Аляксей Пятровіч Груца (9 мая 1924, вёска Пішчыкі, Сваташыцкая воласць, Горацкі павет, Смаленская губерня — 27 лютага 2017, Мінск) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971).
Біяграфія Пасля заканчэння ў 1941 г. 1-ай Дубровенскай сярэдняй школы працаваў па гаспадарцы, а ў лютым 1944 года быў вывезены немцамі на прымусовыя работы ў Германію, адкуль быў вызвалены англійскімі войскамі ў красавіку 1945 года. З верасня 1945 да красавіка 1947 г. знаходзіўся на службе ў арміі, пасля завяршэння якой вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Удзельнічаў у дыялекталагічных экспедыцыях па збіранні матэрыялаў для Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам у г. Мінску і абараніў дысертацыю кандыдата філалагічных навук.
У 1957 г. перайшоў на працу ў Інстытут мовазнаўства ў групу па ўкладанні «Беларуска-рускага слоўніка» (1962) і па стварэнні «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». За гэту працу ў ліку іншых суаўтараў у 1971 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. У 1969 годзе Аляксей Груца паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю.
З верасня 1969 года Аляксей Груца працаваў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, спачатку на пасадзе прафесара, пазней — загадчыка кафедры.
Творчасць Кола цікавасцей Аляксея Груцы — сінтаксіс беларускай мовы, дыялектная лексіка, гісторыя мовы, лексікаграфія, параўнальна-гістарычныя даследаванні, розныя ўзроўні моўнай сістэмы беларускай, рускай і стараславянскай моў, напісаў і апублікаваў каля 150 навуковых і метадычных прац па разнастайных пытаннях беларускага мовазнаўства, у тым ліку ў замежных выданнях «Slawia orientalis» (Warszawa), «Slavia» (Praha), «Slavica Slovaca» (Bratislava). Суаўтар фундаментальнай працы «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1969), шматтомнага «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», пяцітомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы» (1993—1997).
Узнагароды Разам з іншымі супрацоўнікамі Інстытуту мовазнаўства адзначаны ў 1971 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР за шэраг калектыўных прац па беларускай лінгвагеаграфіі: «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—1969).
Сям’я Бацька — Пётр Паўлавіч Груца ( вёска Пішчыкі — 27 красавіка 1961, Пішчыкі), Застаўшыся на звыштэрміновую службу ў войску, у Першую сусветную вайну фельдфебель Пётр Паўлавіч стаў кавалерам Георгіеўскага крыжа IV, III і II ступеняў. Па сканчэнні 10 ліпеня 1916 г. курса 2-й Араніенбаумскай школы прапаршчыкаў даслужыўся да штабс-капітана ў 1917 годзе. Маці — Матрона Цімафееўна ( Дабрынь — 1957, Пішчыкі.) Жонка — Юзэфа Станіславаўна Лешка нарадзілася ў Мінску ў 1923 годзе. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, працавала настаўніцай школы № 27 у Мінску. Сын — Сяргей Груца (14 ліпеня 1957) — кандыдат фізіка-матэматычных навук. Сын — Ігар Груца (7 студзеня 1960 г.) — кандыдат гістарычных навук, выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Кнігапіс
Крыніцы
Літаратура Груца Аляксей Пятровіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.— 655 с. — С. 165. — С. 467. Груца, Аляксей Пятрович. // — С. 513. — С. 277. С. 214.
Спасылкі https://bis.nlb.by/ru/documents/130903 Беларусь у асобах і падзеях
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Дубровенскім раёне Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка