Антон Бандзе́віч (; ?—?) — беларускі філосаф, прадстаўнік Гродзенскай філасофскай школы XVIII стагоддзя.

Выкладчык філасофіі і логікі ў Горадні ў XVIII ст. У 1751 годзе ён прачытаў у Горадні курс лекцый «Філасофія арыстоцеліка-скотаўская…» (Philosophia Aristotelico-Scotica), а ў 1757 годзе выдаў пад такой жа назвай трактат, у якім своеасабліва тлумачыліся асобныя праблемы логікі і натурфіласофіі.

У гэтым курсе ў адрозненне ад папярэдніх услед за логікай выкладалася натуральная філасофія, ці навука аб целах, — фізіка. Аўтар падрабязна разглядае сістэмы Гасендзі і Дэкарта і падкрэслівае, што мэтай логікі з’яўляецца ўказанне агульных шляхоў да ісціны. Абапіраючыся ў сваіх пошуках на працы Арыстоцеля, Б. Скота і найноўшых філосафаў, Бандзевіч распрацоўваў сістэмы ўзаемаадносін простых, складаных, мадальных, часовых, гіпатэтычных і інш. тыпаў выказванняў. Ён ускладніў заканамернасці іх адносін у лагічным квадраце: уводзіў у сярэдзіну кантрарных ці кантрадыкторных адносін кан’юнкцыю і дыз’юнкцыю (напрыклад, «I Пётр чытае і Павел гаворыць», «Або Пётр чытае, або Павел гаворыць»). Разглядаў і схемы процілеглых выключэнняў («Толькі Пётр бяжыць, і толькі Пётр бяжыць і ніхто іншы не бяжыць»), кантрарныя выказванні («Толькі Пётр не бяжыць і Пётр не бяжыць і кожны іншы не бяжыць»), кантрадыкторныя меркаванні («Не толькі Пётр бяжыць, ці не Пётр бяжыць, ці ніхто не бяжыць») і г.д. Тут кан’юнкцыя, дыз’юнкцыя, некаторыя функтары, паняцці нулявых мностваў ужываюцца ва ўскладненых спалучэннях.

У 2-й частцы яго твора традыцыйна разглядаецца праблема ўніверсаліі. Адхіляючы асноўныя канцэпцыі (платанічную, тамістычную і наміналістычную), Бандзевіч спыняецца на супярэчнасці паміж наміналізмам і рэалізмам. Калі Фама Аквінскі прыпісаў любой «натуры» трайное існаванне (да адзінкавых рэчаў, у час і пасля іх існавання), дык Бандзевіч сцвярджаў, што ўніверсаліі не існуюць паза адзінкавымі рэчамі, яны не існуюць і да рэчаў. На наміналістычную пазіцыю Бандзевіча паўплывалі развіццё прыродазнаўства і новая метадалогія даследаванняў.

Філасофскія погляды Бандзевіча выкладзены ў раздзеле «Натуральная філасофія, або Навука аб целах, — фізіка». Тут ён адстойвае існаванне першапрычыны і першарухавіка, прытрымліваючыся поглядаў Арыстоцеля, не пагаджаецца з сістэмамі атамістаў Леўкіпа, Дэмакрыта, Эпікура і Гасендзі, з меркаваннем «новых аб першай матэрыі», выказвае думку пра існаванне некаторых пунктаў сіл прыкладання, г. зн. развівае тэорыю дынамізму. 3 пункту погляду Бандзевіч, тэорыя «элементаў матэрыі», якая ўзыходзіць да антычнасці, у прынцыпе можа быць абвергнута «вучэннем атамістаў аб атамах», таму што яна недастаткова зручная. Пасля вывучэння тэорыі Р. Дэкарта ён прыйшоў да высновы, што «сістэма Дэкарта або элементы сістэмы Картэзія — гэта фікцыя». Разглядаючы розныя сістэмы пабудовы сусвету, Бандзевіч схіляўся да прызнання сістэмы Ціха Браге, але не асуджаў і вучэнне Каперніка, ён імкнуўся знайсці кампраміснае рашэнне, вызначаючы абедзве сістэмы як магчымыя гіпотэзы. У раздзеле «Псіхалогія» аўтар трактата разважаў пра сутнасць душы, разглядаючы яе як самастойную, незалежную субстанцыю, якая падаравана чалавеку Богам.

Бібліяграфія Bandziewicz A. Philosophia Aristotelico-Scotica . Grodno, 1757. F.UI , N

Літаратура

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Минск, 1973.

Катэгорыя:Постаці Гродна Катэгорыя:Філосафы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Філосафы Беларусі