Элкано Маркавіч Гальдштэ́йн (,  — ) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар Беларусі (1991).

Біяграфія Э. М. Гальдштэйн нарадзіўся 28 сакавіка 1923 года ў Мінску, у сям’і служачага. У 1940 годзе скончыў сярэднюю школу № 1, паступіў на архітэктурны факультэт Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1941 годзе ўступіў па камсамольскай мабілізацыі ў атрад народнага апалчэння. Ваяваў на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Каўказскім франтах у якасці палітбайца, снайпера, сапёра. У кастрычніку 1945 года вярнуўся ў інстытут і ў 1950 годзе абараніў дыпломны праект «Універмаг у г. Ленінградзе». Накіраваны на працу ў разбураны Мінск.

Працаваў у праектным інстытуце «Ваенпраект», дзе ў складзе аўтарскага калектыва займаўся праектаваннем комплексу будынкаў насупраць штаба БВА (раён вуліц Чырвонай, Камуністычнай, Куйбышава).

Член Саюза архітэктараў СССР з 1951 года. У красавіку 1952 года пераведзены ў «Белдзяржпраект».

Творчасць

Асноўныя работы: у Мінску — комплекс жылых дамоў па вул. Краснай (1952—1953, у сааўтарстве), жылы дом з крамай «Ваенная кніга» па вул. Камуністычнай (1951), жылыя дамы па вул. Першамайскай, Омскім завулку, пл. Свабоды, у пасёлку трактарнага завода ў г. Мінску, гарадах Магілёве і Лідзе, Мінскі радыётэхнічны тэхнікум па Ленінскім праспекце (1956), кемпінг «Мінскі» па Брэсцкай шашы (1960), Фундаментальная бібліятэка АН Беларусі (1967; праект быў паўторна выкарыстаны ў г. Запарожжа ва Украіне), Дом настаўніка (1976; цяпер ліцэй БДУ), комплекс вучылішча кінамеханікаў, комплекс будынкаў Мінскага медыцынскага інстытута (абодва 1979, у сааўтарстве) і інтэрнат для студэнтаў па праспекце Дзяржынскага (1970); з плавальнымі басейнамі ў Салігорску на 1600 (1966), Брэсце на 1200 навучэнцаў (1969), на 40 класаў са спартыўнымі заламі і плавальным басейнам у мікрараёне Усход-1 (1979), забудова вул. Сямашкі, ГПТВ-40 кінамеханікаў (1979) у Мінску, серыі тыпавых праектаў школьных будынкаў рознай умяшчальнасці для масавага будаўніцтва (1960—1981), дзіцячая школа мастацтваў у г. Нароўля, краязнаўчы музей у г. Касцюковічы і шмат іншых праектаў.

Аўтар васьмі навуковых работ па архітэктуры школьных будынкаў, шэрагу артыкулаў па абагульненні вопыту іх праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі.

Конкурсныя праекты Элкано Маркавіч удзельнічаў у складзе аўтарскага калектыва ў міжнародным конкурсе на праект эксперыментальнага жылога раёна ў паўднёва-заходняй частцы г. Масквы, у міжрэспубліканскім конкурсе (БССР і Літва) 1971 года на праект манумента ў гонар сумеснай барацьбы беларускіх і літоўскіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг., у рэспубліканскім конкурсе на праект помніка маці-патрыётцы Купрыянавай у г. Жодзіна, якому прысуджана 2-я прэмія.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалямі. У аўтарскім калектыве ўзнагароджаны ганаровым дыпломам на Міжнародным конкурсе «Эксперыментальны раён на Паўднёвым захадзе Масквы» (1960), 2-я прэмія на рэспубліканскім конкурсе за праект помніка Купрыянавай у Жодзіне (1973).

Сям’я Меў сына Уладзіміра, таксама архітэктара.

Літаратура

Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Архітэктары XX стагоддзя Катэгорыя:Архітэктары Мінска Катэгорыя:Заслужаныя архітэктары Беларусі