Мардэхай Цанін (сапраўднае: Цукерман; ) — яўрэйскі журналіст, публіцыст, пісьменнік, лексікограф, аўтар ілюстрацый.

Біяграфія Меў двайное імя Шая-Мордка, бацька Давід Цукерман працаваў складальнікам заяў ад падданых ураду, маці звалі Това-Малка. У сям’і было сем дзяцей: большы брат Герман (Генрык) разам з бацькам у канцы 30-х гадоў выехаў у Аўстралію, а адтуль у Новую Зеландыю; большая сястра Феліцыя з маткай выехала ў Палесціну, сястра Эстар (Эльза) пазней выйшла замуж за Станіслава Ежы Леца, ды яшчэ былі дзяўчаты Рыўка (Рыся) і Башэва.

Хадзіў у хедар і ешыбот у Сакалове-Падляскім, а ў 1921 з бацькамі перасяліўся ў Варшаву, дзе вучыўся ў польскай гімназіі.

Дэбютаваў у 1929 годзе апавяданнямі і фельетонамі ў варшаўскіх газетах. Узяў сабе псеўданім Цанін, які пазней стаў яго афіцыйным прозвішчам. Да вайны працаваў журналістам у яўрэйскай прэсе («Афганг» i «Нае фолкс-цайтунг» і інш.), апублікаваў дзве празаічныя кнігі.

Удзельнік абароны Польшчы ў верасні 1939 года. Аказаўся ў Вільні. Ад японскага консула Сугіхара атрымаў дакументы, дзякуючы якім праз СССР, Японію, Кітай, Індыю і Егіпет дабраўся да Палесціны. Атрымаў брытанскае грамадзянства, узяўся за літаратурную і газетную працу.

У 1945—1947 гадах некалькі разоў прыязджаў у Польшчу з мэтай убачыць і апісаць выгляд краіны пасля знішчэння яўрэяў. Свае рэпартажы друкаваў у газеце «Форвэрц», пад адной вокладкай іх выдалі ў 1952 годзе, у польскім перакладзе пад назвай «Przez ruiny i zgliszcza» — у 2018.

Быў абаронцам усходнееўрапейскай культуры і мовы ідыш у Ізраілі, заснавальнік і галоўны рэдактар газеты «Лецтэ наес», якая выходзіла ў 1949—2006, пакінуў рэдакцыю ў 1977 годзе. Адзін з заснавальнікаў Бэйт Лейвік — Саюза ізраільскіх пісьменнікаў і журналістаў, якія пішуць на ідышы; некалькі год узначальваў саюз. Аўтар апавяданняў, рэцэнзій, біяграфій, звыш 20 аповесцей і раманаў.

Укладальнік вялікіх слоўнікаў, яўрэйска-іўрыцкага (1982) і іўрыцка-яўрэйскага (1983).

Жыў у Тэль-Авіве, дзе памёр 4 лютага 2009 года маючы 103 гады. Быў жанаты з Дорай Цанінай (1912—1996).

Творы Wiwat lebn! (Віват жыццё!, 1933), апавяданні Ojf zumpiker erd (На балоцістай зямлі, 1935) Wuhin gejt Japan (Куды ідзе Японія, 1942), рэпартажы Iber sztejn un sztok. A rajze iber hunder chorew-geworene kehiles in Pojln (1952), рэпартажы Szabesdike szmuesn (Суботнія размовы, 1957), фельетоны Artopanus kumt curik ahejm (Артапанус вяртаецца дамоў), цыкл гістарычных аповесцей: Jeruszolajim un Rojm (Ерусалім і Рым, 1966) Fremde himlen (Чужыя нябёсы, 1968) Libszaft in gewiter (Любоў у час буры, 1972) Di meride fun Meżiboż (Бунт Межыбожа, 1976) Der Jardn falt arajn in Jam Hamelech (Іардан упадае ў Мёртавае мора, 1981) Der gzar-din (Прыгавор, 1985) Grenecn biz cum himl (Граніцы да самага неба, 1969/1970), аўтабіяграфія Zumersznej (Летні снег, 1992), выбраныя творы

Літаратура Monika Adamczyk-Garbowska: Samotna misja Mordechaja Canina. // Mordechaj Canin: Przez ruiny i zgliszcza. Podróż po stu zgładzonych gminach żydowskich w Polsce. Warszawa: Wydawnictwo Nisza, 2018, s. 7-21. ISBN 978-83-62795-81-9.

Спасылкі Хаім Лейб Фукс Tsanin Shaye Mortkhe Tsanin (Yeshaye) Mordkhe. Яўрэйска-іўрыцкі слоўнік і Іўрыцка-яўрэйскі слоўнік (том I, том II)

Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Пісьменнікі Ізраіля Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Яўрэйскія публіцысты (ідыш) Катэгорыя:Журналісты Ізраіля Катэгорыя:Лексікографы Катэгорыя:Удзельнікі абароны Польшчы ў 1939 годзе Катэгорыя:Стагадовыя доўгажыхары