Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — літаратурны і мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, народнага паэта БССР Янкі Купалы. Заснаваны ў 1944 годзе. Адкрыты для наведвальнікаў 20 верасня 1945 года. Музей знаходзіцца ў Мінску па вул. Янкі Купалы, 4, на месцы былога дома паэта. Мае філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына. Адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі, які даследуе, збірае і інтэрпрэтуе літаратурную спадчыну народнага паэта, класіка беларускай літаратуры.

Гісторыя Заснаваны музей у Мінску ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў БССР ад 19 мая 1944 года пры Акадэміі навук БССР і да 1962 года ўваходзіў у яе сістэму. Збіральнікам музейных рэліквій была жонка Янкі Купалы — Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, стваральнік і першы дырэктар музея. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках і захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго саратнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавым калекцыям музея. Яго дзейнасць з 1945 года была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.

Спачатку музей размяшчаўся ў будынку былога Дома прафсаюзаў. Тут 20 верасня 1945 года была адкрыта першая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы, якая дала магчымасць азнаёміць наведвальнікаў са спадчынай паэта. Асноўным напрамкам дзейнасці музея на этапе станаўлення было фарміраванне пастаяннай экспазіцыі. Усё ўскладнялася тым, што дом паэта згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, а разам з ім быў знішчаны багаты архіў і бібліятэка. У гэты час знік і той архіў, які Янка Купала перадаў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна ў даваенныя гады. Летам 1949 года была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб пераводзе музея ў былы дом Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля рамонту ў гэтым будынку ў маі 1951 года была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала нешматлікія матэрыялы, сабраныя ў час вайны і першыя пасляваенныя гады. Яны далі магчымасць паказаць толькі дзве тэмы ў творчасці паэта — «Янка Купала — паэт і драматург» і «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве».

9 лістапада 1959 года музей пераехаў у спецыяльна пабудаваны для яго будынак па вуліцы Янкі Купалы (архітэктары І. І. Валадзько, В. М. Волчак). У новым будынку была створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта. Яна праіснавала да пачатку 1970-х гг.

У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 годзе музей перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР.

У 1973 годзе супрацоўнікі музею пачалі працу над новым экспазіцыйным праектам. Адметнай рысай гэтага праекта было тое, што ў экспазіцыі, акрамя літаратурнай, прадугледжвалася значная мемарыяльная частка: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасцёўня ў доме паэта, яго кабінет, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і іншае.

Новая экспазіцыя была створана за два гады. 5 мая 1976 года яна была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў. У 1990-я гады адбылася яе мадэрнізацыя, больш шырока было адлюстравана жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920—1930 гг.

У 2007 годзе да 125-годдзя паэта абноўлены залы, прысвечаныя тэмам: «Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці» і «Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта». Таксама ў 2007 годзе дырэктаркай музея прызначана Алена Ляшковіч, пад яе кіраўніцтвам абноўлена экспазіцыя музея, рэалізавана шмат праектаў.

У 2012 годзе (да 130-годдзя паэта) створана стацыянарная экспазіцыя «Шляхі». Галоўнай яе мэтай з’яўляецца паказ жыцця і творчасці Янкі Купалы ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, ролі пісьменніка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Стваральнікі экспазіцыі імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць гісторыю шляхецкага роду Луцэвічаў, фальклорныя і біблейскія вытокі творчасці, філасофска-грамадзянскую пазіцыю паэта і драматурга, стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства.

Упершыню ў экспазіцыі беларускага музея з’явіліся новыя тыпы мультымедыйных сістэм, такія як праекцыйная музейная экспазіцыя з дэманстрацыяй тэматычных відэакліпаў у трохмерным вымярэнні (фармаце 3D), touch-манітор, які выконвае функцыю інфакіёска, змест якога складаюць чатыры віртуальныя туры па філіялах музея і электронная кніга ганаровых гасцей.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў музея выйшаў 14 жніўня на акцыю пратэсту супраць гвалтуНацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы таксама пратэстуюць..

4 студзеня 2022 года па ініцыятыве наймальніка звольнена дырэктарка музея Алена Ляшковіч, паводле Reform.by са спасылкай на яго крыніцы ў музейных колах, прычынай звальнення стала прынцыповая адмова дырэктаркі звальняць супрацоўнікаў з надуманых «палітычных» прычын.

Калекцыя На працягу ўсяго перыяду існавання музея праведзена грунтоўная работа па фарміраванні калекцый. Тут захоўваюцца рукапісы і дакументы Янкі Купалы, асабістыя рэчы і фатаграфіі, асобныя рарытэтныя фота паэта з дароўнымі надпісамі, сфарміраваны вялікі кніжны фонд. Найбольш значныя з іх: аўтографы Янкі Купалы, рукапісы і перапіска родных і сучаснікаў паэта; дакументальныя матэрыялы да біяграфіі паэта, куды ўваходзяць асабістыя дакументы, пасведчанні, даведкі, граматы, узнагародныя лісты, пашпарт і дэпутацкі білет.

Музей мае багатую калекцыю твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кінаархіў музея ўключае запісы голасу Янкі Купалы на шарынафоне (арыгінал), зробленыя ў Калоннай зале Дома саюзаў у Маскве ў 1940 годзе, магнітафонныя ролікі з запісам выступленняў паэта на 1-м Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе, на вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча, на радыёмітынгу ў Казані, копіі кінастужак з кадрамі перапахавання урны з прахам паэта на Ваенных могілках, дакументальныя кадры кіначасопісаў, прысвечаныя юбілеям паэта, запісы ўспамінаў родных Янкі Купалы, унікальнасць якіх у тым, што яны зроблены ў музеі і не маюць аналагаў у іншых фонаархівах.

У музеі захоўваюцца грампласцінкі даваеннага часу: песні і рамансы ў выкананні Васіля Качалава, Вадзіма Козіна, Сяргея Лемешава, Лідзіі Русланавай і інш.

На 1 студзеня 2010 года колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду складала 38425 адзінак захоўвання, навукова-дапаможнага — 12046. Усе музейныя прадметы размеркаваны па 22 калекцыях, якія адпавядаюць профілю музея і могуць выкарыстоўвацца ў яго дзейнасці.

Дырэктары музея Уладзіслава Луцэвіч (1944—1960) Янка Шарахоўскі (1961—1968) Іосіф Жыдовіч (1969—1970) Уладзімір Юрэвіч (1970—1972) Алесь Бажко (1973—1977) Аляксей Кулакоўскі (1977—1986) Жанна Дапкюнас (1986—2002) Сяргей Вечар (2003—2007) Алена Ляшковіч (2007—2022) Ганна Галінская (з 15 мая 2022)

Спасылкі

Дасье БелТА

Катэгорыя:Музеі Мінска Катэгорыя:Янка Купала Катэгорыя:Літаратурныя музеі Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1945 годзе Катэгорыя:1945 год у Мінску

Катэгорыя:Вуліца Янкі Купалы (Мінск) Катэгорыя:Парк імя Янкі Купалы Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Віктара Волчака Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Івана Валадзько