Уладзі́мір Гео́ргіевіч Муля́він () — беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст Беларусі (1979), Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980), народны артыст СССР (1990), заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Біяграфія Нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў Свярдлоўску. Маці — Акуліна Сяргееўна Палычава, бацька — Георгій Арсенцьевіч Мулявін, абодва працавалі на заводзе «Уралмаш». Бацька пакінуў сям’ю, калі Уладзіміру было 3 гады. У дзіцячым узросце пачаў захапляцца музыкай і 12-гадовым пачаў граць на гітары.

У 1956 годзе — пасля школы паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, на аддзяленне струнных народных інструментаў. Быў выключаны з вучылішча за захапленне джазам, неўзабаве прыняты назад, але кінуў па ўласным жаданні. У 1959 годзе пазнаёміўся і ў 1960 годзе ажаніўся з Л. Крамальскай. У 1957—1963 гадах працаваў музыкантам у розных абласных філармоніях Урала і Сібіры.

У 1963 годзе прыехаў на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію разам з Л. Крамальскай. У 1964—1967 гадах служыў у 2-ой (музычнай) роце 34 палка 120-й дывізіі ва Уруччы (паблізу Мінска), потым — у Ансамблі Беларускай ваеннай акругі. У музычнай роце ў складзе інструментальнага ансамбля акампаніраваў вакальнаму квартэту, створанаму у вайсковай часці Валерыем Яшкіным, і ўпершыню заспяваў у ім.

Пасля сканчэння службы ў войску вярнуўся ў Беларускую дзяржаўную філармонію, пры якой у 1968 годзе стварыў вакальна-інструментальны ансамбль «Лявоны». У 1970 годзе ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна змяніў назву на «Песняры» і пад ёю перамог на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве.

У 1976 ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна гастраляваў у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

За значны ўнёсак у развіццё беларускага эстраднага мастацтва ў 2001 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года Уладзімір Мулявін трапіў у аўтакатастрофу. Праз 8 месяцаў, 26 студзеня 2003 года, памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Творчасць У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вакальны цыкл «Я не паэта…» (1981) і песенна-інструментальная кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я. Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» на словы У. Маякоўскага (1988), песенна-інструментальныя кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я. Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы беларускіх і расійскіх паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М. Багдановіча (1991), вакальная кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю. Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драматычных спектакляў і кінафільмаў.

Асабістае жыццё У 1960 годзе ажаніўся з Лідзіяй Кармальскай (працавала на сцэне ў жанры мастацкага свісту). У 1961 годзе ў іх нарадзілася дачка Марына, а ў 1975 годзе — сын Уладзімір (памёр у 2006 годзе), у 1975 годзе шлюб з Л. Кармальскай быў скасаваны.

Другі раз ажаніўся са Святланай Канстанцінаўнай Слізскай. У 1976 годзе ў іх нарадзілася дачка Вольга.

У 1981 годзе развёўся са С. Слізскай і ажаніўся з актрысай Святланай Пенкінай. У 1982 годзе ў іх нарадзіўся сын Валерый.

Старэйшы брат Уладзіміра Мулявіна — Валерый — загінуў на гастролях у Ялце ў 1973 годзе, малодшая сястра Наталля памерла ў Мінску ў 1998 годзе.

Узнагароды і прэміі Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1970) Лаўрэат фестывалю песні «Залаты леў» (Лейпцыг, 1973) Лаўрэат 2-га фестывалю палітычнай песні (Хельсінкі, 1978) Галоўны прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982) Медаль Францыска Скарыны (1994). Ордэн Францыска Скарыны (2001). 21 студзеня 2001 года ў Маскве на Алеі зорак закладзеная зорка ў гонар Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры».

Ушанаванне памяці У гонар Уладзіміра Мулявіна ў Мінску названы бульвар, там сама ўсталяваны яму помнік (скульптар А. Каструкоў, архітэктар С. Федчанка).

Ацэнкі Віталь Артыст, франтмен гурта «Без Билета», у 2011 годзе назваў Мулявіна «касманаўтам №1 у беларускай музыцы».

Літаратура

Галоўка С. Спрадвечны напеў Песняра // Беларуская думка. № 1. 2016. Мулявина М., Брилон О. Владимир Мулявин и Лидия Кармальская. Недосказанное… — Мн.: Альтиора-Форте, 2016. — 456 с.

Спасылкі Уладзімір Мулявін на pesnyary.com

Катэгорыя:Кампазітары Беларусі Катэгорыя:Народныя артысты СССР Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Польшчы Катэгорыя:Народныя артысты Беларускай ССР Катэгорыя:Гітарысты Беларусі Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Песняры Катэгорыя:Асобы на марках