Свольна — рака ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці Расіі і Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Дрыса. Даўжыня 99 км. Плошча вадазбору 1510 км².

Назва На карце XVIII ст. рака пазначаная як "Сволна".

Літоўскі лінгвіст і назвазнаўца К. Буга выводзіў з формы Своля, што ідэнтычная назве літоўскай ракі Svalia. Літоўскі гідраніміст А. Ванагас гідронімы Svalia, Svilė, Svyla выводзіў ад svilti «гарэць без полымя, прыгараць; „гарэць“ ад холада»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 322—323..

Беларускі географ В. Жучкевіча назву бачыў як славянскую і чляніў яе як С-воль-н-а. Пачатковае С-, на яго думку, прэфіксальнага паходжання, а значэнне асновы: воля, вольнаеВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 338.. Паводле краязнаўца У. Юрэвіча, назва ад таго, што рака бесперашкодна, вольна нясе свае водыУ. М. Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое… Дапам. для настаўнікаў. Мінск, 1998. С. 220..

В. Шадыра і Р. Аўчыннікава гідронім Свольна ўзводзілі да фіна-угорскага паняцця сав «выток ад возера»В. И. Шадыро, Р. И. Овчинникова. О финно-угорском субстрате на севере Белоруссии (гидронимия и археология) // Археология и история Пскова и Псковской земли. Псков, 1992. С. 60-62..

Гідраграфія

Паводле карты XVIII ст. выцякае з возера Свольна, у якое з азёраў Лісна і Зубрыя (цяпер Ізубрыца) цякуць рэчкі (пратокі) Лісна і Зубрыя.

Паводле сучаснага гідраграфавання, выцякае з возера (Себежскі раён), працякае праз возера Лісна, цячэ па Полацкай нізіне (даўжыня на Беларусі 93 км) па мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў, сярэдняе і ніжняе цячэнне — ў Верхнядзвінскім раёне, вусце насупраць вёскі Цясты, размешчанай на левым беразе Дрысы. Верхняе і сярэдняе цячэнне ракі праходзіць ў лясістай мясцовасці. Цячэ праз азёры Лісна і Бузянка. У басейне ракі азёры Асвейскае, Белае, Купальнае (Верхнядзвінскі раён), Белае, Жабернае (Расонскі раён), Кабылінскае, Гарбінец, Белянец, Слотца, Малы Тучок, Брэдна, Цялятнае, Гута, Дземя, Плацічнае, Страднае, Селядцова, Тутча, Ізубрыца, Баброўна, Паўночны Шчучынец і інш. Густата рачной сеткі 0,54 км/км².

Даліна пераважна трапецападобная, шырыня ў верхнім і сярэднім цячэнні 0,4—0,6 км, у ніжнім 0,8—1,5 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія вышынёй 10—20 метраў. Пойма перарывістая, лугавая, у паніжэннях забалочаная шырынёй ад 100 да 300 метраў. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шырыня 18—20 м. Берагі стромкія.

Рака замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Выкарыстоўваецца ў якасці прыёмніка меліярацыйных сістэм.

Асноўныя прытокі Справа: Піжаўка, ручай Мошніца, Водзьга. Злева: Лонніца, Ласкагоўка, ручай Лешня, ручай Рудня.

Крыніцы

Літаратура

Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.

Катэгорыя:Прытокі Дрысы Катэгорыя:Рэкі Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Пскоўскай вобласці