Люцыян Антоні Вольскі (; ) — пісьменнік, публіцыст і гаспадарчы дзеяч.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і губернскага сакратара Міхала Вольскага і Юзэфы народжанай Ржэнсніцкай (), ахрышчаны 14 траўня ў прыходскім касцёле Слоніма. Вядома, што ў пазнейшыя часы бацька Міхал Вольскі быў адміністратарам маёнтка Іўе графаў Замойскіх.
Пачатковую асвету Люцыян Вольскі атрымаў у Навагрудку, пасля чаго бацька перавёз яго ў Вільню, дзе ён працягнуў вучобу ў гімназіі і скончыў яе з адзнакай. Дзеля атрымання вышэйшай адукацыі ён накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе паступіў у Тэхналагічны інстытут. Праз нястачу грошай быў вымушаны кінуць вучобу цераз два гады і пачаць зарабляць пісаннем артыкулаў у газеты. Пазней уладкаваўся кіраўніком аддзела «Таварыства нафтавай вытворчасці братоў Нобеляў» у Царыцыне на Волзе, дзе працаваў з вялікім прыбыткам менш за 5 гадоў. Пасля гэтага паўтара года кіраваў перавозкай нафты караблямі гэтага ж таварыства па Волзе.
У 1880-х гадах вярнуўся на радзіму. У 1888 годзе ён узяў кіраванне маёнткам Іўе замест свайго бацькі, якому сталыя гады ўжо не дазвалялі працаваць. Пасаду адміністратара маёнтка ён займаў да канца свайго жыцця.
Таксама займаўся культурна-асветнай працай. Ён заснаваў адзін з першых сельскагаспадарчых гурткоў у Іўі, быў сябрам Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, выступаў карэспандэнтам і аўтарам артыкулаў газеты «Zorza Wileńska». У сваіх публікацыях на польскай мове пад псеўданімам Матэвуш Гавэнда () ён пісаў пра родны край, з псеўданімам Бацян (бусел, ) апавядаў пра заморскія краіны, таксама апавядаў як трэба весці гаспадарку. Быў аўтарам прынамсі дзвюх кніг: «Z pod chłopskiej srzechy» і «Czem chata bogata: druga czytanka dla braci wieśniaków» (1908).
Паводле ўспамінаў, людзі, гаспадары і сяляне, шанавалі адміністратара. У часе рэвалюцыйных падзей 1905 года, калі ў краі адбываліся разбоі і напады на маёнткі, у Іўі было спакойна. Мясцовыя сяляне і беднякі атрымлівалі ад Люцыяна Вольскага праз дазвол гаспадара дрэвы на распал або адбудову згарэлых будынкаў. Вядома, што ён быў аўтарам праекта ўзорнай рыбнай гаспадаркі ў маёнтку. Уладальнік маёнтка граф Томаш Замойскі незадоўга да смерці Вольскага мусіў даручыць апошняму падрыхтоўку свайго сына да прафесіі земляроба.
Памёр 8 жніўня 1908 года ў Брэсце. Урачыстае жалобнае набажэнства ў іўеўскім касцёле спраўляў ксёндз дэкан Тарасевіч, нябожчык быў пахаваны на мясцовых могілках (магіла захавалася). Пазней у касцёле Іўя праз фундацыю графа Томаша Займойскага была размешчана памятная дошка Люцыяну Вольскаму. Планавалася стварыць стыпендыю імя Люцыяна Вольскага, якую б на атрыманне адукацыі ў земляробчай школе Варонічаў атрымлівалі б два хлопчыкі — адзін з засцянковай шляхты, а адзін з сялян. Невядома, ці была створана гэта стыпендыя. Літаратурная і публіцыстычная спадчына Люцыяна Вольскага застаюцца слаба вывучанымі.
Сям’я Быў у шлюбе з Марыяй з Васілеўскіх, была дачка Гелена.
Бібліяграфія
Z pod chłopskiej srzechy Czem chata bogata: druga czytanka dla braci wieśniaków (1908)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі