Святлана Піліпаўна Мусіенка (, Краснаармейск, Данецкая вобласць, Украіна — 8 жніўня 2023, Гродна) — беларускі літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук (1994), прафесар (1994).
Біяграфія Скончыла Арцёмаўскі кераміка-механічны тэхнікум (1953), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць «Руская мова і літаратура», 1963; аспірантура, 1967).
З 1963 года была звязаная з Інстытутам славяназнаўства і балканістыкі Акадэміі навук СССР (сёння — Інстытут славяназнаўства Расійскай акадэміі навук) і створанай там школай прафесара Віктара Хорава. У 1971 годзе абараніла там кандыдацкую дысертацыю «Жанрава-стылёвыя пошукі ў сучаснай польскай прозе (канца 50-х — сярэдзіны 60-х гг.)», у 1993 годзе — доктарскую дысертацыю «Рэалістычны раман у польскай літаратуры 20—30-х гг.)». У 1994 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь прысвоіла ёй вучонае званне прафесара.
Працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы (з 1967, дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры, у 1989—2019 — прафесар кафедры польскай філалогіі, у 1989—2010 — загадчык кафедры, з 2019 — прафесар кафедры замежных моў).
Ініцыятарка стварэння першай у Беларусі кафедры польскай філалогіі, якая паўстала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ў 1989 годзе паводле рашэння Міністэрства адукацыі і асветы БССР. У той жа год створаная Мусіенка кафедра правяла навуковую канферэнцыю, прысвечаную пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай, якая ў 1920—1927 гадах жыла ў Гродне. У час канферэнцыі ва ўніверсітэце быў адкрыты музей пісьменніцы, а на яе доме па вуліцы Акадэмічнай павесілі памятную шыльду.
Пасля стварэння кафедры наладжвала супрацоўніцтва з універсітэтамі Польшчы: Беластоцкім, Варшаўскім, Гданьскім, Педагагічным універсітэтам у Кракаве.
У 2019 годзе атрымала ўзнагароду POLONICUM, якую прызнае Варшаўскі ўніверсітэт замежнікам за выключны ўнёсак у папулярызацыю польскай мовы, культуры і гісторыі за межамі Польшчы.
Аўтарка больш за 300 навуковых прац, якія друкаваліся ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіне, Швейцарыі. Навуковыя інтарэсы: польскі раман XIX—XX стагоддзяў; жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы; беларуска-польскія літаратурныя сувязі; імагалогія; мемуарна-дзённікавыя жанры.
Памерла 8 жніўня 2023 года ў Гродне.
Бібліяграфія Реалистический роман в польской литературе 20―30-х гг. : автореферат диссертации … доктора филологических наук : 10.01.04 / Мусиенко Светлана Филипповна. ― Москва, 1993. Жанрово-стилевые искания в современной польской прозе (конец 50-х ― середина 60-х гг.) : автореферат диссертации … кандидата филологических наук : 643 / С. Ф. Мусиенко. ― Москва, 1971.
Літаратура
Мусіенка Святлана Піліпаўна // Прафесары Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, 1940—2010 : біябібліяграфічны даведнік. — Баранавічы, 2010. — С. 76—78. Мусиенко Светлана Филипповна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2015. — Т. 4 : Гродненская область : в 2 кн., кн. 2. — С. 112. Вядучы паланіст Беларусі : асноўныя вехі навуковай дзейнасці прафесара Святланы Мусіенкі / Яўген Панькоў, Вольга Панькова // Роднае слова. ― 2009. ― № 8. ― С. 18―19. Studia Polonica : да юбілею прафесара Святланы Піліпаўны Мусіенка : зборнік артыкулаў. ― Мінск, 2019.
Катэгорыя:Літаратуразнаўцы СССР Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі