Harmonia axyridis — від азіяцкіх божых каровак, які распаўсюдзіўся таксама ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы.
Апісанне Даўжыня цела 5,5—8,5 мм. Афарбоўка пярэднеспінкі і надкрылаў вельмі варыятыўная, панцыр можа быць жоўты або чорны з плямкамі рознага колеру колькасцю ад 2 да 19.
Пашырэнне Зыходны арэал віду ўключае поўдзень Сібіры, Паўночны Казахстан, Манголію, Кітай, Прымор'е, Японскія астравы, Шантарскія астравы, а таксама Карэйскі паўвостраў. Была завезена з пачатку XX стагоддзя ў шэраг краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі для біялагічнай барацьбы са шкоднікамі культурных раслін і паспяхова акліматызавалася.
У наш час належыць да небяспечных інвазійных арганізмаў Еўропы, што звязана з надзвычай высокай хуткасцю яе рассялення і істотным уплывам на структуру згуртаванняў абарыгенных відаў насякомых. Фарміраванне стабільных папуляцый адбылося ва Украіне. На тэрыторыі Беларусі Harmonia axyridis лакальна рэгістравалася на захадзе Беларускага Палесся, а таксама ў Панямонні з 2013–2014 гадоў.
Асаблівасці біялогіі
Вельмі пражэрлівая. Самка адкладае яйцы на раслінах недалёка ад калоній тлей, так яна забяспечвае патомства запасам ежы. Праз 1-2 тыдні з яец выходзяць лічынкі. Лічынкавая стадыя працягваецца звычайна 5-6 тыдняў. Затым лічынка акукліваецца. Прыкладна цераз тыдзень з кукалкі з'яўляецца дарослая асобіна.
Літаратура Круглова, О. Ю. Фенооблик формирующихся в Республике Беларусь группировок инвазийного вида божьих коровок Harmonia axyridis Pallas (Coleoptera, Coccinellidae) / О. Ю. Круглова // Труды БГУ. — 2015. — т. 10, ч. 1. — С. 327—335.
Катэгорыя:Божыя кароўкі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1773 годзе