Аўром Шомер або Шайкевіч-Шомер (2 жніўня 1876, Пінск — 16 жніўня 1946, Лос-Анджэлес) — яўрэйскі драматург, грамадскі дзеяч, кінарэжысёр, сцэнарыст. Сын вядомага пісьменніка Шомера (Навума Шайкевіча).
Біяграфія Жыў у Пінску, Адэсе, Вільні. Вучыўся ў хедарах, гарадскіх школах, з хатнім настаўнікам. У 1890, ці 91, з сям’ёй выехаў у ЗША. Дапамагаў бацьку выдаваць часопісы. Юрыст, выпускнік універсітэта ў Нью-Ёрку, дзе вучыўся ў 1896—1900. У Каліфорніі з 1934. Апошнія 12 гадоў жыцця хварэў на астму і на сэрца.
Грамадская дзейнасць Адзін з заснавальнікаў арганізацыі ХІАС (таварыства дапамогі эмігрантам) і таварыства дапамогі ахвярам кішынёўскага пагрому, старшыня кішынёўскага таварыства перасялення ў Амерыку. Адказ на «яўрэйскае пытанне» бачыў не ў стварэнні асобнай дзяржавы, а ў скліканні пастаяннага дэмакратычнага Яўрэйскага кангрэса з прадстаўнікоў розных краін. Выдаў у 1906—1920 некалькі твораў пра сваю ідэю, на ідышы і па-англійску. Дэлегат усе-амерыканскіх і сусветнага яўрэйскага кангрэса ў Жэневе (1936), у далейшым не падтрымліваў гэтых арганізацый, бо яны былі не дэмакратычнымі.
Творчасць Яшчэ малым Шомер-сын складаў свае п’есы. Доўга ён хацеў перавесці на сцэну раман Сянкевіча «Quo vadis?». Іграў ролі ў паказах Шомера-бацькі, захавалася праграма паказу з 1893 года. Дэбютаваў у друку ў 1893. У 1895 змясціў камедыйны дыялог «Што такое Амерыка?» у бацькавай газеце «Дэр юдышэр пок». Друкаваўся ў яўрэйскіх і англійскіх газетах. 25 лютага 1910 на сцэне нью-ёркскага Бовэры-тэатра першы раз паказана публіцы п’еса Шомера-сына — «Ал-райтнікі». У 1915 ён зусім адышоў ад юрыдычнай практыкі. Самыя папулярныя п’есы — «Дэр грынер мільёнчык» Нявопытны міліянер і «Айкеле мазык» Зламысны Айк. П’есы ставіліся ў Нью-Ёрку і ва ўсёй Амерыцы, у іншых краінах. Перакладзены на англійскую мову. На нямецкую мову «Айка» пераклаў акцёр Джозеф Шыльдкраўт.
П’есы з’яўляліся на экране. Трагедыя «Афн ям, одэр ін эліс-айланд» У моры, ці на Эліс-Айландзе была апрацавана для англійскай сцэны, стала асновай для двух фільмаў, латышскага «Дзе праўда?..» і амерыканскага The Yellow Passport (1913 і 1916 гадоў). У амерыканскай версіі пазней былі рымейкі. «Дзе праўда?..» — першы мастацкі фільм Латвіі.
П’еса «Ды модэ» Мода ў брадвейскай версіі, якую склаў з Шомерам Дж. Бродхерст, атрымала назву To-day (1913). Паводле гэтай версіі напісан аднайменны раман (1914), знятыя 2 фільмы, нямы (1917) і гукавы В. Ная (1930).
Шомер паставіў 4 фільмы па сваіх сцэнарыях. Адзін пад назвай Ruling Passions выпусціла «Schomer Photoplay Producing Company» (1918). Тры — The Sacred Flame, The Hidden Light, The Chamber Mystery — «Schomer-Ross Motion Picture Company» (1920). Гэта былі нямыя фільмы з англійскімі цітрамі. Цітры размяшчаліся не на асобных кадрах, а ў «воблачках», падобна коміксу.
Пералік драм
Ды алрайтнікес (1910) Афн ям, одэр ін эліс-айланд (1911) Айкеле мазык (1911) Дэр юнгер дор (1911) Борэх даен хэмэс (1911) Клорэ мэшугоім (1911) Дэр сод (1912) Ды модэ (1913) Дэр грынер мільёнер (1915) Дос гайстэр хойз (1918) Хаціква (1921) Дэр камф Ой, ды лібэ (1923) Point of Order (1924)
Спасылкі Abraham S. Shomer. Слоўнік Зільберцвайга AVROM SHOMER Кінамузей imdb
Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША Катэгорыя:Драматургі Катэгорыя:Кінарэжысёры ЗША Катэгорыя:Сцэнарысты ЗША Катэгорыя:Юрысты