План ЗША па блізкаўсходнім урэгуляванні (часам «Здзелка стагоддзя» () — план адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па ўзаемным прызнанні Палесціны і Ізраіля. Дакумент пад назвай «Мір у імя працвітання. Бачанне таго, як палепшыць жыццё палесцінцаў і ізраільцян» быў прэзентаваны ў Вашынгтоне прэзідэнтам Трампам у прысутнасці прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і апублікаваны на сайце Белага дома 28 студзеня 2020 года. План змяшчае 180 старонак і складаецца з двух частак: эканамічнай і палітычнай. Дакумент уключае 23 раздзелы, якія апісваюць прапановы пра граніцы, статус Іерусаліма, эканамічныя прэферэнцыі, пытанні бяспекі, статус сектара Газа, лёс зняволеных і бежанцаў, узаемнае прызнанне і адносіны паміж ізраільцянамі і палесцінцамі, урэгуляванне існуючых прэтэнзій і правіл правядзення далейшых перамоў. Да плану прыкладзены карты і апісанне крытэрыяў бяспекі і дэмілітарызацыі.
План распрацоўваўся без удзелу палесцінцаў і шмат у чым саступаў Ізраілю, што выклікала рэзкае абурэнне з боку кіраўніцтва Дзяржавы Палесціна і ісламскіх рухаў.
Асноўныя прапановы плана У аснове плана ляжыць узаемнае прызнанне дзвюх дзяржаў. Прапісана бачанне статусу Іерусаліма, межаў, гарантый бяспекі, зоны свабоднага гандлю і ўмоў далейшага вядзення перамоваў. ЗША прапанавалі прызнаць сталіцай палесцінскай дзяржавы Усходні Іерусалім і настойвалі на чатырохгадовай «замарозцы» любога маштабнага будаўніцтва на тэрыторыі, якая, як прапануецца ў плане, будзе перададзена палесцінцам. У той жа час прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер прызнаць усё ўжо існуючыя яўрэйскія паселішчы ізраільскай тэрыторыяй і назваў Іерусалім «непадзельнай сталіцай» Ізраіля. Пасол ЗША ў Ізраілі Дэвід Фрыдман растлумачыў 29 студзеня 2020 года падчас тэлефоннай канферэнцыі для журналістаў, што згодна з планам ЗША «прапанаваная сталіца палесцінскай дзяржавы будзе знаходзіцца ва Усходнім Іерусаліме за існуючым бар’ерам бяспекі, які адлучае арабскія раёны, аднак у сярэдзіне муніцыпальных межаў Іерусаліма».
У якасці ўмоў мірнага працэсу ад уладаў Палесціны чакалася адмова ад метадаў узброенай барацьбы і ад падтрымкі дзеючага ў Газе радыкальнага руху ХАМАС. План прадугледжваў поўную дэмілітарызацыі сектара Газа: раззбраенне ХАМАС і «Ісламскага джыхаду», кантроль цэнтральных уладаў Палесціны над Газай. Прадугледжана таксама вызваленне палесцінскіх зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў ізраільскіх турмах (акрамя асуджаных за забойства або замах на забойства, падазраваных у тэрарызме і палесцінцаў з грамадзянствам Ізраіля) і абавязацельства Палесціны прыняць іх і даць ім грамадзянства.
У якасці падтрымкі ўрэгулявання ЗША прапанавалі інвестыцыі на $ 50 млрд. Паводле інфармацыі пасла ЗША ў Ізраілі Дэвіда Фрыдмана, новы план Злучаных Штатаў таксама ўключае ў сябе стварэнне хуткасных чыгуначных зносін паміж сектарам Газа і Заходнім берагам ракі Іардан.
План таксама прадугледжвае ліквідацыю Агенцтва ААН па дапамогі палесцінскім бежанцам (), дзейнасць якога ў Вашынгтоне лічалі неэфектыўнай.
Заявы ў ЗША з нагоды іпмлементацыі плана Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа ў дзень прэзентацыі плана заявіў, што «палесцінцы з часам падтрымаюць новы план Вашынгтона па ўрэгуляванні на Блізкім Усходзе» і што ЗША «даюць ім для гэтага чатыры гады».
Пасол ЗША ў Ізраілі Дэвід Фрыдман заявіў журналістам, што ў Вашынгтоне не лічаць важным, «які адказ у кароткатэрміновай перспектыве дадуць палесцінцы на прапанаваны план па ўрэгуляванні», паколькі ЗША «будуць прадастаўляць ім такую магчымасць на працягу чатырох гадоў».
Шэраг амерыканскіх сенатараў ад Дэмакратычнай партыі ЗША (у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты ЗША Берні Сандэрс, Элізабэт Уорэн і Эмі Клобушар) накіравалі ліст прэзідэнту Дональду Трампу, у якім раскрытыкавалі апублікаваны Белым домам план урэгулявання. У лісце гаворыцца, што «аднабаковая рэалізацыя «Здзелкі стагоддзя» можа прывесці да зацвярджэння суверэнітэту Ізраіля над Іарданскай далінай і яўрэйскімі паселішчамі на Заходнім беразе ракі Іардан»; такое развіццё падзей «будзе парушаць становішчы міжнароднага права», а рашэнні, прапанаваныя Белым домам, «парушаюць права палесцінскага народа на самавызначэнне і падрываюць бяспеку Ізраіля».
Міжнародная рэакцыя Ізраіль: прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў план ЗША «рэалістычным шляхам да міру» і паабяцаў, што «Ізраіль будзе гатовы прама зараз прыступіць да перамоваў аб міру» з палесцінцамі. Апытанні грамадзкай думкі ў краіне паказалі, што 66,9% апытаных падтрымалі «Здзелку стагоддзя», 15,7% выказаліся супраць яе, а яшчэ 17,4% заявілі, што ў іх няма выразнай думкі па гэтым пытанні. Дзяржава Палесціна: у дзень публікацыі дакумента палесцінскі кіраўнік Махмуд Абас назваў план ЗША па блізкаўсходнім урэгуляванні «змовай», «падступствам» і «планам па ліквідацыі нацыянальнага праекта», заявіўшы — «Мы не прымаем «Здзелку стагоддзя», паколькі адзіным шляхам да міру з’яўляецца стварэнне палесцінскай дзяржавы ў межах 1967 года». Рух «ХАМАС» расцаніў план ЗША як парушаючы нормы міжнароднага права і заклікаў арабскія і мусульманскія краіны супрацьстаяць «Згодзе стагоддзя», «адарваць план» і «падтрымаць Палесціну». Іран: у той жа дзень кіраўнік МЗС Ірана Махамад Джавад Зарыф раскрытыкаваў план, назваўшы яго «кашмарам для рэгіёну і свету». Ліван: 28 студзеня 2020 года ліванская шыіцкая партыя «Хезбала» назвала план «здзелкай ганьбы» і заявіла, што такім чынам «Злучаныя Штаты спрабуюць знішчыць гістарычныя правы палесцінскага народа». Арабскія краіны, якія падтрымалі план, названы «здраднікамі» і «саўдзельнікамі закуліснай змовы». Турцыя: Міністэрства замежных спраў Турцыі выступіла з рэзкім асуджэннем прапанаванага ЗША плана, назваўшы яго ў сваёй заяве «мёртванароджаным», «планам анексіі, нацэленым на ўзурпацыю палесцінскіх земляў і знішчэнне ідэі суіснавання дзвюх дзяржаў». Еўрапейскі Саюз: кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазеп Барэль завіў, што «прапанаваны ... ЗША план па Ізраілю і Палесціне дае магчымасць аднавіць намаганні па мірным вырашэнні канфлікту» і паабяцаў, што «ЕС вывучыць яго». У той жа дзень кіраўнік МЗС ФРГ Хайка Маас пракаментаваў, што «прадстаўлены ЗША план ... выклікае пытанні», у тым ліку «па ўключэнню бакоў канфлікту ў перамоўны працэс», а таксама з нагоды «міжнародна прызнаных параметраў і прававых пазіцый». 29 студзеня 2020 г. канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц вітаў абнародаванне амерыканскага плана і заклікаў Ізраіль і Палесціну «пачаць перамовы на аснове гэтай "Здзелкі стагоддзя"». Вялікабрытанія: прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, выступаючы 29 студзеня 2020 года ў Палаце абшчын брытанскага парламента, падтрымаў план, заявіўшы, што дакумент «не ідэальны, але ... прапануе вырашэнне пытання дзвюх дзяржаў, гарантуе, што Іерусалім будзе сталіцай як Ізраіля, так і для палесцінцаў». Расія: старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі раскрытыкаваў план ЗША, заявіўшы, што «план ... не ўтрымлівае ў сабе рэальнага рашэння, любая такая стратэгія павінна будавацца на перагаворным працэсе з удзелам Палесціны» і растлумачыў, што ў прапанаваным дакуменце «ніякага рашэння або рэальнай дарожнай карты для ўрэгулявання не праглядаецца». Ліга арабскіх дзяржаў: ЛАГ аднагалосна адхіліла план. У сумесным камюніке афіцыйныя асобы з 22 краін-членаў заявілі, што здзелка не прывядзе да справядлівага міру паміж абодвума бакамі, і ліга не будзе супрацоўнічаць з ЗША для яе рэалізацыі.
Зноскі
Катэгорыя:Падзеі 28 студзеня Катэгорыя:Студзень 2020 года Катэгорыя:Ізраільска-палесцінскі канфлікт Катэгорыя:Знешняя палітыка ЗША Катэгорыя:2020 год у палітыцы Катэгорыя:Першае прэзідэнцтва Дональда Трампа