«Яжовыя імяніны» — паэтычная сцэнка (паводле іншых звестак — драматычная паэма) Яна Чачота, напісаная ў 1819 годзе на беларускай мове з нагоды імянін старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага да 19 сакавіка 1819 года.
Гісторыя Падчас напісання вершаў Ян Чачот знаходзіўся ў Мінску як пісар Радзівілаўскай пракураторыі, створанай па загаду імператара Аляксандра I у лютым 1814 для ўпарадкавання спадчыны апошняга прадстаўніка нясвіжскай галіны Радзівілаў Дамініка Радзівіла. Адсюль паэт адаслаў твор сябрам у Вільню, выказаўшы ў паэтычнай форме лёгкае шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Мінску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара». Дасланыя вершы Яна Чачота на ўрачыстасці зачытвалі Адам Міцкевіч і Тамаш Зан.
Апісанне Твор пабудаваны ў форме дыялогу, у якім прамаўляюць беларускія сяляне, што прыйшлі павіншаваць Яжоўскага на сваёй уласнай мове. Дзейнымі асобамі паэмы з’яўляюцца цівун, войт, дзясятнік, хор хлопцаў і дзяўчат і спеў Мікіты.
Як адзначае даследчык польскай літаратуры Станіслаў Станкевіч, гэта была першая спроба Яна Чачота пісаць па-беларуску. Уважаючы на тое, што ў той час не было ўнармаванага беларускага правапісу і граматыкі, паэт здолеў з нешматлікімі выняткамі дакладна перадаць фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці навагрудскай гаворкі беларускай мовы.
Катэгорыя:Вершы і песні Яна Чачота Катэгорыя:Вершы 1810-х гадоў Катэгорыя:Творы 1819 года