Пасо́льства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі () — дыпламатычная місія Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Пасольства знаходзіцца ў сталіцы Беларусі, горадзе Мінск.
Гісторыя Злучаныя Штаты прызналі незалежнасць Беларусі 25 снежня 1991 года, пасля чаго 28 снежня 1991 года паміж двума краінамі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. У снежні 1991 года старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу з прапановай устанавіць дыпадносіны і абмяняцца пасольствамі. Праз год Кангрэс ЗША зацвердзіў гэтае рашэнне.
11 жніўня 1992 года паслом ЗША ў Беларусі быў прызначаны Дэвід Хейвуд Шварц. Ён уступіў на пасаду 25 жніўня 1992 года, у першую гадавіну незалежнасці Беларусі. 9 верасня 1992 года адбылося ўручэнне даверчых грамат.
У снежні 1992 года ў Мінску адкрылася пасольства ЗША. У красавіку 1993 года ў Вашынгтоне адкрылася пасольства Рэспублікі Беларусь.
У 1993 годзе старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, а на пачатку 1994 года Клінтан прыбыў у Беларусь. Падчас візіту ён наведаў у тым ліку мемарыял Курапаты — месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам.
У красавіку 1998 года беларускія ўлады праінфармавалі кіраўнікоў дыпламатычных місій, у тым ліку пасла ЗША, пра тое, што ім прыйдзецца пакінуць рэзідэнцыі, размешчаныя ў пасёлку Дразды ў Мінску, у сувязі з рамонтам. У знак пратэсту супраць растаржэння дагавораў арэнды беларускім урадам і стварэння перашкод для жыцця ў маёнтку 22 чэрвеня 1998 года пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл В. Спекхард разам з пасламі некаторых еўрапейскіх краін пакінуў Беларусь. Аднак пасля рашэння пытання пра рэзідэнцтва дыпламатаў і выплаты кампенсацыі пасол Спекхард у верасні 1999 года вярнуўся ў Мінск.
У 2008 годзе ў выніку ўвядзення ўрадам ЗША санкцый у дачыненні да беларускай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Белнафтахім» праз палітыку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да апазіцыі ва ўзаемаадносінах абедзвюх краін узнік крызіс. У выніку ўрад Беларусі адклікаў свайго пасла Міхаіла Хвастова з Вашынгтона для кансультацый. Затым па настаянні беларускіх уладаў з Мінска з’ехала пасол ЗША Карэн Сцюарт, якая была адклікана са сваёй пасады ўрадам ЗША 12 сакавіка 2008 года. Затым Беларусь рэкамендавала Злучаным Штатам скараціць колькасць супрацоўнікаў пасольства ўдвая — 17 з 34 пакінутых дыпламатаў былі высланы з Беларусі. У сваю чаргу пасольства ЗША прыпыніла разгляд заяў на атрыманне і выдачу віз беларускім грамадзянам. Пасля гэтага беларускія ўлады выслалі яшчэ дзесяць з пятнаццаці амерыканскіх дыпламатаў. Да канца года ў пасольстве ЗША ў Мінску засталося толькі пяць дыпламатаў, а саму дыпмісію ЗША з таго часу сталі ўзначальваць не паслы, а часовыя павераныя. У якасці адпаведнай рэакцыі Дзярждэпартамент ЗША разглядаў магчымасць прад’яўлення патрабаванняў пра далейшае скарачэнне колькасці беларускіх дыпламатаў у ЗША і нават пра закрыццё пасольства Беларусі ў Вашынгтоне, пасольства ЗША ў Мінску і генеральнага консульства Беларусі ў Нью-Ёрку. Аднак неўзабаве Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс перадумала, аддаўшы перавагу захаванню хоць нейкага каналу сувязі паміж краінамі.
У лютым 2019 года падчас сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджам П. Кентам у Мінску беларускі бок абвясціў пра зняцце абмежаванняў на чысленнасць дыпламатычнага персаналу Пасольства ЗША ў Мінску. 17 верасня 2019 года намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвід Хейл падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам абвясціў пра абмен пасламі дзвюх краін.
1 лютага 2020 года падчас візіту ў Мінск дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа абвясціў, што найбліжэйшым часам будзе прызначаны пасол ЗША ў Беларусі. У чэрвені 2020 года павераны ў справах Джэніфер Х. Мур абвясціла, што амерыканскі пасол прыедзе ў Беларусь гэтым летам. Прэзідэнт Дональд Трамп прызначыў на дадзеную пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Заходняй Еўропы Джулі Фішэр.
28 лютага 2022 года Дзяржаўны дэпартамент ЗША распарадзіўся пра ад’езд дзяржслужбоўцаў ЗША і прыпыненне дзейнасці пасольства ЗША ў Мінску праз уварванне Расіі ва Украіну.
Паслы Дэвід Хейвуд Шварц (1992—1994) Кенет Спенсер Ялавіц (1994—1997) Дэніэл Спекхард (1997—2000) Майкл Козак (2000—2003) Джордж Крол (2003—2006) Карэн Сцюарт (2006—2008) Джонатан Мур (2008—2009) Майкл Скэнлэн (2009—2013) Ітан Голдрыч (2013—2014) Скот Раўланд (2014—2016) Роберт Райлі (2016—2018) Джэніфер Мур (2018—2020) Джэфры Джаўк (2020) Джулі Фішэр (2020—2022) Рубен Аруцюнян (2022—2023) Пітэр Каўфман (2023 — цяп. час)
== Гл. таксама == Спіс дыпламатычных місій ЗША Спіс дыпламатычных місій у Беларусі Беларуска-амерыканскія адносіны
Крыніцы
Спасылкі Сайт пасольства ЗША ў Мінску
Беларусь Катэгорыя:Дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску Катэгорыя:Беларуска-амерыканскія адносіны