Стало́вая або Стало́ва — колішняя вёска на правым беразе ракі Свіслач, з 1959 года ў складзе Мінска.

Гісторыя Назва паказвае, што сяльцо належала «сталу» менскага войта, што пэўна вядома з межавання Менска ў 1557 годзе, гэта значыць яго даходы прызначаліся на ўтрыманне гэтага ўрадніка.

Упершыню згадана пад 1500 годам, калі вялікі князь Аляксандр Ягелончык пацвердзіў дагавор, якім менскі мешчанін Фёдар Пронкавіч і яго жонка «змовили» за баярына Менскага павета Пашка Радзівонавіча Талаконскага і аддалі за яго замуж сваю ўнучку Ждану Аўрамаўну, далі за ёй отчынны двор у Менску, а да гэтага — сяльцо Сталова (старабеларускай мовай Столово), якое Фёдар Пронкавіч і яго жонка купілі ў бацькі Талаконскага Радзівона. Такім чынам, першым вядомым уладальнікам Сталова быў баярын Радзівон Талаконскі. Потым ім валодалі менскі мешчанін Фёдар Пронкавіч і сын Радзівона Талаконскага — Пашка (Павел). У 1557 годзе сяло Сталовая, дзяржаўная ўласнасць.

Уваходзіла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1791 годзе вёска Сталове (Столове) маёнтка Грэбелька Мінскай парафіі, дзяржаўная ўласнасць.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе дзяржаўная ўласнасць.

Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета. Паводле перапісу 1897 года засценак. Паводле перапісу 1908 года ваколіца. Паводле перапісу 1917 года былі вёска і засценак, у вёсцы ўсе вызнавалі сябе беларусамі, у засценку палякамі.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў кастрычніку 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 1924 года вёска ў Самахвалавіцкім раёне Менскай акругі, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарадскога савета, з 1934 года ў Менскім раёне, Навадворскі сельсавет. У 1930-я гады былі рэпрэсаваны прынамсі 6 ураджэнцаў вёскі.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Ленінскі раён. Вясковыя дамы захаваліся, месцяцца на прырэчнай частцы вуліцы Сямёнава (№ 38—97).

Насельніцтва

1800 год — 4 двары, 21 жыхар 1897 год — 11 двароў, 82 жыхары 1908 год — 12 двароў, 85 жыхароў 1917 год — вёска, 2 двары, 13 жыхароў (усе беларусы); засценак, 9 двароў, 38 жыхароў (усе палякі)

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска