Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (ДзІнАС) — спецыялізаваны дзяржаўны орган па ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, які існаваў у 1992-1997 гадах у Беларусі.

Гісторыя Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны была створана ў адпаведнасці з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11.12.1992 г. № 745.

30 красавіка 1993 г. Пастановай Савета Міністраў № 265 было зацверджана Палажэнне, якое вызначала структуру, функцыі, кампетэнцыю органа. У адпаведнасці з Палажэннем, інспекцыю ўзначальваў старшыня, які прызначаўся Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ён меў аднаго намесніка, які таксама прызначаўся Саветам Міністраў. 11 снежня 1992 года старшынёй ДзІнАС быў прызначаны Д. С. Бубноўскі.

Так, у 1992 г. кіраўніцтва ДзІнАС прыняла ўдзел у падрыхтоўцы і падпісанні тэксту міжурадавай дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры, асветы паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь; удзельнічала ў падрыхтоўцы праекта міжурадавага пагаднення па гэтым жа пытанні з Германіяй; распрацавала варыянт Пагаднення аб прынцыпах узаемаадносін у галіне гісторыка-культурнай спадчыны з ЗША; прапанавала тэкст Пагаднення паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У 1994 г. у Мінску адбылося першае ўстаноўчае пасяджэнне сумеснай Беларуска-Польскай кансультацыйнай камісіі па справах гісторыка-культурнай спадчыны, створанай у адпаведнасці з Беларуска-Польскай міжнароднай дэкларацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры і асветы. Створаная камісія атрымала ад урадавых прадстаўнікоў абодвух бакоў (старшыні ДзІнАС і спецыяліста ад Урада Польшчы) першае заданне па збору матэрыялаў па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Нясвіжа як буйнага культурнага цэнтра Еўропы.

Навукова-метадычная дзейнасць інспекцыі была засяроджана на распрацоўцы формы Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, стварэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны; афармленні ахоўных абавязацельстваў, зыходна-дазваляльных дакументаў.

З прычыны таго, што ў кампетэнцыю ДзІнАС уваходзілі пытанні па аб’ектах рухомай і нерухомай спадчыны, то актуальным было выяўленне і наданне статусу каштоўнасці музейным экспанатам. Так, у 1993 г. вядучым дзяржаўным музеям і бібліятэкам быў разасланы цыркулярны ліст з просьбай даць прапановы па наданні статусу каштоўнасці найбольш адметным адзінкам захавання з фондаў.

Таксама апрабіраваліся прынцыпы вызначэння правоў уласнасці на выпадкова выяўленыя каштоўнасці і механізмы выплаты ўзнагарод асобам, якія іх выявілі, устанаўлення памераў кампенсацый, што павінны ўтрымлівацца за неадпаведнае выкарыстанне матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей.

У супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Савеце Міністраў Беларусі (з яго навукова-метадычным цэнтрам) былі распрацаваны формы ўліковых дакументаў на матэрыяльныя нерухомыя каштоўнасці, таксама формы Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей. Фарміраваўся каталог каштоўнасцей страчаных падчас Другой сусветнай вайны.

У 1993 г. адбыўся Польска-Амерыканскі сімпозіум па праблемах гістарычнага асяроддзя з удзелам краін Прыбалтыкі і Беларусі. У адпаведнасці з пратаколам мемарандума паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА быў распрацаваны і накіраваны ў Парыж варыянт праекта “Мірскі замак”.

ДзІнАС праводзіла планамерную працу па азнаямленні мясцовых выканаўчых органаў улады з прынятым заканадаўствам. Асабліая ўвага надавалася рэгламентацыі відаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, якія падзяляліся на аднаўленчыя работы, дапаўненне, кансервацыю, прыстасаванне, раскрыццё, рэгенерацыю, рэканструкцыю і рэстаўрацыю.

Наступным этапам стала ўпарадкаванне штатнай структуры на ўзроўні аблвыканкамаў. Так, пасля распараджэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1992 г. № 397 і ў адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб рэарганізацыі справы аховы гісторыка-культурнай спадчыны” пры аблвыканкамах пачаўся працэс падбору кадраў. З гэтай нагоды пры Віцебскім абласным савеце народных дэпутатаў на пасаду інспектара па ахове помнікаў 25 лістапада 1992 г. была прызначана Ніна Андрэеўна Сулецкая, якая мела адукацыю гісторыка і раней працавала намеснікам старшыні абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На тэрыторыі Мінскай вобласці ў гэтым жа годзе былі ўведзены 2 адзінкі супрацоўнікаў: у Мінску і Нясвіжы. Апошняя была ўведзена ў жніўні 1993 г. Таксама ў адпаведнасці з Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1991 г. № 799-XII і распараджэннем Савета Міністраў Беларусі ад 22 красавіка 1992 г. № 397 у штат упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, Кобрынскага і Пінскага гарвыканкамаў былі ўведзены штатныя адзінкі інспектараў. У 1993 г. Гродзенскім абласным Саветам народных дэпутатаў была ўведзена адзінка інспектара ў штат аддзелаў культуры Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага гарвыканкамаў.

На пачатковым этапе работы даволі актыўна праходзіў працэс выдачы зыходна-дазваляльнай дакументацыі, у якой прапісваліся ўмовы работы на аб’ектах. У 1993 г. было выдадзена 38 планавых рэстаўрацыйных заданняў, узгоднена 126 адзінак навукова-праектай дакументацыі, выдадзена 57 ліцэнзій юрыдычным і фізічным асобам на права работ з каштоўнасцямі. У перыяд з 1994 па 1997 гг. – 56 планавых рэстаўрацыйных заданняў, 115 ліцэнзій юрыдычным і фізічным асобам на права работ з каштоўнасцямі.

Рэарганізацыя У 1997 г. орган аховы прайшоў чарговы этап аптымізацыі. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ДзІнАС была ператворана ў Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Пазней, у 1998 г., дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны была расфарміравана на два камітэты: камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў і камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У 2001 г. была прынята Пастанова Савета Міністраў № 862, згодна якой інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі былі аб’яднаны ў Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Структура старшыня ДзІнАС намеснік старшыні аддзел па справах матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей аддзел па справах матэрыяльных рухомых каштоўнасцей аддзел па справах духоўных каштоўнасцей аддзел па справах каштоўнасцей народа Беларусі, што знаходзяцца па-за яе межамі.

агульны аддзел фінансава-эканамічны аддзел. Структура інспекцыі прадугледжвала наяўнасць Упраўленняў па абласцях: Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і асобна – горада Мінска.

Штатная структура ДзІнАС, без уліку персаналу па абслугоўванні і ахове будынкаў, і налічвала 17 адзінак супрацоўнікаў. Прычым з Дзяржаўнай інспекцыі па ахове помнікаў гісторыі і культуры, што існавала раней пры Міністэрстве культуры, былі пераведзены ў штат 5 адзінак. Заяўленыя 17 адзінак паасобна значыліся ва ўпраўленнях культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і аддзелаў Кобрынскага, Пінскага, Полацкага, Мазырскага, Слонімскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Бабруйскага, Мсціслаўскага райвыканкамаў і гарвыканкамаў.

Задачы Асноўнай мэтай новаўтворанага органа было зберажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх асяроддзя і ўмоў існавання, недапушчэнне страты адметных вартасцей каштоўнасцей, іх навукова не абгрунтаваных змен, кантроль за практычным выкарыстаннем помнікаў даўніны, вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны, выяўленне і ўлік каштоўнасцей, вяртанне ў Рэспубліку Беларусь каштоўнасцей Беларусі, якія апынуліся па-за яе межамі, кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-архітэктурнай спадчыны.

У вырашэнні пералічаных пытанняў ДзІнАС падпарадкоўвалася Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі органа ўваходзілі ў склад апарата культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, аддзелаў культуры райвыканкамаў і гарвыканкамаў.

Прыярытэтнай задачай ДзІнАС было ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, падрыхтоўка прапаноў і абранне курса на пабудову эфектыўных метадаў рашэння сістэмных праблем ахоўнай галіны.

Не менш значнымі былі задачы па выпрацоўцы механізму вяртання рухомых каштоўнасцей беларускага народа, якія апынуліся па-за межамі краіны. Актуальным заставалася пытанне стварэння спрыяльных умоў для папулярызацыі і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны, актывізацыя гэтага працэсу. Сярод першасных мерапрыемстваў вызначалася метадычная арганізацыя сістэмы ўліку каштоўнасцей і кіраўніцтва яе дзейнасцю. Патрабавала ўвагі выпрацоўка падыходаў кіраўніцтва дзейнасцю Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і правядзенне навукова-метадалагічнай работы ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, аднаўлення, выкарыстання, памнажэння і вяртання гісторыка-культурнай спадчыны.

Адпаведна прынятаму заканадаўству патрабавалася рэгламентацыя і нарматыўна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб, якая датычылася пытанняў дагляду, рамонту, натурных даследаванняў, кансервацыі, рэстаўрацыі, рэгенерацыі, аднаўлення, прыстасавання, дапаўнення, раскрыцця, выяўлення, вяртання каштоўнасцей.

Не менш значным было ажыццяўленне метадычна-абгрунтаванай дзейнасці па падбору і класіфікацыі спецыялістаў, якія могуць быць дапушчаны да правядзення адказных работ, што непасрэдна ўздзейнічаюць на адметныя вартасці каштоўнасцей.

Катэгорыя:Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі Катэгорыя:Дзяржаўны лад Беларусі Катэгорыя:1992 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1992 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1997 годзе