Ксенія Алегаўна Луцкіна (нар. ) — беларуская журналістка, стваральніца цыкла «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)», былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія Ксенія нарадзілася ў расійскім горадзе Перм, дзе яе бацька-беларус вучыўся ў Вышэйшым вучылішчы ракетных войск і пасля служыў, і дзе ажаніўся з маці Ксеніі, якая працавала ў Пермі настаўніцай. Пасля бацьку перавялі ў Петрыкаў (Ксеніі тым часам было толькі 5 месяцаў), а адтуль — у Слуцк, дзе Ксенія вучылася ў 10-й слуцкай школе: «Чарнобыльскі пясок Ксенія ў прамым сэнсе ела ў 1986 годзе ў Петрыкаве, дзе я спачатку служыў. Потым мяне перавялі ў Слуцак, а сям’я яшчэ заставалася ў Петрыкаве. І калі адбылася аварыя, я быў на дзяжурстве, камандзір палка даведаўся, што сям’я ў зоне, і загадаў мне тэрмінова ехаць і забіраць родных. Я ўбачыў Ксенію ў пясочніцы, схапіў дзіця пад пахі і павёз сям’ю ў Слуцак». У школе вельмі цікавілася гісторыяй, па якой займала прызавыя месцы на алімпіядах. Пасля навучалася на гістарычным факультэце БДУ, які скончыла з адзнакай. Пасля заканчэння ўніверсітэту ад свайго аднагрупніка, Аляксандра Мацяса, які тым часам ужо працаваў на тэлебачанні, атрымала запрашэнне таксама паспрабаваць працу на тэлебачанні.
У Белтэлерадыёкампаніі Луцкіна займалася стварэннем дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У 2008 годзе стала шэф-рэдактарам «Студыі дакументальнага кіно». Аўтарка праектаў «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)» (у 2013—2016 гадах было знята і паказана больш за 140 праграм, у 2013 годзе каманда «Terra incognita» атрымала дзве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайнПРОЕКТ «TERRA INCOGNITA. БЕЛАРУСЬ НЕИЗВЕСТНАЯ» ПРОДОЛЖИТ РАЗГАДЫВАТЬ ТАЙНЫ НАШЕЙ ЗЕМЛИ ) і серыі дакументальных драматычных фільмаў «Сямейныя гісторыі», таксама стварыла больш за 20 дакументальных фільмаў і каля 50 кароткаметражных стужак, рыхтавала рэпартажы з Чарнобыльскай зоны «Зямля страчаная. Зямля здабытая», якія прысвяціла сваёй бабулі, якая была ў ліку ліквідатараў наступстваў аварыі (за гэты цыкл з чатырох фільмаў Луцкіна таксама атрымала «Тэлевяршыню» ў 2017 годзе)«Телевершина-2017»: у телеканала ОНТ семь статуэток и Гран-при (ПОЛНАЯ ТЕЛЕВЕРСИЯ И СПИСОК ПОБЕДИТЕЛЕЙ) .
У 2012 годзе Луцкіна перанесла складаную неўралагічную аперацыю: ёй выдалілі дзве пухліны ў мозгу.
У 2013 годзе Луцкіна скончыла аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ.
Падзеі вакол выбарчай кампаніі 2020 года вымусілі Луцкіну ў канцы жніўня 2020 года звольніцца з тэлебачання пасля 15 лет працы там, яна далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Таксама планавала стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін, з праектам якога ёй дапамагала ў тым ліку Акадэмія Прэс-клуба, першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021 на Youtube.
Па сведчаннях Луцкінай, сілавікі пазней «шукалі» ў яе «няўлічаныя 500 тысяч еўра», якія нібыта выдаткавалі на стварэнне незалежнага тэлеканала, хоць каманда на старце працавала безграшова і меркавала фінансавацца пазней праз падпіскі і рэкламу; першыя інтэрв’ю і выпускі ўжо былі адзняты.
Пасля памілавання і эвакуацыі ў сакавіку 2025 года журналістка жыве разам з 15-гадовым сынам у Берліне; яна пакуль не вярнулася да працы і аднаўляе здароўе пасля зняволення.
Палітычны пераслед Луцкіна была затрымана 22 снежня 2020 года на Бульвары Мулявіна ў Мінску, у яе кватэры правялі ператрус (на момант пачатку ператрусу ў кватэры быў толькі сын Луцкінай, дзесяцігадовы Мацвей) канфіскавалі камп’ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы, яе змесцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Першапачаткова Луцкінай было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), яна праходзіла па так званай справе «Press Club Belarus».
Паводле апісання Луцкінай, падчас затрымання да яе на вуліцы падышлі пяцёра невядомых, адзін ударыў у твар, пасля чаго яе сілай запхнулі ў аўтамабіль. Далей сілавікі даставілі журналістку ў яе кватэру і правялі ператрус без прад’яўлення пастановы і без прадстаўлення службовых пасведчанняў; пасля яе павезлі ў фінансавую-эканамічную службу для допытаў, якія цягнуліся два дні (у тым ліку з абразамі ўзору «народная здрадніца»). Потым Луцкіну змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе, паводле яе слоў, не давалі ні ежы, ні вады; у камерах яна чытала надпісы з вершамі і песнямі на еўрапейскіх мовах, што падтрымлівала маральна. У ноч з 24 на 25 снежня 2020 года яе этапавалі ў мінскі СІЗА: падчас агляду ахоўніца прыніжала яе, а жыць давялося ў «пераходнай» камеры разам з псіхічна нестабільнымі жанчынамі; тым часам сын пакінуў у кватэры навагоднюю ёлку як «помнік чакання».
У наступныя месяцы следчыя працягвалі дамагацца «прызнання здрады Радзіме» і нібыта росшуку «500 тысяч еўра», якіх у рэчаіснасці не існавала. 25 сакавіка 2021 года («Дзень Волі») у СІЗА зняволеныя жанчыны пачалі спяваць беларускія песні; ахова спрабавала перашкаджаць, але спевы перахоплівалі суседнія камеры, што Луцкіна ўспрымала як знак нязломнасці.
13 студзеня 2021 года сумеснай заявай адзінаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, Луцкіну разам з іншымі арыштаванымі па справе прэс-клубу прызналі палітычнай зняволенай. 18 лютага 2021 шэфства над палітвязынкай узяў дэпутат Нацыянальнага Савета Федэральнага Сходу Швейцарыі , які заявіў «Свабода слова, у прыватнасці прэсы, з’яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам мірыцца з тым, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтае права. З гэтай прычыны журналістку Ксенію Луцкіну трэба неадкладна вызваліць».
19 жніўня 2021 года супрацоўнікі Прэс-клуба выйшлі на волю паводле памілавання да суда, дзеля чаго яны прызналі віну і падпісалі прашэнні на імя Аляксандра Лукашэнкі, а іх родныя сплацілі 200 тысяч беларускіх рублёў (палову сумы сплацілі родныя заснавальніцы Прэс-клуба Юліі Слуцкай, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку Прэс-клуба). Луцкіна нічога не падпісвала, бо, па словах Слуцкай, «яна не можа прыняць віну ў тым, да чаго не мае ніякага дачынення. На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе аператар Дзяніс Сакалоўскі не маюць ніякага дачынення да дзейнасці „Прэс-клуба“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клуб“, і яе праект быў у ліку пераможцаў», і засталася пад арыштам.
Пасля закрыцця справы Прэс-клуба Луцкінай выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
Вядома, што нейкі час Луцкіну трымалі ў адной камеры СІЗА разам з галоўнай рэдактаркай tut.by Марынай Золатавай.
У СІЗА-1 у Луцкінай сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя: зноў пачала расці пухліна ў мозгу, праз што Ксенія адчувала вялікі боль, некалькі месяцаў атрымлівала ўколы абязбольвальных, таксама праз умовы ў камеры абвастрылася бранхіяльная астма.
Акрамя таго, паводле Луцкінай, пры такой пухліне за медычнымі нормамі зняволенне не мусіць прызначацца, аднак у ізалятары яна магла атрымаць толькі ібупрафен, парацэтамол або аспірын, без неабходных абследаванняў узору МРТ.
28 верасня 2022 года Луцкіну асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. 26 кастрычніка 2022 года яе разам з іншымі жанчынамі этапавалі на «кругавы маршрут» па Беларусі: не хапала кайданкоў, а па дарозе да калоніі ахова казала, што «кайданкі — для вас, журналістак», сама дарога заняла каля 12 гадзін; у вагоне яна чула рытарычнае пытанне ад рэцыдывісткі: «Няўжо ты небяспечнейшая за мяне?». Пасля прысуду яе даставілі ў калонію ў браняваным аўтазаку разам з 27 жанчынамі; калі дзверы адчыніліся, Луцкіна страціла прытомнасць і ўпала ў снег, пачаліся курчы. У калоніі яна спачатку працавала ў швейным цэху, а пасля пнеўманіі 2023 года — пляла з жорсткай сінтэтычнай пражы душавыя шчоткі (дзённая норма — 22 штукі) пры графіку 7 дзён на тыдзень і 7 гадзін 40 хвілін за змену плюс «добраахвотна-прымусовыя» працы; палітвязням забаранялі карыстацца спортзалай, агульнымі памяшканнямі і царквой.
У межах вызвалення палітвязняў у Беларусі ў 2024 годзе ў жніўні выйшла на волю па памілаванні. Паводле Луцкінай, яна двойчы адмаўлялася падаваць прашэнне, але ўрэшце падпісала яго, бо «гэта не здрада, а выжыванне»; іншых зняволеных заклікалі пагаджацца дзеля жыцця. У 2025 годзе была эвакуяваная з Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі Старонка Ксеніі Луцкінай на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»
– выпуск канала «Жыццё-маліна»
Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Журналісты XXI стагоддзя Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:Члены фракцыі Еўрапейскі выбар