Пратэсты ў Абхазіі 2024 года — палітычныя падзеі, якія адбываліся ў Рэспубліцы Абхазія ў лістападзе 2024 года.

Прычынай пратэстаў стала падпісанне і ратыфікацыі пагаднення, якое прадугледжвае шэраг ільгот для расійскіх інвестараў. Улады запэўнівалі, што дакумент накіраваны на прыцягненне інвестыцый у эканоміку. Аднак праціўнікі пагаднення былі перакананыя, што яго ўмовы выгадныя выключна расійскаму боку. Апазіцыя запатрабавала адстаўкі прэзідэнта Аслана Бжаніі.

Перадумовы Пагадненне паміж Урадам Расійскай Федэрацыі і Урадам Рэспублікі Абхазія «Аб ажыццяўленні расійскімі юрыдычнымі асобамі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Абхазія» з’яўлялася часткай праграмы гарманізацыі заканадаўства Расіі і Абхазіі, ініцыяванай у 2020 годзе. Афіцыйны тэкст пагаднення быў апублікаваны 31 жніўня 2024 года і выклікаў спрэчкі ў Абхазіі. Дакумент прадугледжваў шэраг ільгот для буйных расійскіх інвестараў, але асноўныя асцярогі ў апазіцыі выклікаў артыкул пра перадачу зямельных участкаў ва ўласнасць расійскіх кампаній. Пашырэнне расійскага бізнесу ў рэспубліцы магло пазбавіць мясцовых жыхароў заробку на турызме.

30 кастрычніка міністр эканомікі Абхазіі Крысціна Азган падпісала дакумент у Маскве. На думку пратэстоўцаў, гэта было зроблена з парушэннем абхазскага заканадаўства — без папярэдняга адабрэння парламентам. 9 лістапада Азган пацвердзіла, што расійскі бок не прыняў мноства паправак абхазскага боку. 11 лістапада дэпутаты абхазскага парламента прынялі закон аб «шматфункцыянальных комплексах», што папярэднічала ратыфікацыі інвестыцыйнага пагаднення. Яго планавалася разгледзець на пасяджэнні 15 лістапада. Апазіцыя абвясціла ў гэты дзень правядзенне акцыі пратэсту.

Ход падзей

11-12 лістапада Пратэсты пачаліся ў ноч з 11 на 12 лістапада, пасля затрымання пяці апазіцыянераў, якія, па сцвярджэнні ўладаў, напалі на дэпутата абхазскага парламента. Раніцай 12 лістапада дэманстранты перакрылі тры ключавыя дарогі на Сухумі, заблакаваўшы Гумісцінскі, Ніжні Гумісцінскі і Кадорскі масты. Таксама пратэстоўцы паспрабавалі ўварвацца ў будынак Службы дзяржаўнай бяспекі. Бліжэй да вечара ўсе пяць затрыманых апазіцыйных палітыкаў былі вызваленыя, пасля чаго асноўныя дарогі былі разблакаваныя і абстаноўка ў сталіцы на некаторы час стабілізавалася.

15 лістапада 15 лістапада парламент павінен быў разгледзець законапраект па ратыфікацыі пагаднення з Расіяй. Пратэст пачаўся адначасова з адкрыццём сесіі, у такіх умовах дэпутаты не змаглі ўзгадніць парадак пасяджэння, так што сесія была адменена. Аднак сітуацыя абвастрылася яшчэ больш пасля пераносу галасавання. Людзі, якія сабраліся ля будынка, не толькі не разышліся, а наадварот, запатрабавалі ад дэпутатаў правесці пасяджэнне і прагаласаваць супраць пагаднення. Па заяве ТАСС, каля будынка парламента сабралася некалькі сотняў чалавек. Абхазская апазіцыя заявіла пра 2,5 тысячы. Пратэстоўцы прынеслі сцягі Абхазіі і Расіі ў знак сяброўства і падтрымкі ўмацавання абхаза-расейскіх стасункаў, а таксама абвінавацілі Бжанія ў «спробе выкарыстоўваць гэтыя сувязі ў сваіх асабістых карыслівых інтарэсах і маніпуляванні для ўзмацнення свайго рэжыму».

Неўзабаве пачаліся бойкі: пратэстоўцы закідалі сілавікоў яйкамі і бутэлькамі. Удзельнікі акцыі пратаранілі плот аўтамабілем і паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю парламента. Сілавікі паспрабавалі заблакаваць праход, падагнаўшы да месца прарыву пажарную машыну, але пратэстоўцам удалося захапіць яе. Супраць іх ужылі дымавыя шашкі, слёзатачывы газ, паведамлялася пра гукі стрэлаў. У выніку сутыкненняў восем чалавек былі дастаўлены ў бальніцу.

На перамовы з пратэстоўцамі выйшлі начальнік Дзяржаўнай службы аховы, а затым — міністр унутраных спраў Роберт Кіут і кіраўнік службы дзяржбяспекі Дзмітрый Кучуберыя. Яны паабяцалі перадаць патрабаванні прысутных прэзідэнту. Да таго часу Бжанія з аховай пакінуў адміністрацыю.

Днём пратэстоўцы зламалі рашоткі на вокнах парламента, а таксама ўскрылі дзверы балгаркай і ўварваліся ў будынак. Удзельнікі мітынгу таксама занялі Адміністрацыю прэзідэнта. Сілавікі, якія ахоўвалі будынак парламента, пакінулі ачапленне і сышлі з тэрыторыі комплексу. Прысутныя скандавалі «дэзерцір», «адстаўка» і «Расія». Лідары апазіцыі настойвалі, што гэты пратэст «не супраць Расіі, а супраць алігархаў» — як расійскіх, так і абхазскіх. Да прэзідэнта быў адпраўлены спікер парламента з патрабаваннем адстаўкі. Пратэстоўцы стварылі Каардынацыйную Раду, у якую ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Яны заявілі пра намер заставацца ва ўрадавым комплексе да адстаўкі Бжаніі. Адразу пасля захопу будынкаў прэс-служба прэзідэнта апублікавала заяву, што законапраект будзе хутка адкліканы.

Таксама бакі вялі перамовы пра магчымаю кандыдатуру на пасаду выканаўцы абавязкаў прэзідэнта да правядзення новых выбараў вясной 2025 года ў выпадку адстаўкі Аслана Бжанія. Улады прапанавалі на гэтую пасаду віцэ-прэзідэнт Бадра Гунбу, а апазіцыя — спікера парламента Лашу Ашубу або іншага нейтральнага кандыдата, які задаволіў бы абодва бакі. Але пазней Бжанія адмовіўся пакінуць сваю пасаду. Апазіцыя абвясціла яму ўльтыматум. Апазіцыянеры лічылі, што Бжанія схаваўся на расійскай ваеннай базе, аднак пазней высветлілася, што ноччу ён прыбыў у сваё радавое сяло Тамыш за 40 кіламетраў ад Сухумі.

16 лістапада 16 лістапада Аслан Бжанія паабяцаў сысці з пасады і прызначыць віцэ-прэзідэнта часовым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, толькі калі пратэстоўцы пакінуць урадавы комплекс у Сухумі, аднак яны адмовіліся гэта зрабіць і зноў заклікалі да безумоўнай адстаўкі. Апазіцыя прапанавала на пасаду прэм’ер-міністра і в. а. прэзідэнта віцэ-прэм’ера-кіраўніка Мінфіна Уладзіміра Дэлбу, пры гэтым адправіўшы ў адстаўку ўвесь склад Кабінета міністраў, у тым ліку сілавы блок.

17 лістапада 17 лістапада пратэстоўцы працягвалі ўтрымліваць комплекс урадавых будынкаў і дэмантаваць плот вакол парламента.

18 лістапада У ноч на 18 лістапада адбылася страляніна ля будынка абхазскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Паміж прадстаўнікамі ўладаў і апазіцыі пачаліся перамовы пры ўдзеле спікера парламента Лашы Ашуба. Аслан Бжанія на сустрэчы прадстаўлялі віцэ-прэзідэнт Бадра Гунба, Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Атар Хецыя і грамадскі дзеяч Давід Пілія. Ад апазіцыі ў перамовах удзельнічалі Адгур Ардзінба, Кан Кварчыя і Леван Мікаа.

19 лістапада 19 лістапада Аслан Бжанія і прэм’ер Аляксандр Анкваб сышлі ў адстаўку. Абавязкі прэзідэнта прызначаны выконваць віцэ-прэзідэнт Бадра Гунба, на пасаду прэм’ера — экс-спікер парламента Валерый Бганба.

Рэакцыя 15 лістапада МЗС Расіі пракаменціравала, што з трывогай сочыць за падзеямі ў Абхазіі, назваўшы іх «крызіснай сітуацыяй».

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі катэгарычна асудзіла крокі Расіі ў кірунку анексіі акупаванай Абхазіі. Акрамя таго, яна выказала салідарнасць з жыхарамі Абхазіі, якія, з яе слоў, супрацьстаяць спробам укаранення расійскага заканадаўства.

Наступствы 3 снежня абхазскія дэпутаты прагаласавалі супраць ратыфікацыі міжурадавага пагаднення аб ажыццяўленні расійскімі юрыдычнымі асобамі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Абхазіі.

Датэрміновыя выбары прэзідэнта Абхазіі прызначены на 15 лютага 2025 года.

Крыніцы

Катэгорыя:Пратэсты 2024 года Катэгорыя:Лістапад 2024 года