Warhammer 40,000: Dawn of War () — камп’ютарная гульня, стратэгія ў рэальным часе, распрацаваная студыяй Relic Entertainment на аснове настольнага варгейма Warhammer 40,000 студыі Games Workshop. Выдадзена ў 2004 годзе кампаніяй THQ. У наступныя гады былі выпушчаны дадаткі Winter Assault (2005), Dark Crusade (2006) і Soulstorm (2008). У 2009 годзе выйшла гульня-сіквел — Dawn of War II, аднак механіка гульні крыху іншая.

Афіцыйнымі выдаўцамі ў Расіі з’яўляюцца «Руссобит-М» (Warhammer 40,000: Dawn of War і дадатак Winter Assault) і «Бука» (Warhammer 40,000: Dawn of War — Dark Crusade).

Гульнявы працэс

У распараджэнні гульца ў рэжыме кампаніі знаходзіцца армія Касмічнага дэсанта з Ордэна Крывавых Крумкачоў, з якім гулец можа прайсці ўсе 11 місій.

У рэжыме «сутычкі» таксама даступныя арміі астатніх рас.

Асаблівасці гульні

Як і ў большасці іншых RTS, гульцу даецца магчымасць збіраць рэсурсы і выкарыстоўваць іх для будаўніцтва сваёй базы, развіцця тэхналогій і вытворчасці вайсковых адзінак. Аднак, у адрозненне ад шматлікіх іншых папулярных RTS (такіх як Starcraft, Warcraft, C&C і г.д.), у гульні нададзена вельмі вялікая ўвага тактычнай частцы. Баі, як правіла, праходзяць не вялікімі скопішчамі войскаў, а невялікімі атрадамі па 4-8 чалавек, а колькасць ваеннай тэхнікі вымяраецца адзінкамі. Існуюць таксама і індывідуальныя абмежаванні. Напрыклад, колькасць будаўнікоў рас Оркаў і Хаосу абмежавана 4-5 юнітамі, а рабочыя астатніх рас трапляюць пад агульнае абмежаванне пяхоты. Найбольш магутная баявая адзінка, як правіла, можа быць толькі адна. У пазнейшых дадатках усе рабочыя і моцныя юніты ўжо трапляюць пад індывідуальныя абмежаванні. Агульная колькасць войскаў і тэхнікі ў гульні таксама абмежавана, што перашкаджае стратэгіям чакання і назапашвання велізарных войскаў.

Акрамя таго, у гульні рэалізавана камандаванне адразу некалькімі падраздзяленнямі. То-бок, напрыклад, група з 6 космадэсантнікаў з’яўляецца непадзельнай і ўсе загады аддаюцца цалкам усяму падраздзяленню. Калі да атрада далучаны камандзір — ён будзе дзейнічаць з атрадам, значна павялічваючы яго баяздольнасць.

Таксама вялікі ўпор у гульні робіцца на індывідуальныя здольнасці кожнага юніта, так што бой патрабуе даволі сур’ёзнага мікракантролю кожнага падраздзялення, а тактыка «проста адправіць іх у бой» звычайна прыводзіць да паразы.

Яшчэ ў гульні рэалізавана механіка папаўнення атрадаў прама на полі бою. То-бок, калі ад атрада дэсантнікаў застаецца толькі палова, гулец можа папоўніць гэты атрад без неабходнасці бегчы на базу (папаўненне патрабуе як рэсурсаў, так і часу). Хуткасць папаўнення атрада залежыць ад узроўню яго баявога духу. Дадзеная механіка, з аднаго боку, прымушае берагчы падраздзяленні, а з другога — уносіць у гульню істотную дынаміку.

У гульні ёсць два віды рэсурсаў — уплыў і энергія, і яны невычэрпныя. Здабыча ўплыву пабудавана на захопе і валоданні кантрольнымі пунктамі. Аднак хуткасць здабычы пункту паступова пачынае падаць, калі кантроль над ім доўга не змяняўся. Здабыча энергіі ажыццяўляецца за кошт генератараў, размешчаных на тэрыторыі базы, і цеплавых генератараў.

Сюжэт гульні

Дзеянне гульні адбываецца ў свеце Warhammer 40,000, на планеце Тартарус ().

Па сюжэце, Габрыэль Ангелас, камандзір Касмадэсанта ордэна Крывавых Крумкачоў, прыбывае на планету для барацьбы з нашэсцем оркаў, якія сталі сапраўдным бедствам зорнай сістэмы. Пазней аказваецца, што оркамі кіруюць Касмадэсантнікі Хаосу. Чарнакніжнік Сіндры здраджвае свайму гаспадару лорду Баалу, і Габрыэль забівае яго. Далей Габрыэлю здраджвае яго сябар-бібліярый Ізідор Айкеш, які перадаў чарнакніжніку Сіндры містычны артэфакт — Маледыктум, але, нягледзячы на гэта, Сіндры пакідае Ізідора змагацца аднаго, і той гіне ад рукі былога сябра. Сіндры выкарыстоўвае камень, каб ператварыцца ў Дэманпрынца.

Габрыэль атрымлівае ад інквізітара Мардэхая Тоты легендарны молат Дэманаборца «Боскі Расшчапляльнік» і, сабраўшы рэшткі сваіх войскаў, а таксама аб’яднаўшыся з Эльдарамі, кідае выклік велізарнай арміі Хаосу. Крывавая бітва скончваецца тым, што Габрыэль забівае Дэманпрынца і атрымлівае Маледыктум. Інквізітар заклікае Габрыэля знішчыць камень, але Празорліўка Эльдараў кажа, што гэтым яны зробяць вялікае зло, і спрабуе пераканаць Габрыэля аддаць камень ёй. Ангелас стаіць на ростанях, але ў рэшце рэшт наносіць па Маледыктуме магутны ўдар і знішчае камень. Празорліўка кажа, што гэтым Касмадэсантнікі выраклі ўвесь Сусвет на страшную кару. Паміж Касмадэсантам і Эльдарамі зноў успыхвае варожасць, а Тартарус вось-вось будзе канчаткова пагружаны ў варп-шторм. Сілы людзей і Эльдараў разыходзяцца па сваіх караблях.

Перад сыходам Габрыэль сустракаецца з магутным дэманам, які быў заточаны ў Маледыктуме. Касмадэсантнік разумее, што здзейсніў страшэнную памылку. Вызвалены дэман кажа, што ўся планета Тартарус была на самай справе гіганцкім ахвярным алтаром Бога Хаосу Кхорна (Бог Крыві), дзе ў ходзе баёў, у тым ліку і падчас нашэсця оркаў, было праліта мноства крыві, што дазволіла каменю напоўніцца сілай і вызваліць дэмана. І калі б Крывавыя Крумкачы разбурылі б камень раней, то і дэман быў бы знішчаны. Дэман удзячны Ангеласу за падораную ім свабоду і пакідае яго жыць. Габрыэль заяўляе, што не баіцца яго і цяпер ведае пра яго ўсё, і клянецца знішчыць яго пры наступнай сустрэчы, пасля чаго таксама пакідае Тартарус.

Крыніцы

Катэгорыя:Відэагульні 2004 года Катэгорыя:Кааператыўныя відэагульні