Ко́зьма-Дзям’я́наўскі спуск — спуск на пешаходнай зоне ў Мінску ад Свята-Духава сабора да вуліцы Максіма Багдановіча, злучае Верхні і Нізкі Рынак. Названы ў гонар колішняй Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы, якая фармавала вакол сябе гістарычную мясцовасць Цёмныя Крамы.
Гісторыя
Назва вуліцы ад старадаўняга Казьмадзям’янаўскага праваслаўнага манастыра, які да пачатку XVII ст. размяшчаўся на ўсходняй ускраіне Менска. Козьма-Дзям’янаўская вуліца, магчыма, адна з найстаражытнейшых у Менску. Яна пачыналася ад Нізкага Рынка і канчалася побач з касцёлам Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі каталіцкага ордэна бернардзінак (цяперашні праваслаўны кафедральны Сабор Святога Духа).
Мураваны архітэктурны ансамбль Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы цалкам сфармаваўся яшчэ ў XVIII ст.Казьмадзям’янаўская вуліца // С. 19 Забудова складалася з двух- і трохпавярховых дамоў, на першых паверхах якіх месціліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, гэтак у архіўных дакументах згадваецца «аддадзены ў 1829 годзе Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае ўтрыманне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца»Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007 . У выхадныя і святы тут і на блізкіх вулачках разгортваўся людны гандаль.
У канцы XIX ст. у адным з двароў на Козьма-Дзям’янаўскай месцілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.
Ад 1926 года вуліцу планавалі пераназваць у гонар Францішка СкарыныВячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами на Мінск стары і новы, аднак у сувязі з пачаткам палітыкі русіфікацыі і масавых сталінскіх рэпрэсій у 1933 годзе яе перайменавалі ў гонар расійскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, акрамя крам, на вуліцы знаходзіўся шэраг устаноў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.
Да Другой сусветнай вайны мясцовасць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбардзіроўкі была амаль цалкам зруйнавана.
У наш час на гэтым месцы замест аднаўлення старадаўняй Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы стварылі спрэчную паводле сваіх функцыянальна-планіровачных і архітэктурных якасцяў структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі са старой забудовай. У 2018 годзе спуску ў пешаходнай зоне ад Свята-Духава кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча была нададзеная назва Козьма-Дзям’янаўскі спуск.
Галерэя
Літаратура
Катэгорыя:Цэнтральны раён (Мінск)