Паўднёва-Афрыка́нская Рэспу́бліка (ПАР) — краіна ў Паўднёвай Афрыцы. Самая паўднёвая краіна кантынента і ўсяго Старога Свету. На поўначы мяжуе з Намібіяй, Батсванай і Зімбабвэ, на паўночным усходзе — з Мазамбікам і Эсваціні; цалкам акружае дзяржаву Лесота. У ПАР тры сталіцы: Прэторыя (адміністрацыйная), Кейптаўн (заканадаўчая), Блумфантэйн (судовая). Самы вялікі горад краіны Яганэсбург.

Тэрыторыю ПАР займаюць пласкагор’і Вельда і Кару, на поўдні і ўсходзе ляжаць горы. Нетры ПАР багатыя вуглём, рудамі чорных і каляровых металаў, алмазамі. Кліматычныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет надзіва разнастайныя, кожны куток краіны непаўторны. Найбуйнейшая рака — Аранжавая.

Першымі жыхарамі паўднёваафрыканскай зямлі былі кайсанскія плямёны, за імі следам з’явіліся банту. Еўрапейская каланізацыя пачалася ў 1652 галандскаю (бурскаю) хваляю, якую падчас залатой ды алмазнай ліхаманак захлынула хваля англійская. У 1899—1902 у Паўднёвай Афрыцы адгрымела англа-бурская вайна. З 1910 краіна вядомая як Паўднёва-Афрыканскі Саюз. У 1931 атрымлівае фактычную незалежнасць. У другой палове ХХ ст. за палітыку апартэіду доўгі час (1948—1990) была ізгоем у сусветнай супольнасці. Грамадзянскае супраціўленне чарнаскурай большасці на чале з Нельсанам Мандэлам і АНК прывялі да адмены апартэіду і дэмакратызацыі краіны.

У ХХ-ХХІ ст. ПАР застаецца адной з нешматлкіх афрыканскіх краін, што не зведалі ані дзяржаўных пераваротаў, ані грамадзянскіх войнаў. Сённяшняя ПАР — маладая дэмакратыя, унітарная парламенцкая рэспубліка. Складаецца з 9 правінцый. Член Афрыканскага саюза.

У ПАР жыве 57 млн чал (2018), гэта 24 месца ў свеце. Адна з самых этнічна неаднародных краін кантынента, епіскап Дэсманд Туту адлюстраваў гэта ў метафары «Вясёлкавая нацыя». Найбуйнешыя расава-этнічныя групы: чарнаскурыя банту (зулу, коса), каля 80 %; белыя афрыканеры; «каляровыя» (мультыэтнічная група); індыйцы. У ПАР 11 дзяржаўных моваў. Большасць вернікаў — хрысціяне.

Самая развітая краіна Афрыкі. Адзіная краіна мацерыка, якая мае сучасную дыверсіфікаваную самадастатковую эканоміку. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка адносіцца да групы краін з прыбыткам вышэйшым за сярэдні. Пры гэтым вялікая колькасць паўднёваафрыканцаў жыве ў беднасці. ПАР уваходзіць у БРІКС і G20.

Этымалогія Сваёю назвай ПАР абавязана геаграфічнаму становішчу на паўднёвым ускрайку Афрыкі. Ад пачатку існавання (з 1910) краіна звалася Паўднёва-Афрыканскім Саюзам, што адлюстроўвала форму аб’яднання чатырох фармальна асобных калоній. У 1961 годзе дзяржава стала называцца Рэспублікай Паўднёвай Афрыкі. У 1994 былі зацверджаны назвы на 11 афіцыйных мовах ПАР, у тым ліку, South Africa на англійскай і Republiek van Suid-Afrika на мове афрыкаанс. Некаторыя прыхільнікі панафрыканізму практыкуюць тапонім «Азанія».

Геаграфічнае становішча

Займаючы плошчу 1,22 млн кв.км., ПАР з’яўляецца 25-й па велічыні тэрыторыі краінай свету. Самая паўднёвая дзяржава кантынента. Менавіта тут знаходзіцца паўднёвая кропка Афрыкі — мыс Іголкавы, а за 100 км на захад — яшчэ болей знакаміты мыс Добрай Надзеі. На працягу 2500 км абмываецца параўнальна халоднымі водамі Атантычнага акіяна на захадзе і Індыйскага — на ўсходзе. На поўначы мяжуе з Намібіяй (частка мяжы ідзе па рацэ Аранжавая), Батсванай і Зімбабвэ (часткова па рацэ Лімпопа), на паўночным усходзе з Мазамбікам і Эсваціні; а яшчэ цалкам акружае невялічкую Лесота, якая з’яўляецца прыкладам класічнага анклава.

Прырода

Большая частка тэрыторыі краіны ўяўляе сабой высокае (ад 1000 на захадзе да 2100 м на ўсходзе) і амаль плоскае Цэнтральнае плато, што абрываецца да поўдня і ўсходу Вялікім Уступам. Усходняя, найбольш стромая і расчлененая чатка Уступа, вядомая пад назвай Драконавых гор. Менавіта тут знаходзіцца найвышэйшая кропка краіны — гара Матадзі (3450 м). На поўдзень ад паўднёвай стромы Уступа паралельна берагу працягнуліся невысокія (да 2,5 км), ледзьве вышэйшыя за Цэнтральнае плато, старажытныя складкаватыя Капскія горы.

ПАР казачна багатая на рудныя карысныя выкапні — нетры краіны змяшчаюць вялізныя запасы золата, жалезных руд, медзі, марганцу; а таксама на алмазы і каменны вугаль. Бушвельдскі магматычны комплекс утрымлівае прыблізна 90 % вядомых сусветных запасаў металаў плацінавай групы, а менавіта, плаціны, паладыю, рутэнія і інш.

Клімат на большай частцы тэрыторыі ПАР трапічны: засушлівы на захадзе (ажно да пустыннага на паўночным захадзе) і вільготны на ўсходзе. Поўдзень краіны ляжыць у субтрапічным поясе, для заходняй часткі якога характэрныя міжземнаморскія рысы: гарачае сухое лета, прахалодная вільготная зіма; усходняя ж частка ляжыць у вільготнай вобласці, менавіта тут, ля падножжа Драконавых гор, знаходзіцца «полюс ападкаў» краіны са знакам +.

Палову краіны займае басейн ракі Аранжавая, што пачынаецца ў Драконавых гарах і ўпадае ў Атлантычны акіян. На рацэ Аранжавая размяшчаецца 146-метровы вадаспад Аўграбіс. Ападкадэфіцытныя раёны краіны адчуваюць недахоп у вадазабеспячэнні. Каб пазбегнуць дэфіцыту вады, асабліва пітной, на рэках будуюцца вадасховішчы. Аднак менавіта Кейптаўн апынуўся першым вялікім горадам планеты, які рызыкуе застацца зусім без вады.

Паводле агульнай біяразнастайнасці ПАР шостая на планеце. Раслінны свет гэтай зямлі настолькі багаты і самабытны, што біягеографам прыйшлося выдзеліць крайні поўдзень Афрыкі ў цэлае фларыстычнае царства — Капскае, адно з шасці ў свеце.

Уражвае стракатасць раслінных фармацый, што можна сустрэць у ПАР. Поўдзень Цэнтральнага плато і поўнач Капскіх гор займае Кару, хмызняковы стэп. На поўнач ландшафты Кару змяняюцца яшчэ болей сухімі фармацыямі Калахары. Крайні захад краіны займаюць паўпустыні Намакваленда: большую частку года безжыццёвыя, ўвесну яны красуюць неверагоднымі фарбамі. Усходняя, лепш увільготненая частка Цэнтральнага плато занятая саваннамі Высокага Вельда. На поўнач ад Высокага Вельда раскінуўся Бушвельд, што абрынваецца да даліны Лімпопа (Нізкі Вельд). Добра ўвільготненыя 300 км паласы паўднёвага узбярэжжа на мяжы Заходняга і Усходняга Кейпаў за шыкоўную вегетацыю атрымалі назву «Дарога садоў». Жывёльны свет ПАР класічны для саванавай Афрыкі, з вялікай разнастайнасцю мегафаўны.

У даліне Лімпопа на поўначы краіны знаходзіцца адзін з самых вялікіх і слаўных нацыянальных паркаў Афрыкі — парк Кругера плошчай 19 633 кв км.

Гісторыя

Старажытнае насельніцтва ПАР — кайсанскія народы: бушмены і гатэнтоты. Да пачатку XVII ст. большую частка тэрыторыі ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш.

Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—1488 гг. паўднёвую Афрыку, — партугальскі мараплавец Б. Дыяш. У 1652 годзе прадстаўнік галандскай Ост-індскай кампаніі Я. Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У выніку галандскай каланізацыі ўзнікла новая этнічная супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на мове афрыкаанс, вытворнай ад галандскай. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі распачалася супольнасць метысаў — т. зв. каляровых.

У пачатку XIX ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву (КваЗулу) з моцнай арміяй, што на працягу ХІХ ст. супрацьстаяла спачатку бурам, а потым — англічанам, якія ў 1879 годзе нанеслі зулу сакрушальную паразу і канчаткова ліквідавалі КваЗулу ў 1887 годзе.

У 1806 годзе Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брытанскім панаваннем прывяла ў 1836—1837 гг. да «Вялікага трэка» — перасялення часткі бураў на чале з П. Рэтыфам на свабодныя землі на поўначы, дзе былі створаны рэспублікі бураў: Наталь, якую Вялікабрытанія анексавала ў 1843 годзе, Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848 г.) і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Трансвааль, 1852 г.). У 1880-я гады ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 гг. Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты.

31 мая 1910 года Капская калонія, Наталь і былыя бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брытанскай Садружнасці. Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5 % насельніцтва краіны ў 1910 г.), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67 % насельніцтва). У 1913 годзе прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13 % тэрыторыі краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 годзе да ўлады Нацыяналістычнай партыі (НП), урад якой на чале з Дж. Герцагам (1924—1933 гг.) прыняў у 1924—1926 гг. законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 годзе ПАС атрымаў пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. Падчас Другой сусветнай вайны ўрад Смэтса (1939—1948 гг.) накіраваў на фронт больш за 300 тысяч чалавек, якія змагаліся ў складзе брытанскіх войск супраць Трэцяга Рэйха і фашысцкай Італіі.

З 1948 НП ажыццяўляла дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спецыяльныя пасяленні (лакацыі); у 1959 годзе ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21 сакавіка 1960 года паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве была забаронена буйнейшая афрыканская палітычная арганізацыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідары на чале з Н. Мандэлам арыштаваны. 31 мая 1961 года была абвешчана Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Новая дзяржава адразу выйшла з Садружнасці нацый. З-за палітыкі апартэіду, у 1962 годзе Генеральная асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканамічных санкцый і разрыву дыпламатычных адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б. Форстэра (1966—1978 гг.) афрыканскія рэзерваты былі аб’яднаны паводле этнічных прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын»), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) былі абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў.

І толькі ў канцы 1980-х Ф. В. дэ Клерк (прэзідэнт у 1989—1994 гг.) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 г. вызвалены Мандэла, які правёў у турме 27 гадоў, легалізаваны АНК і іншыя афрыканскія партыі. У 1991 г. апартэід быў скасаваны. У красавіку 1994 г. прайшлі першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідар Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—1999 гг.) намеціў асноўныя кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Адмена апартэіду прынесла дэмакратыю і роўнасць, аднак краіна сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі: беспрацоўем, ростам злачыннасці, міграцыяй белых кваліфікаваных кадраў. Да таго ж у пачатку ХХІ ст. Паўднёвая Афрыка стала эпіцэнтрам пандэміі СНІДу. Усё гэта спрычынілася да таго, што сярэдняя працягласць жыцця ў 1992—2005 скарацілася на 10 год, за ёй упаў і ІЧР. Канец 2000-х прайшоў пад знакам ксенафобіі і сутычак з мігрантамі, у выніку якіх загінулі дзясяткі людзей.

У 2010 ПАР прымала Чэмпіянат свету па футболе. У 2011 краіна далучылася да БРІКС.

Дзяржаўны лад

ПАР — парламенцкая рэспубліка. Пры гэтым, у адрозненне ад большасці парламенцкіх рэспублік, прэзідэнт ПАР узначальвае яшчэ і ўрад краіны. Прэзідэнт абіраецца са складу партыі, што перамагла ў парламенцкіх выбарах адразу пасля іх правядзення. Такім чынам, пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў лідара дзяржавы супадае з часам дзеяння новага складу парламента.