Жан Нікала Арцюр Рэмбо (; Шарлевіль, 20 кастрычніка, 1854 — Марсель, 10 лістапада, 1891) — французскі паэт, які аказаў выключны ўплыў на паэзію сімвалізму і лічыцца адным з пачынальнікаў сюррэалізму.
Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся ў Шарлевілі ў Ардэнах — дэпартаменце ў паўночна-ўсходняй Францыі. У 16 гадоў пачаў пісаць вершы. Шмат разоў уцякаў з дому, вёў разбэшчанае жыццё. Некаторы час жыў у Парыжы з Полем Верленам, з якім меў інтымную блізкасць.
У Парыжы Рэмбо бярэ ўдзел у паўстанні Парыжскай камуны. У 1872 Поль Верлен кідае сям’ю і з’язджае з Рэмбо ў Лондан. Некаторы час, жывучы там, яны падарожнічаюць па Еўропе і расстаюцца ў Бруселі, пасля таго, як Верлен пад уздзеяннем абсэнту страляе ў Рэмбо з пісталета. Пасля расставання з Верленам Рэмбо вяртаецца дамоў.
Ён перастае пісаць і падарожнічае па свеце да 1880 года. Затым у Афрыцы (у Егіпце і Эфіопіі), а таксама ў Емене ён займаецца гандлем: прадае каву, скуру і зброю.
У лютым 1891 года Рэмбо вяртаецца ў Францыю, дзе яму ампутуюць нагу з-за ракавай пухліны. Рэмбо памірае ў марсельскім шпіталі 10 лістапада 1891 года. Пахаваны ў Шарлевілі.
Творчасць У першых вершах Рэмбо адчуваецца ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), ладзяцца смелыя эксперыменты з гукамі і паэтычнымі вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), пішуцца знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысціянскай набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»). Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэтычнага яснабачання, Рэмбо імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кніга вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кніга «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет.
На беларускую мову асобныя яго вершы перакладалі Р. Барадулін, А. Мінкін, Я. Семяжон, М. Федзюковіч.
Бібліяграфія П’яны карабель / Le bateau ivre (1871) Лета ў апраметнай / Une Saison en Enfer (1873) Азарэнні / Les illuminations (1874)
Беларускія пераклады «Выбранае» / Перакл. А. Хадановіча. Мн., 2018. («Паэты планеты»). У кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971; У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977; У кн.: Кахаць — гэта значыць… Мн., 1986.
Літаратура Хадановіч А. Рэмбо // БелЭн у 18 т. Т. 14. Мн,, 2002.
Спасылкі
Мацней за алкаголь, грамчэй ад вашых лір!.. Верш Арцюра Рэмбо «Баль шыбенікаў» у перакладзе Андрэя Хадановіча Парыская оргія Верш Арцюра Рэмбо «П’яны карабель» у перакладзе М. Інфоліякрата Верш «Той, хто спіць у лагу» ў перакладзе С. Ліхадзіеўскага Музей Рэмбо ў Шарлевіле Арцюр Рэмбо. Выбраныя творы Біяграфія і паэзія Біяграфія, бібліяграфія, крытыка Фатаграфія Арцюра Рэмбо ў сталым узросце. Адэн, 1880 год THE QUIET LIFE A collection of photos and drawings of Arthur RİMBAUD Edited by Beyaz Arif AKBAS Yalnizgoz BOOKS/Edirne 2011 USA ISBN 9781468018011
Катэгорыя:Паэты Францыі Катэгорыя:Франкамоўныя паэты Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Францыі Катэгорыя:Сімвалісты Катэгорыя:Нарадзіліся ў дэпартаменце Ардэны Катэгорыя:Памерлі ў Марселі Катэгорыя:Памерлі ад раку косці