Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі () — беларускі прадпрымальнік, відэаблогер, аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» (), грамадскі і палітычны дзеяч, палітвязень.
Біяграфія Нарадзіўся 18 жніўня 1978 года ў Гомелі. Скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Прадпрымальнік, стваральнік студыі «Компас Прадакшн», якая дзейнічае ў галіне відэаздымкаў. У асноўным дзейнічае ў Расіі і Украіне.
Свой YouTube-канал стварыў 11 сакавіка 2019 года. У сваім блогу распавядае пра жыццё ў Беларусі.
6 мая 2020 года, за 2 дні да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, быў затрыманы міліцыяй ля горада Магілёва і змешчаны на 15 сутак арышту ў Гомелі паводле рашэння суда Савецкага раёна Гомеля за ўдзел у акцыі пратэсту, якая адбылася 20 снежня 2019 года. 7 мая на канале Сяргея Ціханоўскага на сэрвісе відэаматэрыялаў «YouTube» быў размешчаны відэазапіс, у якім ён распавёў аб сваім намеры вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты.
Для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты павінна быць зарэгістравана ініцыятыўная група. 15 мая, у апошні дзень прыёму дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разгледзела дакументы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. Сяргей Ціханоўскі у гэты час адбываў арышт, і дакументы на рэгістрацыю прадаставіла паводле даверанасці яго жонка Святлана Ціханоўская. Камісія адмовіла ў рэгістрацыі па той прычыне, што ў дакументах не было яго подпісуsvaboda.org.
20 мая закончыўся тэрмін 15-суткавага арышту. Паколькі зарэгістравалі групу Святланы Ціханоўскай, Сяргей стаў кіраўніком гэтай групы.
29 мая ў Гродне Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу ў часе перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню — заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, умяшальніцтва і затрыманне Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазволілі беларускім праваабаронцам зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя і прызнаць яго палітычным зняволенымspring96.org.
30 мая стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых былі змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама. Затым адбыліся ператрусы ў офісе Ціханоўскага, доме яго маці, а таксама на лецішчы, дзе сілавікі нібыта знайшлі $900 тысячnashaniva.by. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак)nashaniva.by.
29 чэрвеня міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Сяргея Ціханоўскага, а таксама некалькіх іншых арыштаваных апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення.
Працоўная група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН разгледзела ў 2021 годзе скаргу, пададзеную адвакатамі, і прыйшла да высноў, што Сяргея Ціханоўскага затрымалі па сфабрыкаваным абвінавачанні. Яго арышт прызнаны пераследам палітычнага апанента. Праўнікі ААН запатрабавалі вызваліць Сяргея Ціханоўскагаpolskieradio.pl.
14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні ў следчым ізалятары прысудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінаваўчыя прысуды таксама вынесены Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу.
У 2022 годзе «Amnesty International» заклікала спыніць жорсткае абыходжанне з Сяргеем Ціханоўскім і вызваліць ягоamnesty.org.
21 чэрвеня 2025 года вызвалены пасля амаль 5 гадоў калоніі. У гэты ж дзень перапраўлены ў Вільню да жонкі Святланы і дзяцей.
Крыніцы
Спасылкі «Страна для жизни»
Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Відэаблогеры Катэгорыя:Блогеры Беларусі Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі імя Сахарава Катэгорыя:Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Святлана Ціханоўская Катэгорыя:Ютуберы Беларусі