Яўхі́м Майсе́евіч Кроль (1887, Масква — 21 студзеня 1940, НКУС, СССР) — супрацоўнік органаў правапарадку і НКУС Беларускай ССР і СССР, маёр міліцыі (1936).

Біяграфія

Раннія гады Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і служачых, неўзабаве разам з бацькамі пераязджае ў Магілёў. Ва ўзросце 13 гадоў ўступіў у яўрэйскую сацыялістычную партыю Бунд. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы горада Вількамір Ковенскай губерні, адкуль выключаны за раскіданне пракламацый. У 1908—1911 гадах вучыцца ў электратэхнічнай школе горада Адэсы, па заканчэнні якой уладкоўваецца электраманцёрам у Екацярынбургу.

Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года сустрэў у Екацярынбургу, дзе займаў пасаду старшыні кацярынбургскай арганізацыі Бунд. У 1918 годзе ўступіў ў РКП(б), член Екацярынбургскага выканаўчага камітэта. У снежні 1918 года накіраваны бальшавіцкім урадам у Менск на пасаду начальніка міліцыі і старшыні губернскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і службовымі злачынствамі. З верасня 1919 года на савецкіх пасадах у Екацярынбургу. З красавіка 1920 года на Заходнім фронце, спачатку займаў пасаду рэвізора па абследаванні рэвалюцыйных камітэтаў ад 16-й арміі, потым — начальніка асобага аддзела 10-й дывізіі 16-й арміі.

Беларуская ССР З абвяшчэннем незалежнасці Беларускай ССР у 1920 годзе заняў пасаду старшыні рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала, член ЦВК на III Усебеларускі з’езд саветаў. Намеснік наркама юстыцыі Беларускай ССР, старшыня Вярхоўнага Суда Беларускай ССР. У лістападзе 1921—1922 гадоў — загадчык Галоўнага ўпраўлення міліцыі (ГУМ) НКУС БССР, адначасова ў 1921—1922 гадах — загадчык Цэнтральным упраўленнем крымінальнага вышуку ГУМ НКУС БССР, пасля — начальнік Упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку БССР і (з 1925 года) начальнік Адміністрацыйна-арганізацыйнага ўпраўлення НКУС БССР, адначасова быў начальнікам адміністрацыйнага аддзела Менскага акрвыканкама і начальнікам Менскай акруговай міліцыі.

У 1925 годзе кіраваў аперацыяй па знішчэнні антыбальшавіцкага фармавання Васіля Шаўчэнкі на Магілёўшчыне.

З 1926 года — начальнік Галоўнага ўпраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР, з 1931 года — старшыня Вярхоўнага Суда БССР і па сумяшчальніцтве намеснік народнага камісара юстыцыі БССР.

З 1933 года — начальнік палітычнага аддзела МТС у Дзяржынскім раёне БССР. У 1935 — кастрычніку 1935 года сакратар Дзяржынскага райкама КП Беларусі, пасля ў распараджэнні ЦК УКП(б), адначасова ў 1931—1935 гадах быў на асобым уліку АДПУ—НКУС СССР.

Казахская АССР. Апошнія гады З снежня 1935 года — начальнік Упраўлення рабоча-сялянскай міліцыі (УРСМ) УНКУС па Казахскай АССР, у красавіку 1936 года — студзені 1937 года — начальнік УРСМ і памочнік начальніка УНКУС па Казахскай АССР, потым начальнік УРСМ і памочнік наркама ўнутраных спраў Казахскай ССР (па міліцыі), адначасова начальнік Алма-Ацінскай школы РСМ НКУС.

У сакавіку 1938 года звольнены з займанай пасады, у траўні 1938 года звольнены з органаў РСМ НКУС СССР. З траўня 1938 года — начальнік Усходне-Сібірскага дарожнага трэста Галоўнага ўпраўлення шасэйных дарог НКУС СССР. Пазней рэпрэсаваны паводле сталінскіх спісаў, арыштаваны і 19 студзеня 1940 года Вярхоўнай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваны.

Узнагароды Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (12 лістапада 1925), Ордэн Чырвонага Сцяга (28 снежня 1927).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Міліцыянеры Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР