«Я выходжу» () — беларускі палітычны лозунг, які ўзнік пасля забойства мінскага актывіста Рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020 года. Лозунг набыў грамадска-палітычнае значэнне і шырока выкарыстоўваўся як заклік да ўдзелу ў акцыях пратэсту падчас масавых дэманстрацый у Беларусі 2020—2021 года.

Гісторыя

Паходжанне Перадумовай узнікнення лозунгу стаў прыезд невядомых асоб у масках на Плошчу Перамен (неафіцыйная назва двара ў Мінску на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Смаргоўскага тракта) 11 лістапада 2020 года з мэтай зрэзаць бел-чырвона-белыя стужкі. 31-гадовы жыхар двара Раман Бандарэнка выйшаў для ўстанаўлення кантакту з невядомымі, папярэдне пакінуўшы паведамленне «Я выходжу» ў дваровым Telegram-чаце . На дзіцячай пляцоўцы ён быў зьбіты, пасьля чаго дастаўлены ў мясцовы РАУС. З міліцыі пацярпелы быў накіраваны ў хуткую дапамогу, дзе ў яго дыягнаставалі ўнутрымазгавое кровазліццё і цяжкія цялесныя пашкоджанні. 12 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Падчас пратэстаў

Пасля трагічных падзей словы «Я выходжу» сталі асновай для шэрагу акцый пратэсту. Ужо 13 лістапада 2020 года беларуская дыяспара ў Маскве выкарыстоўвала лозунг на плакатах, суправаджаючы яго свечкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. 15 лістапада 2020 года пад гэтым лозунгам прайшлі пратэсты ў Беларусі, якія прывялі да затрымання звыш 1000 чалавек. Акрамя таго, лозунг актыўна распаўсюджваўся ў выглядзе графіці і надпісаў на платах, застаючыся прыкметным элементам пратэстнай прасторы да лютага 2021 года.

Аналіз Прагматычная прэсупазіцыя лозунгу можа быць інтэрпрэтаваная як «Я заклікаю ўсіх выходзіць разам са мной на вулічныя пратэсты, супраціўляцца неправамерным дзеянням уладаў». Лозунг атрымаў розныя варыяцыі. Адной з такіх формаў стаў кароткі зварот «Выходзь!», а таксама пашыраныя канструкцыі тыпу «Я выходжу — выходзь і ты!», якія выкарыстоўваліся як форма ўскоснай цытаты.

Аналітык і кандыдат навук па культуралогіі Вадзім Мажэйка адносіць гэты лозунг да катэгорыі «агульнаадабраючых», бо ён адлюстроўвае спецыфічнае пачуццё спантаннага адзінства сярод удзельнікаў маршаў, якія часта не былі арганізаванымі групамі, а ўяўлялі сабой супольнасць незнаёмых людзей. Таксама лозунг выкарыстоўваўся ў выглядзе звароту да назіральнікаў, якія глядзелі за пратэстам з вокнаў сваіх кватэр («Я выходжу — выходзь і ты!»).

Ацэнкі Выданне «Настоящее Время» назвала «Я выходжу» адным з галоўных лозунгаў беларускага пратэсту.

У культуры Адразу пасля смерці Рамана Бандарэнкі музыкі Піт Паўлаў і Аляксандр Памідораў прысвяцілі яму і яго апошнім словам песню «Я выходжу». У канцы лістапада 2020 гады на YouTube-канале анімацыйнага персанажа Mr. Freeman было апублікавана відэа ў падтрымку пратэстуючых беларусаў пад назвай «Я выходжу». У снежні 2020 года выйшаў дакументальны фільм Дар’і Дэмуры, Максіма Шведа і Кацярыны Ігнашэвіч пад назвай «Я выходжу», які быў прысвечаны пратэстным акцыям у Мінску. У красавіку 2021 года была выдадзена фотакніга «Я выходжу», створаная графічным дызайнерам Аляксеем Пірсам, а ў ліпені таго ж года Святлана Ціханоўская перадала яе экзэмпляр у бібліятэку Кангрэса ЗША.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020) Катэгорыя:Палітычныя лозунгі Беларусі