Дынабургскі замак (, ) — замак у Наўенскай воласці Латгаліі (Латвія), паблізу сучаснага Даўгаўпілса. Пабудаваны лівонскім ландам Тэўтонскага ордэна паміж 1273—1277 гадамі, разбураны маскоўскімі войскамі да 1577 года. Рэшткі замка даступны для наведвання.
Гісторыя
У 1273 годзе лівонскі ландмайстар збудаваў замак Дынабург ва ўладаннях вялікага літоўскага князя Трайдзеня. Замак меў стратэгічнае значэнне — служыў базай для рэзаў Ордэна на цэнтральную Літву, каб прымусіць Трайдзеня адмовіцца ад падтрымкі земгалаў, што змагаліся з лівонцамі. У 1277 годзе Трайдзень пачаў аблогу замка. За месяц здзейснена чатыры пробы штурму абложнымі вежамі, аднак Трайдзень вымушаны быў адступіць. У адказ ландмайстар фон Ратцэбург арганізаваў у 1278 годзе беспаспяховы паход углыб Літвы, які скончыўся разгромам лівонцаў пад Ашэрадэнам (цяперашняе Айзкраўклэ).
У XIV—XVI стагоддзях Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўская дзяржава некалькі разоў разбуралі замак, але кожны раз яго адбудоўвалі: у 1313 годзе замак перабудаваны ландмайстрам Герхардам фон Ёркам; у 1396 годзе літвіны разбурылі замак, але Ордэн яго аднавіў; у 1403 годзе вялікі літоўскі князь Вітаўт уварваўся ў Латгалію і разбурыў Дынабургскі замак, пасля чаго крыжакі яго аднавілі; у 1418 годзе Вітаўт зноў захапіў і спаліў замак; у 1481 годзе замак здабылі войскі вялікага князя маскоўскага Іван Васілевіча; у 1558 годзе вялікі князь маскоўскі Іван Грозны пачаў Лівонскую вайну, у 1559 годзе яго войскі ненадоўга захапілі замак; у 1561 годзе паводле Віленскай уніі Лівонія была падзелена, і Латгалія адышла да Вялікага Княства Літоўскага. Пасля Люблінскай уніі 1569 года гэтыя землі сталі супольным уладаннем Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Дынабургскі замак стаў адміністрацыйным цэнтрам рэгіёна і сядзібай каталіцкага біскупа; у 1577 годзе Іван Грозны захапіў замак і загадаў зруйнаваць яго да зямлі. Пасля зыходу маскавітаў з прычыны моцнага разбурэння паселішча перанесенае на 19 км ніжэй па цячэнні Дзвіны, дзе цяпер сучасны Даўгаўпілс. Кароль Стэфан Баторый вырашыў не перабудоўваць стары замак, які страціў былое стратэгічнае значэнне. у 1671 годзе была спроба перабудовы замка, але ён канчаткова быў разбураны ў часе Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721). Рэшткі муроў разбураны ў 1811—1829 гадах.
Гл. таксама Спіс замкаў Латвіі
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Замкі Латвіі Катэгорыя:Даўгаўпілскі край Катэгорыя:Гісторыя Даўгаўпілса Катэгорыя:Замкі Лівонскага ордэна Катэгорыя:XIII стагоддзе ў Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1275 годзе