Дагавор аб космасе (поўная афіцыйная назва: Дагавор аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц і іншыя нябесныя целы) — міжурадавы дакумент, які з’яўляецца асновай міжнароднага касмічнага права.

Дагавор падпісалі Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікабрытанія і Савецкі Саюз 27 студзеня 1967 года, уступіў у сілу 10 кастрычніка 1967 года. Станам на 2025 год 117 краін з’яўляюцца дзяржавамі-удзельнікамі дагавора, а яшчэ 23 падпісалі яго, але не завяршылі ратыфікацыю.

Дагавор аб космасе вызначае асноўныя прававыя рамкі міжнароднага касмічнага права. Уключае ў сябе 17 артыкулаў. Сярод прынцыпаў: забарона для дзяржаў-удзельніц на размяшчэнне ядзернай зброі або любой іншай зброі масавага знішчэння на арбіце Зямлі, устаноўку яе на Месяцы або любым іншым нябесным целе, або на станцыі ў касмічнай прасторы. Гэты дагавор абмяжоўвае выкарыстанне Месяца і іншых нябесных цел толькі мірнымі мэтамі і прама забараняе іх выкарыстанне для выпрабаванняў любога роду зброі, правядзення ваенных манеўраў або стварэння ваенных баз, збудаванняў і ўмацаванняў. Тым не менш дамова не забараняе размяшчэнне звычайных узбраенняў на арбіце. Таксама ў дакуменце пазначана, што ні адна дзяржава не можа прад’яўляць прэтэнзію на валоданне касмічным целам або яго часткай, а суверэнітэт дзяржаў распаўсюджваецца толькі на непасрэдна запушчаныя імі касмічныя аб’екты.

Спасылкі Тэкст дагавора

Катэгорыя:1967 год у палітыцы Катэгорыя:З’явіліся ў 1967 годзе Катэгорыя:Дагаворы паводле алфавіта Катэгорыя:Дагаворы аб абмежаванні ўзбраенняў Катэгорыя:Касмічнае права Катэгорыя:Дагаворы і канвенцыі ААН Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы