Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (, ) — міжнародны фестываль мастацтваў, які штогод праходзіць у Віцебску. Фестываль задуманы як агульнае культурнае мерапрыемства трох краін: Беларусі, Расіі, Украіны. Адметнай рысай фестывалю з’яўляецца міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні і міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс (з 2003 года). З 1993 года «Славянскі базар» з’яўляецца сябрам FIDOF.
Апроч конкурсаў, на фестывалі шырока прадстаўлена не толькі песенная культура, але і разнастайныя віды мастацтваў — выяўленчае, тэатральнае, кіно, народныя рамёствы. Фестывальныя дні ўключаюць творчыя сустрэчы з рознымі дзеячамі сусветнай культуры, прэзентацыі тэатральных пастановак і кінастужак, мастацкія выстаўкі, а таксама кірмашы з удзелам майстроў-рамеснікаў.
У 2010-я гады «Славянскі базар» зрабіўся даволі палітычна ангажаваным мерапрыемствам, што звязана з амаль поўнай залежнасцю фестывалю ад дзяржаўнага фінансавання і персанальнай увагай да фестывалю з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Гісторыя
Фестываль Польскай песні і будаўніцтва Амфітэатра Папярэднікам «Славянскага Базару» быў «Фестываль польскай песні ў Віцебску». Беларускае партыйнае кіраўніцтва вырашыла абраць Віцебск для гэтага мерапрыемства, бо на той момант ён з’яўляўся пабрацімам польскага горада Зялёна Гура, дзе з 1965 года праводзіўся «Фестываль савецкай песні». Дзякуючы намаганням кампазітара Ігара Лучанка і тагачаснага першага сакратара абкама партыі Уладзіміра Грыгор’ева было вырашана пабудаваць у Віцебску Летні амфітэатр, бо на той момант у горадзе не было пляцоўкі для правядзення фестывалю буйнога маштабу, і міністр культуры БССР Юрый Міхневіч сур’ёзна разглядаў магчымасць правесці фестываль у мінскім Палацы Спорту.
Будаўніцтва Амфітэатра пачалося ў 1987 годзе па праекце архітэктара Вячаслава Бабашкіна. Пляцоўка пад будаўніцтва выбіралася вельмі старанна, вырашылі, што лепшым месцам будзе натуральнае паглыбленне ў ручаёвым яры, схілы якога будуць абараняць пляцоўку ад гарадскога шуму. Будавалі шпаркімі тэмпамі — праз паўгода канцэртная зала была гатова. Улетку 1988 года тут прайшоў першы канцэрт. Зала ўмяшчае 5400 чалавек. Апроч сцэнічных памяшканняў у амфітэатры меліся тэнісныя корты, залы для папулярных на той час заняткаў рытмічнай гімнастыкай (аэробікай) і танцамі, кафэ-бар, рэстаран, крама.
Першы «Фестываль польскай песні ў Віцебску» прайшоў з 17 па 22 ліпеня 1988 года на сама высокім узроўні. У Віцебск прыехала шмат польскіх гасцей, а свае віншаванні ўдзельнікам накіравалі тагачасныя кіраўнікі Польшчы і СССР Войцех Ярузельскі і Міхаіл Гарбачоў. Другі фестываль польскай песні адбыўся ў Віцебску ў 1990 годзе. У гэтым жа годзе спыніў сваё існаванне «Фестываль савецкай песні» у Зялёнай Гуры, што аўтаматычна зрабіла другі фестываль польскай песні таксама апошнім. У спадчыну Віцебску засталася буйная канцэртная пляцоўка і досвед арганізацыі міжнародных фестываляў.
Першыя гады: 1992—1997 Арганізацыя першага фестывалю «Славянскі базар» звязана з імем дырэктара «Фестывалю польскай песні ў Віцебску» і генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Радзівона Баса. Менавіта Бас прапанаваў стварэнне «Славянскага Базару» замест скасаванага польскага: «Мы паехалі ў Маскву да сяброў-кампаньёнаў: маўляў, давайце правядзём фестываль „Новая Еўропа“. Было шмат ідэй і гутарак, усё гэта адбывалася ў гатэлі „Расія“, якой ужо няма, і самым блізкім рэстаранам да яе быў „Славянскі базар“… Не паверыце, але прыцягнуў менавіта „базар“ — месца, дзе прадаюць і купляюць. Прэтэнзій да фесту і з боку прэсы, і з боку высокіх чыноў было шмат, таму што гэта была прыватна ініцыятыва. Чапляліся нават да слова „базар“ — маўляў, слова цюркскае, а не славянскае, а пра „баль падчас чумы“ і казаць няма чаго, бо былі талоны на прадукты і свята ў многіх выклікала раздражненне» .
На гэты раз канцэпцыя мерапрыемства была пашырана: фестываль павінен быў збіраць прадстаўнікоў з краін, дзе панавала ці прысутнічала славянская культура. Ініцыятарамі правядзення і заснавальнікамі ў перыяд развалу СССР, і як следства, страты сувязяў, якія склаліся ў савецкі час, сталі прыватныя і некамерцыйныя арганізацыі трох дзяржаў — Саюз «Зніч» (старшыня Наталля Машэрава, дачка былога кіраўніка ЦК КПБ Пятра Машэрава), Віцебскі гарадскі цэнтр культуры (дырэктар Радзівон Бас) з Беларусі, ІПП «Ирыда» (дырэктар Сяргей Віннікаў) з Расіі і ІПП «Рок-Акадэмія» (дырэктар Мікалай Красніцкі) з Украіны.
Першы «Славянскі Базар» урачыста адкрыўся ў Віцебскім Летнім амфітэатры 18 ліпеня 1992 года. У ім прынялі ўдзел артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшчы і Грузіі — больш за 1000 удзельнікаў. Сама вялікімі дэлегацыямі вылучаліся краіны-арганізатары. На галоўнай фестывальнай пляцоўцы — Амфітэатры — прайшлі 9 канцэртаў. Адбылася прэзентацыя трох выстаў. Прайшло 5 прэс-канферэнцый.
У 1993 годзе «Славянскі базар» ўступіў у FIDOF. На флагштоку фестывалю ўпершыню з’явіліся сцягі Славакіі, Кыргызстана, Літвы, Турцыі, Балгарыі, Югаславіі. У 1994 годзе частка фестывалю ўпершыню адбылася ў будынку драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе адкрыўся Цэнтр нацыянальных культур. Там адбыліся канцэрты нацыянальных дэлегацый, а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Дням культуры Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Балгарыі. Упершыню раскінуў свае шатры «Горад майстроў» — своеасаблівы кірмаш народных мастацтваў і рамёстваў.
З 1995 года «Славянскі базар» пачаў звацца «Міжнародным фестывалем мастацтваў». Упершыню ў рамках фестывалю дэманстраваліся славянскія фільмы. Таксама ўпершыню на фестываль прыехалі прадстаўнікі Кіпра, Нідэрландаў, Грэцыі, Узбекістана і Швейцарыі. У гэтым жа годзе фестываль пачаў адчуваць вялізны недахоп сродкаў, нягледзячы на вялікую ўвагу да мерапрыемства з боку тэлеканалаў краін-арганізатараў і колькасць удзельнікаў. 1995 год быў таксама вырашальным для лёсу фестывалю, бо адзначыў яго пераход пад апеку дзяржавы. Падчас адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які ўпершыню наведаў фестываль, заявіў, што ён і Урад Беларусі з гэтага часу бяруць «Славянскі Базар» пад свой патранаж. Нягледзячы на гэта, да 1998 года падтрымка з боку дзяржавы амаль не адчувалася.
Узбуйненне фестывалю: 1998—2005 У 1998 годзе фестываль у Віцебску стаў міждзяржаўным культуралагічным праектам Саюза Расіі і Беларусі. З гэтага часу фестываль змяніў назву на «Славянскі Базар у Віцебску». Дзякуючы добрай фінансавай падтрымцы з саюзнага бюджэту, фестываль ператварыўся ў буйное мерапрыемства міжнароднага памеру. У 2000 годзе фестываль паставіў своеасаблівы рэкорд, калі сабраў прадстаўнікоў усіх буйных славянскіх народаў. Гэтае дасягненне было прызнана 24 студзеня 2001 года ў Канах на 35-й Асамблеі FIDOF, у рамках Міжнароднага музычнага рынка (МІДЭМ), дзе прысутнічала дэлегацыя Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску», дырэктару фестывалю Радзівону Басу быў уручаны Дыплом Міжнароднай Федэрацыі Арганізатараў Фестываляў «Фестываль 2000 года» . Паўторна гэтае ганаровае званне фестываль атрымаў яшчэ і ў 2004 годзе.
Фестываль 2001 года вызначыўся сваёй цырымоніяй адкрыцця, на якой прысутнічалі прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны — Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Леанід Кучма.
У 2005 годзе Віцебск прымаў 39-ю Асамблею FIDOF, якая ўпершыню прайшла не ў Канах. Фестываль ператварыўся ў буйную пляцоўку для міжкультурнага абмену. Тым не менш з канца 2000-х на фестывалі пачала дамінаваць у асноўным расійская культура. Дзеля павышэння рэнтабельнасці і прывабнасці фестывалю для гледачоў і расійскіх тэлеканалаў, дырэкцыя фестывалю зрабіла ўпор на запрашэнне вядомых савецкіх і расійскіх артыстаў і дзеячаў культуры.
Поп-культура і палітызацыя: 2006—2012
З сярэдзіны 2000-х гадоў, «Славянскі Базар» робіцца асноўным культурным мерапрыемствам для Беларусі, на якое выдаткоўваюцца горошы з дзяржаўнага бюджэта і бюджэта Саюзнай Дзяржавы. З-за вялізнага наплыва прадстаўнікоў масавай поп-культуры, фестываль пачынае губляць канцэпцыю, на якой будавалася асноўная ідэя — «Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення». Нягледзячы на наяўнасць вялікай колькасці культурных мерапрыемстваў мастацкага кірунку, асноўная ўвага прэсы, тэлегледачоў і наведвальнікаў фестывалю сканцэнтравалася на сольных канцэртах вядомых расійскіх выканаўцаў. У той жа час фестываль пачаў губляць прывабнасць для расійскіх тэлеканалаў, што тлумачылася яго кансерватыўнасцю і не адпаведнасцю сучаснаму тэлевізійнаму фармату.
Узбуйненне датычылася не толькі фармата мерапрыемства, але і колькасці фестывальных дзён. Калі напачатку свайго існавання праграма фестывалю ўмяшчалася ў 4 дня, то ў 2012 фестываль доўжыўся 7 дзён. Галоўнай цікавасцю зрабіўся конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск», які праходзіць падчас фестывалю. Вырас прафесійны ўзровень удзельнікаў у параўнянні з першымі гадамі існавання конкурса, але за гэты час конкурс некалькі разоў рабіўся прадметам спрэчак і скандалаў у прэсе з-за магчымага дагаворнага галасавання членаў журы, як тое было ў 2006, 2009 і 2012 гадах. У той жа час конкурс зрабіўся стартавай пляцоўкай для тых артыстаў з Усходняй і Паўднёвай Еўропы, хто потым спрабаваў свае сілы ў нацыянальных адборах на конкурс Еўрабачанне, а некаторыя ўдзельнікі і пераможцы віцебскага фестываля нават атрымлівалі перамогу ў агульнаеўрапейскім конкурсе, як напрыклад Марыя Навумава з Латвіі. Адной з традыцый базара з 2006 года зрабілася запрашэнне пераможцаў і ўдзельнікаў Еўрабачання для ўдзелу ў фестывальных мерапрыемствах, а таксама правядзенне так званых еўра-вечарын. Тым самым фестывальнае кіраўніцтва рабіла ўсё больш вялікі ўхіл у бок масавай поп-культуры, адыходзячы ад традыцыйнай і класічнай.
Узрасла і палітызацыя фестываля. Кожны год фестываль урачыста адкрываецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, што суправаджаецца ўзмацненнем мер бяспекі ў Віцебску і «ачышчэннем» горада ад актывістаў апазіцыйнага руху ў дні правядзення фестываля. Падчас адкрыцця фестывалю ў 2010 годзе Лукашэнка адзначыў, што «Славянскі базар у Віцебску» стаў часткай не толькі культуры, але і вялікай палітыкі. Палітчная ангажаванасць фестывалю яшчэ больш выразна праявілася ў 2011 годзе, калі дзяржаўнае агенцтва БелТА абурылася фактам адсутнасці віншавання з «Славянскага Базара» з 20-годдзем з боку тагачаснага прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які быў затым раскрытыкаваны Беларускім тэлебачаннем.
Палітыка не абыйшла таксама і ўдзельнікаў «Славянскага Базара». Так шведская спявачка і пераможца Еўрабачання-2012 Ларын падчас свайго знаходжання ў Віцебску ў 2012 годзе сустрэлася з жонкай арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і падпісалася пад петыцыяй у адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
Новы фармат: 2013—2020 У 2013 годзе ў кіраўніцтва фестываля абнавілася. 1 сакавіка пакінуў свой пост нязменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фестывалю і дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Радзівон Бас. Новым дырэктарам стаў Аляксандр Сідарэнка. Ён узначаліў Цэнтр культуры «Віцебск» пасля таго, як Бас напісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Да гэтага Сідарэнка быў першым намеснікам генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск», працаваў ва ўпраўленні культуры аблвыканкама і ў гарвыканкаме. Адной з імаверных прычын адстаўкі Баса лічылася крытыка фармата і ўзроўню правядзення «Славянскага базару» з боку вышэйшага кіраўніцтва, асабліва факт дамінавання расійскай эстрады.