Хобненска-Хойніцкі пахаваны выступ — тэктанічная структура ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах, у складзе Цэнтральнай структурнай зоны Прыпяцкага прагіну.
Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых і міжсалявых дэвонскіх адкладах. На поўначы, захадзе і поўдні праз шэраг лакальных разрыўных парушэнняў сучляняецца з Капаткевіцка-Велікаборскай, Шастовіцкай, Мазырскай тэктанічнымі ступенямі і Ельскай грабен-сінкліналлю.
Даўжыня каля 60 км, шырыня да 30 км. Фундамент у межах выступу залягае на адзнаках ад -2000 да -4000 м, апускаецца на паўночны захад. Па паверхні фундамента і надсалявых адкладах выдзелена значная колькасць блокаў.
У разрэзе асадачнага чахла ўстаноўлены дэвонскія адклады: падсалявыя тэрыгенныя (магутнасць каля 150 м) і карбанатныя (каля 300 м), несаляносныя (да 500 м), міжсалявыя (да 300 м), верхнесаляносныя (да 1600 м). Надсалявыя каменнавугальныя, пермскія і мезазойска-кайназойскія адклады магутнасцю да 1500 м. Міжсалявыя адклады ў межах выступу падвергліся інтэнсіўнаму размыву.
Літаратура
Катэгорыя:Геалогія Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Геалогія Хойніцкага раёна Катэгорыя:Прыпяцкі прагін