«Ве́тах» — беларускі гурт дударскай музыкі, утвораны Вячаславам Калацэем у 1997 годзе. Ветах — традыцыйная назва Месяца ў трэцяй квадры.

Гісторыя Адпачатку «Ветах» мае ўласную спеўную дзіцячую групу-спадарожнік і супрацоўнічае са спеўна-харэаграфічным гуртам «Верас» Таццяны Пладуновай. Апошнім часам выхаванцы абодвух гуртоў усё больш актыўна дапамагаюць заснавальнікам «Ветаху» і з'яўляюцца хутчэй іх калегамі, чым вучнямі па фальклорным руху. Ад стварэння рэпертуар гурта — каляндарныя і працоўныя песні, дударская і смычковая музыка, гульні, абрады і танцы паўночнай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Іх пераймаюць як з фанаграм і відэазапісаў аўтэнтычных вясковых выканаўцаў, так і выяжджаючы ў фальклорныя экспедыцыі. Стылістычна вынік творчай дзейнасці гурта — т. зв. «пост-фальклор», другасныя формы каранёвай руральнай культуры, якія існуюць ва ўмовах горада. Гурт рэгулярна выяжджае з Мінску, дзе са старэйшымі носьбітамі традыцыі і аднагодкамі-жыхарамі мясцовых вёсак спраўляе каляндарныя абрады. Ім абавязкова адзначаюцца святы «Сонечнага крыжа» (Вялікдзень, Купалле, Дзяды, Каляды). З 2001 года тры-чатыры разы ў сезон (напярэдадні асноўных фальклорных свят) «Ветах» дае вялікі канцэрт-вечарыну з танцавальнай дударскай музыкай у мінскіх клубах (гэтая з'ява вядома як «Музычная вандроўка па Крывіі без баяна»). Публіка, што збіраецца на вечарыну, мае магчымасць вывучыць народныя гульні і танцы Беларусі, узяць удзел у выкананні старажытных рытуальных песень.

Музычныя інструменты Для акампанементу ўдзельнікі гурту выкарыстоўваюць: акарыну (керамічны аэрафон), флейту, скрыпку, гуслі (майстры Вадзім Пархімовіч, Алесь Жукоўскі), дуду (майстaр Віктар Кульпін), розныя віды ўдарных. Гурт «Ветах» неаднаразова ўдзельнічаў у эфірах радыёклуба «Фальклор» на Радыё-1 Беларусі, выступаў на розных канцэртных пляцоўках Беларусі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі і Францыі з такімі выканаўцамі, як Laiksne, Ліцвіны, Госціца, Наталля Матыліцкая, Guda, Kuokle, Musica Radicum, Reketukas, Meguva, Cerulites, Kapela dudarska «Manugi», Kapela Dudziarzy Wielkopolskich.

Дыскаграфія «Тэмпаральнасць» (CD, май 1999) «Страла» (CD, чэрвень 2004) «Vietah Live on DVD» (DVD, ліпень 2006) «Vietah in an Acid Childhood» (CD, снежань 2007) «Дуды Юр’я зімовага» (DVD, люты 2008) «Сонца — на лета, зіма — на мароз!» (DVD, май 2010)

Спасылкі Афіцыйная хатняя старонка

Катэгорыя:Музычныя калектывы Беларусі Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 1997 годзе Катэгорыя:Фолк-гурты Беларусі