Беларуская рэгіянальная арганізацыя «РНА» () — аддзяленне нацысцкага руху «Рускае нацыянальнае адзінства» (Санкт-Пецярбург, Расія) у Беларусі, заснаванае ў 1994 годзе ў Мінску. Дзейнічае без дзяржаўнай рэгістрацыі.
Мэты Беларускае аддзяленне РНА стаіць на пазіцыях культурна-моўнага рускага нацызму.
Гісторыя 16 кастрычніка 1990 года былы электраслесар Аляксандр Баркашоў стварыў у Маскве рух «Рускае нацыянальнае адзінства» («РНА»). У 1993 г. прадстаўнікі «РНА» ўпершыню прыехалі ў Мінск на канцэрт рускага барда Булата Акуджавы (1924—1997), дзе пазней прыцягнулі юнакоў да раздачы сваёй прапагандысцкай літаратуры каля будынка Беларускай дзяржаўнай філармоніі на плошчы Якуба Коласа.
Так званае «Беларускае аддзяленне» з’явілася ў 1994 годзе. У верасні 1994 г. рускамоўная газета «Мужчынскі клуб» выдала інтэрв’ю з кіраўніком аддзялення «РНА» ў Беларусі Андрэем Вавуліным. 17 лістапада 1995 г. мінскі гарадскі клуб «Колаварот», які быў суполкай «РНА», атрымаў улік ва ўпраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама і меў у якасці задачаў «паляпшэнне маральнага клімату горада, умацаванне сацыяльнай абароненасці грамадзян». На люты 1999 г. суполкі «РНА» існавалі ў 11 гарадах Беларусі.
10 мая 1999 года беларускія баркашоўцы падалі дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, але дагэтуль ім у гэтым адмаўляюць. Заснавальнікам «беларускага рэйха» быў Глеб Самойлаў, якому ў той час было 18 гадоў. 5 жніўня 2000 года ён быў забіты ў сваім пад’ездзе трыма нажавымі ўдарамі ў грудзі. Забойца пакуль не знойдзены. Следства падазрае, што заказчыкам гэтага злачынства мог быць Валерый Ігнатовіч — былы паплечнік Самойлава.
Афіцыйна з 11 лістапада 2001 года арганізацыю ўзначаліў выхадзец з Гродна Андрэй Саковіч, якому ў той час было 28 гадоў.
Найбольш актыўна РНА дзейнічае на ўсходзе Беларусі. Улетку 2007 года кіраўніца Віцебскага лялечнага тэатра Вікторыя Дашкевіч атрымлівала лісты з подпісам РНА — з патрабаваннем перавесці рэпертуар на рускую мову. Дашкевіч накіравала ў сувязі з лістом скаргу ў праваахоўныя органы, аднак улады адмовіліся распачаць крымінальную справу. Ліставаныя пагрозы ад РНА атрымлівалі і журналісты газеты «Витебский курьер».
Надпісы «РНА» часта з’яўляюцца ў Курапатах — імі суправаджаліся акты пашкоджання мемарыяльнага ўшанавальнага знаку і лавы Клінтана. Фашысцкую свастыку з пазнакай «РНЕ» часта можна ўбачыць і на яўрэйскіх могілках, на помніках ахвярам Халакосту.
У чэрвені 2007 года кіраўніца Віцебскага аддзялення АГП атрымала ліст ад РНА з пагрозай асабістай расправы, калі яна не спыніць сваю апазіцыйную дзейнасць. 16 жніўня 2007 актывісты апазіцыйнай Партыі БНФ знайшлі пры ўваходзе ў сядзібу партыі макет выбуховай прылады з эмблемай РНА, якая нагадвае свастыку, і з пачкам улётак РНА. РНА заявіла, што не падкладала макет прылады.
Вядомы толькі адзін выпадак, калі актывіст РНА трапіў пад суд: у Гомелі 6 месяцаў зняволення атрымаў нехта Якаўчук, пакараны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Назіральнікі адзначаюць, што пасля смерці ў 2000 годзе тагачаснага лідара беларускага філіяла РНА Самойлава, арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, цяпер у РНА ўсяго некалькі дзясяткаў актывістаў.
Спасылкі
Катэгорыя:Палітычныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:1994 год у Беларусі Катэгорыя:Рускі нацыяналізм Катэгорыя:Неанацызм Катэгорыя:Нацыяналістычныя арганізацыі