Белая Натапа — рака ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Чорная Натапа (на правабярэжжы Сажа ў басейне Дняпра).
Назва У гэтай мясціне абапал Сажа назвы Белая Натапа і Чорная Натапа адлюстроўваюць асаблівасць называння суседніх рэк або ракі з яе прытокам. Перад Рослаўлем у раку Асцёр (левы прыток Сажа) адна за другой уцякаюць Белая Рыдага і Чорная Рыдага (< Rūdaga «Рудая (рака)»В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 157, 205.). Ніжэй па цячэнні Астра прыток Белая Немка ўцякае ў раку Немку (найверагодней раней Чорная Немка).
Таксама, у раку Сожанку (цячэ паралельна ніжняму цячэнню ракі Асцёр) адна за другой уцякаюць Чорная Натапа і Крапіўна (з другога, левага боку Сажа ад Чорнай Натапы і Белай Натапы).
Назва Натапа (< *Nat-ap-) балцкага паходжання, складаецца з дзвюх асноў. Першая аснова звязаная з прускім *nātis, латышскім natre, natra, літоўскім noterė, notra «крапіва»В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 171, 197..
Назва Крапіўна на сожскім левабярэжжы — найімаверней пераклад ранейшай назвы «(Белая) Натапа».
Другая аснова ў назвах Натапа звязаная з прускім api «рака», літоўскім upė. Яна ж у такіх двухасноўных балцкіх гідронімах на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі, як Няропля «Глыбокая рака», Каспля «Камарыная рака» (на Верхнім Падзвінні), Жукопа «Рыбная рака» (у вярхах Волгі). Таксама і ў аднаасноўных гідронімах Упа (прыток Акі), Вопь (прыток Дняпра), Упінка (прыток Сажа каля Хіславічаў), якія значаць «Рака» або «Паўнаводная».
Назва Натапа значыць «Крапіўная рака». Тапанімічны комплекс «Белая Натапа — Чорная Натапа» паўтараўся паабапал цячэння Сажа.
Гідраграфія Даўжыня 50 км. Плошча вадазбору 235 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,3 м³/с Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,2 м/км.
Пачынаецца за 1,2 км на ўсход ад вёскі Багацькаўка, вусце каля вёскі Кашаны. Прытокі — Альхоўка, Дамалка, невялікія ручаі і канавы (Дзедавец інш.).
Даліна складаная, у прырэчышчавай частцы скрынкападобная. Абалона вузкая. Рэчышча звілістае, у вярхоўі на 20,5 км і ў сярэдняй плыні на 2,9 км каналізаванае; шырыня ў вярхоўі 3—5 м, ніжэй вёскі Лапаціна 10—12 м. Берагі абрывістыя, вышынёй 2—3 м.
На рацэ вёскі Падсолтава, Мазалава, Новае Сяло, Лапаціна, Добрае.
У рацэ водзяцца шчупак звычайны, плотка, акунь, пячкур і іншыя віды рыб.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Ліст карты N-35-76. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1985 г. Ліст карты N-35-76. Выданне 1982 г. Шарухо И. Н. География Могилёвской области: Пособие / Г. Ридевский, В. Хомяков, И. Шарухо и др.; под ред. И. Н. Шарухо. — Могилёв: МГУ им. А. А. Кулешова, 2007. — 328с.
Катэгорыя:Басейн Сажа Катэгорыя:Рэкі Мсціслаўскага раёна