Рыкса Баляслаўна або Рыхеза (, ; 1116 — пасля 25 снежня 1155) — каралева шведская.
Біяграфія Дачка польскага князя Баляслава Крывавустага і Саламеі фон Берг-Шэлклінген.
У 1127—1129 гадах выдана замуж за Магнуса Моцнага, сына дацкага караля Нільса. Магнус прэтэндаваў на каралеўскі сталец Швецыі, хоць быў абраны толькі гётамі і яго ўлада распаўсюджвалася толькі на Вестэргёталанд. Шлюб быў заключаны як саюз Даніі і Польшчы для барацьбы з вендамі — саюзнікамі Кнуда ЛавардаАбстракт статьи De russiske ægteskaber. Dynasti- og alliancepolitik i 1130ernes danske borgerkrig, John Lind, Historisk Tidsskrift 92:2, 225—261..
Забойства Кнуда Лаварда стала прычынай грамадзянскай вайны ў Даніі, у якой прыхільнікі караля пацярпелі паразу. Пасля гібелі Магнуса ў бітве каля бухты Фоцевік, Рыкса разам з сынам Кнудам імаверна вярнулася ў Польшчу, дзе ў 1135/1136 годзе выйшла замуж за Валадара Глебавіча з роду Ізяславічаў Полацкіх, будучага князя менскага (1151—1159, 1165—1167). Такім чынам сфармаваўся саюз Баляслава III з полацкімі князямі супраць Эрыка II і спадчыннікаў Уладзіміра Манамаха (у прыватнасці, наўгародскага князя Усевалада Мсціславіча). Адной з мэт новага альянсу была падтрымка дамаганняў сына Рыксы і Магнуса на каралеўскі сталец Даніі. Аднак пасля выгнання Усевалада з Ноўгарада (1136), смерці Эрыка II (1137) і Баляслава III (1138) саюз распаўся, неўзабаве распаўся і шлюб.
Пасля адрачэння Эрыка III у 1146/1147 годзе, Кнуда абралі каралём у Ютландыі. У 1140-х гадах Рыкса развялася з Валадаром, яе наступны шлюб (пасля 1143 года, імаверна ў 1147/1148 годзе) з аўдавелым каралём Швецыі Сверкерам, магчыма, звязаны са стварэннем кааліцыі якраз для падтрымкі Кнуда.
Дачка Валадара -- Сафія, ініцыятывай яе аднаўтробнага брата, сына Рыксы -- дацкага караля Кнуда Магнусана, у 1154 годзе заручана з дацкім каралём Вальдэмарам Кнудсанам, а ў 1157 годзе ўзяла з ім шлюб.
Памерла Рыкса пасля 25 снежня 1155 года, напэўна, у Кракаве.
Крыніцы
Літаратура https://www.academia.edu/44775392/
Катэгорыя:Пясты Катэгорыя:Пахаваныя ў Эстэргётландзе Катэгорыя:Жонкі кіраўнікоў XII стагоддзя