Ь, ь (мяккі знак) — літара кірыліцы. Выкарыстоўваецца ў большасці славянскіх кірылічных алфавітаў: 28-я ў балгарскім (дзе называецца «ер малък», ), 29-я ў беларускім, 30-я ў рускім і 31-я ва ўкраінскім (перамешчаная на цяперашняе месца ў 1990 годзе, а была апошняй). Самастойнага гука не абазначае, можа разглядацца як дыякрытычны знак, які мадыфікуе значэнне папярэдняй літары.

Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Ь («ер»). У стараславянскай і старажытнарускай мовах абазначала рэдукаваны галосны гук, блізкі да е, а на канцы слоў — мяккасць папярэдняга зычнага (дьржати, дьнь). Пасля падзення рэдукаваных у XII—XIII стагоддзях стала замяняцца ў сярэдзіне слоў літарай е (держати, день). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала мяккасць зычных (лебедь, письмо), толькі ў творах канфесіянальнай літаратуры часам па традыцыі пісалася на месцы былых рэдукаваных (сльза, тьнь). Лічбавага значэння не мела. У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму.

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове літара ь (мяккі знак) выступае як змякчальны (колькі — [кол’к’і], соль — [сол’]) і раздзяляльны (браканьер — [бракан’йэр], лью — [л’йу]) знак. Бывае вялікая і малая.

Іншыя мовы Ва ўкраінскай мове таксама выкарыстоўваецца ў спалучэнні ьо, якое адпавядае беларускай літары Ё пасля зычных. У сучаснай балгарскай арфаграфіі толькі так і выкарыстоўваецца.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт