Васіль Іванавіч Саламярэцкі (? — да 8.9.1540) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія Васіль Іванавіч — першы гістарычна вядомы князь Саламярэцкі. Пра яго бацькоў дакладна вядома толькі тое, што маці была дачкой Аляксандра Васілевіча Чартарыйскага.

Вядомы з 1510 года, калі атрымаў з гаспадарскага скарбу 20 коп грошаў і 14 локцяў аксаміту. Дзяржаўца кернаўскі ў 1512, магілёўскі з 1520 года (пацверджана ў 1522). У 1528 годзе выстаўляў у войска ВКЛ 15 коннікаў.

Заснаваў мужчынскі манастыр у Саламярэччы.

Меў маёнткі: Саламярэчча (Старое Саламярэчча), Саламярэцкі Гарадок (Сёмкаўскі Гарадок), Плешчанічы, Будынічы, Прылепы (Менскі павет); Домжарычы (Аршанскі павет); Асташын (з 1525, Новагародскі павет).

У шлюбе з Ганнай Іванаўнай з Уладыкаў (пам. 1560) нарадзіліся сыны Уладзімір, Фёдар, Іван, Андрэй, Багдан, дочкі Алена, Марына, Барбара, Ганна.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура Сліж Н. Сям’я Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Беларускі гістарычны зборнік. 38. Białystok, 2012. С. 7—46.

Спасылкі Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»

Васіль Іванавіч Катэгорыя:Старосты магілёўскія Катэгорыя:Старосты любашанскія