сваю найбагацейшую бібліятэку. Паводле ацэнак спецыялістаў, яна мела сусветнае значэнне: у ёй захоўвалася мноства сачыненняў грэчаскіх айцоў царквы, Дыянісія Арэапагіта і іншых тэкстаў нябеснай і царкоўнай іерархіі, перакладзеных з грэчаскай на славянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем. Пасля вяртання Полацка пад юрысдыкцыю Вялікага Княства Літоўскага войскамі караля Стэфана Баторыя ў 1579 годзе Сафійскі сабор заставаўся адзіным праваслаўным храмам у горадзе. У 1596 годзе ён перайшоў да ўніятаў (полацкі архіепіскап быў адным з іерархаў, якія падпісалі дэкрэт Берасцейскай уніі).
У 1607 годзе будынак моцна пацярпеў ад спусташальнага пажару. Царква была настолькі зруйнавана, што яе аднаўленне здавалася ўладам немагчымым. Нават узнікла прапанова пабудаваць на яе рэштках грамадзянскі будынак для размяшчэння архіва, гарадскога і земскага судоў Полацкага ваяводства. Аднак з прызначэннем на полацкую кафедру архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў 1618 годзе пачалося хуткае аднаўленне святыні, якое завяршылася да 1623 года (пазней сабор стаў месцам пахавання Кунцэвіча). Сучасныя археалагічныя даследаванні выявілі сляды гэтых рамонтных прац 1620-х гадоў у ніжняй частцы муроў паўночнай апсіды. Важнымі кцітарамі і фундатарамі сабора і манастыра ў гэты перыяд выступаў магнацкі род Слушак: харунжы вялікі літоўскі Жыгімонт Адам Слушка завяшчаў 10 тысяч злотых на будаўніцтва капліцы Іасафата (1675), а полацкі ваявода Дамінік Слушка ахвяраваў манастыру вёску Берцы (1705).
У 1642 годзе чарговы моцны пажар знішчыў драўляныя элементы сабора, вежы і прылеглыя манастырскія пабудовы, пасля чаго храм зноў аднаўлялі. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Полацк быў узяты расійскімі войскамі. У 1654 годзе сабор быў пераасвечаны ў праваслаўны; у тым жа годзе яго наведаў цар Аляксей Міхайлавіч. Рускія дакументы таго часу апісваюць багатае ўбранне «саборнай царквы Сафіі Прамудрасці Божай», асабліва адзначаючы шанаваныя абразы Дэісуса і царскія вароты грэчаскага пісьма на золаце. Праз год пасля заканчэння вайны і заключэння міру сабор зноў перайшоў да ўніяцкага духавенства.
Забойства манахаў і частковае знішчэнне
Падчас Вялікай Паўночнай вайны, 11 ліпеня 1705 года (30 чэрвеня паводле старога стылю), у саборы адбыўся крывавы інцыдэнт з удзелам расійскага цара Пятра I і яго світы. Паводле ўніяцкіх і польскіх крыніц, у тым ліку мемуараў Януша Вішнявецкага і дакументаў ордэна базыльян, цар увайшоў у храм і звярнуў увагу на алтар з выявай святога Іасафата Кунцэвіча. На пытанне манарха пра тое, хто забіў святога, адзін са святароў адказаў, што гэта зрабілі схізматыкі (ці віцябляне адной веры з царом).
Гэта выклікала прыступ лютасці ў Пятра I, які ўдарыў вікарыя манастыра Канстанціна Заячкоўскага. У выніку расправы, учыненай царом і яго афіцэрамі, у тым ліку Аляксандрам Меншыкавым, непасрэдна ў храме былі пасечаны шаблямі некалькі манахаў, сярод якіх казальнік Тэафан Калбячынскі, а яшчэ некалькі чалавек былі павешаны або памерлі ад катаванняў. «Віцебскі летапіс» коратка паведамляе пра гэта: «У тым жа годзе месяца ліпеня 11 дня ў храме Св. Сафіі ён сам [цар Пётр I] забіў 4 базыльян у Полацку і пасадзіў у Полацку каменданта». Афіцыйная расійская версія, выкладзеная ў царскім маніфесце, апраўдвала расправу тым, што базыльяне нібыта мелі тайную перапіску са шведамі і аказалі ўзброены супраціў пры арышце.
Пасля забойства святароў сабор быў абрабаваны і пэўны час заставаўся зачыненым. Пётр I прапанаваў перадаць храм праваслаўнай абшчыне горада, аднак тая адмовілася яго прымаць, асцерагаючыся помсты з боку мясцовай шляхты і ўніятаў пасля сыходу расійскай арміі. Тым не менш, 20 лістапада 1705 года цар выдаў універсал, якім гарантаваў бяспеку і права на набажэнствы (у тым ліку пры полацкай замкавай царкве) манахам-базыльянам Барысаглебскага манастыра. Аднак пазней сабор усё ж быў ператвораны ў парахавы і амуніцыйны склад (цэйхгаўз) расійскай арміі, які размяшчаўся ў прытворы.
Доўгі час у гістарыяграфіі існаваў міф, што 1 мая 1710 года магутны выбух пораху практычна цалкам знішчыў помнік архітэктуры XI стагоддзя да самага падмурка. Аднак, згодна з хронікай «Абрыс хатняй няшчаснасці...» (), напісанай каля 1721 года сведкам тых падзей Янам Аляшэўскім, у 1710 годзе ў саборы сапраўды адбыўся пажар («ад запушчанага агню»), які прывёў да дэтанацыі пораху. Паводле Аляшэўскага, выбух не знішчыў увесь будынак, а знёс толькі «цэлы вугал царквы з бакавой капліцай па левым баку ад ўваходу», а таксама парушыў унутраныя слупы і скляпенні. Расійскі гарнізон дабраахвотна пакінуў Полацкі замак толькі ў 1711 годзе, пакінуўшы пасля сябе руіны і пусткі.
Аднаўленне і наступная гісторыя
Аднаўленне сабора здзейсніў уніяцкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі. Да 1750 года на захаваных падмурках сцен была збудавана дзвюхвежавая базіліка ў стылі віленскага барока, якую асвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа. Падчас Айчыннай вайны 1812 года храм выкарыстоўваўся французскімі войскамі як стайня.
Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 года храм царквы быў вернуты праваслаўным. У 1911—1914 гадах быў праведзены капітальны рамонт сабора. У 1924 годзе ў рамках савецкай атэістычнай палітыкі царкву зачынілі і размясцілі ў ёй краязнаўчы музей. У перыяд нямецкай акупацыі з 1942 года па ліпень 1944 года Сафійскі сабор дзейнічаў, а потым быў ізноў зачынены.
Сучаснасць
Пэўны час сабор служыў як збожжасховішча, а потым як архіў. Адраджэнне Сафіі да новага жыцця адбылося ў 1983 годзе, тады храм стаў канцэртнай залай, аўтарам праекта рэстаўрацыі быў Валерый Слюнчанка. У працах па вяртанню да жыцця Сафійскага сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П. А. Рапапорт, В. А. Булкін), чэшскія майстры-арганісты. З 1983 года ў Сафійскім саборы дзейнічае канцэртная зала. У 1985 годзе ў саборы чэхаславацкай арганабудаўнічай фірмай «Rieger Kloss» быў збудаваны арган. Першы канцэрт быў дадзены 2 мая 1985 года арганістам Алегам Янчанкам. Штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».
У храме размяшчаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, які ўваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў.
У адным з прыдзелаў сабора на царкоўныя святы здзяйсняюцца праваслаўныя набажэнствы.
Архітэктура
Арыгінальная пабудова
Узвядзенне храма звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча. Архітэктурнае рашэнне полацкага Сафійскага сабора пераклікаецца з аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада. У плане сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 метра. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м.
Падмуркі сабора мелі глыбіню каля 1,35 м. Пад імі была ўладкавана спецыяльная драўляная субструкцыя: драўляныя лежні, якія ў месцах перасячэння змацоўваліся жалезнымі мыліцамі (кастылямі). Сцены храма былі выкладзены з цэглы ў тэхніцы візантыйскай муроўкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная муроўка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.
Да храма прылягалі прыбудовы: хрысцільня і лесвічная вежа на княжацкія хоры. Паколькі ў полацкай Сафіі не было абходных галерэй, прамавугольная па вонкавых абрысах вежа прымыкала непасрэдна збоку да будынка сабора, да заходняга члянення яго паўночнага фасада. Падмурак пад лесвічнай вежай быў выкананы ў выглядзе суцэльнай платформы, якая запаўняла ўсю плошчу пад яе сценамі і ўнутранай прасторай. Па летапісах, можна меркавана сказаць, што храм меў сем глаў. Чатыры купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае главы, што стварала своеасаблівы вобраз храма. Галоўныя адрозненні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасць галерэй. Храм меў тры апсіды, а не пяць. Княжацкія хоры адкрываліся ў цэнтральнае памяшканне падвойнымі аркамі, якія абапіраліся на адзін прамежкавы слуп. Ёсць віма (дадатковае дзяленне ў апсіднай частцы падкупальнай прасторы), характэрная для Візантыі.
Храм, як і наўгародскі, быў распісаны толькі фрэскамі, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленне храма. Будаўніцтвам усіх трох храмаў, верагодна, займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма — гэта ўваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамінак пра Сафійскі Сабор Канстанцінопаля, сімвал магутнасці княжацкай улады.