МАЗ-503 — савецкі буйнатанажны грузавы аўтамабіль-самазвал, які выпускаўся на Мінскім аўтамабільным заводзе.
Гісторыя Самазвал з сямейства МАЗ-500 быў гатовы ў лістападзе 1958 года. Доследны ўзор экспанаваўся на ВДНГ у сакавіку 1959 года. Серыйная вытворчасць пачалася толькі ў 1965 годзе. Аўтамабіль выпускаўся ў двух варыянтах. Першы — МАЗ-503 з нізкабортным кузавам каўшовага тыпу прызначаўся для вывазу грунту і скальных парод. Другі — МАЗ-503Б з кузавам з высокімі бакавымі і адкідным заднім бортам больш падыходзіў для перавозкі сыпкіх грузаў. Грузападымальнасць абодвух была аднолькавай і складала 7000 кг, колавая база — 3200 мм.
У 1970 годзе пачалася вытворчасць мадэрнізаванага самазвала МАЗ-503А. Ён прызначаўся для тых жа мэт, аднак атрымаў уніфікаваны з МАЗ-503Б кузаў. Грузападымальнасць вырасла да 8000 кг. Час падымання кузава з грузам у параўнанні з МАЗ-503Б скараціўся з 30 да 15 секунд, а колавая база павялічылася да 3400 мм.
У 1977 годзе самазвал быў мадэрнізаваны разам з усім сямействам (новы індэкс — МАЗ-5549).
Канструкцыя Кабіна — трохмесная, мае спальнае месца, металічная, размешчана над рухавіком. Для доступу да рухавіка адкідваецца наперад.
Кузаў — суцэльнаметалічны з разгрузкай назад. Аб’ём кузава — 4,0 м³.
Рухавік: ЯМЗ-236, дызельны, чатырохтактны, шасціцыліндравы, V-падобны; аб’ём — 11,15 л., макс. магутнасць — 180 к.с. пры 2100 аб/хв., макс. круцільны момант — 68 кГм пры 1500 аб/хв.
Каробка перадач: пяціступеньчатая, з сінхранізатарамі на II, III, IV і V перадачах. Перадатачныя лікі: I — 6,17; II — 3,40; III — 1,79; IV — 1,00; V — 0,73; задні ход — 6,43; галоўная перадача — 9,53. Счапленне — аднадыскавае, сухое.
Тармазы: нажны — калодачны, з пнеўматычным прывадам; ручны — калодачны, з механічным прывадам на трансмісію (размешчаны на заднім мосце). Рулявы механізм — тыпу «шруба-гайка», з гідраўзмацняльнікам. Падвеска: пярэдняя — на дзвюх паўэлептычных рысорах з гідраўлічнымі тэлескапічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння; задняя — на дзвюх паўэлептычных рысорах з дадатковымі рысорамі. Памер колаў — 12,00-20.
Грузападымальнасць — 7 т. Маса без нагрузкі — 6750 кг, поўная дапушчальная маса — 13 900 кг.
Максімальная хуткасць — 70 км/г. Расход паліва — 24 л на 100 км пры хуткасці 30-40 км/г. Аб’ём паліўнага бака — 100 л.
Мадыфікацыі МАЗ-503 (1962—1963) — самазвал з кузавам для скальных парод. МАЗ-503Б (1961—1971) — самазвал з кузавам з адкідным заднім бортам. МАЗ-503БТ (1965—1971) — трапічная экспартная мадыфікацыя. МАЗ-503БЭ (1965—1971) — экспартная мадыфікацыя. МАЗ-503В (доследны) — самазвал з платформай для скальных парод, абаграванай выхлапнымі газамі. МАЗ-503Г (доследны) — самазвал з платформай з адкідным заднім бортам і абаграваннем платформы выхлапнымі газамі. МАЗ-503С (доследны) — паўночны варыянт. МАЗ-503Ш — самазвальнае шасі. МАЗ-510 (доследны, 1962 г.) — самазвал з аднамеснай кабінай. Меў платформу для скальных парод. МАЗ-510Б (доследны, 1962 г.) — мадыфікацыя самазвала з аднамеснай кабінай з платформай з адкідным заднім бортам. МАЗ-510В (доследны) — мадыфікацыя самазвала з аднамеснай кабінай з платформай для скальных парод, абаграванай выхлапнымі газамі. МАЗ-510Г (доследны) — мадыфікацыя самазвала з аднамеснай кабінай з платформай з адкідным заднім бортам і абаграваннем выхлапнымі газамі. МАЗ-511 (1963—1965) — самазвал з бакавой разгрузкай, з верхнімі завесамі бакавых бартоў. Выпушчана невялікая прамысловая партыя. МАЗ-511Б — самазвал з бакавой разгрузкай, з ніжнімі завесамі бакавых бартоў.
МАЗ-503А МАЗ-503АС — самазвал у паўночным выкананні. МАЗ-503АТ (1970—1979) — самазвал у экспартным трапічным выкананні. МАЗ-503АЭ (1970—1979) — самазвал у экспартным выкананні. МАЗ-511А (доследны, 1972—1973) — мадэрнізаваны самазвал з бакавой разгрузкай з верхнімі завесамі бакавых бартоў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Аўтамабілі 1960-х Катэгорыя:Аўтамабілі 1970-х 503