Шмуэль Магілевер (25 красавіка 1824, Глыбокае – 10 чэрвеня 1898, Беласток), таксама Самуэль Магілевер - рабін, піянер рэлігійнага сіянізму і адзін з заснавальнікаў руху Хібат Цыён.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Глыбокім, паходзіў з рабінскай сям'і, яго дзед быў вучнем Віленскага Гаона. Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце. З 1848 па 1854 быў рабінам Глыбокага, затым служыў рабінам у Шаках (1854-60), Сувалках (1860–1868), Радаме (1868–1883) і Беластоку (1883–1898).

Спрабаваў пераадолець разрыў паміж традыцыйным іўдаізмам і Гаскалой.

Як важная грамадская асоба, удзельнічаў у дыскусіях па праблемах, з якімі сутыкаецца яўрэйства Расійскай імперыі. Меў сувязі з Таварыствам садзейнічання культуры сярод яўрэяў Расіі (АПЭ) і займаў пазіцыі, якія былі непрымальнымі для многіх іншых рабінаў у гэтай краіне: напрыклад, падтрымліваў увядзенне агульнай адукацыі ў традыцыйныя яўрэйскія навучальныя ўстановы і заклікаў накіроўваць яўрэяў Расіі на прадуктыўную эканамічную дзейнасць.

У 1873 годзе удзельнічаў у рабінскім з'ездзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе выступіў з прамовай аб вяртанні ў Эрэц-Ісраэль, адрасаванай як артадаксальным яўбрэям, так і маскілам. Аднак яго погляды ў той час не знайшлі шмат прыхільнікаў.

З пачаткам пагромаў у Расійскай імперыі ў 1881 годзе быў сярод першых рабінаў, якія актыўна падтрымалі бежанцаў і заахвоцілі іх іміграцыю ў Палесціну. У сярэдзіне 1882 года разам з двума іншымі вядучымі рабінамі — Ёзэфам Довам Салавейчыкам з Брэста і Эліягу Хаімам Майзелем з Лодзі заклікаў да стварэння арганізацыі для заахвочвання іміграцыі ў Зямлю Ізраіля і выказаў сваю заклапочанасць з нагоды эміграцыі ў Амерыку, якая, на яго думку, прывядзе да асіміляцыі.

Магілевер быў сярод заснавальнікаў руху «Хібат Цыён» («Любоў да Сіёна»)Гольдштейн Йосси. Развитие сионистского движения в России в 1881-1917 гг. // История еврейского народа в России. От разделов Польши до падения империи. Т. 2. Иерусалим - Москва. 2017. С. 289-319. і актыўна заахвочваў стварэнне таварыстваў паслядоўнікаў (пад назвай «Хавевэй Цыён», «Тыя, хто любіць Сіён») па ўсёй Расійскай імперыі; ён здзейсніў некалькі паездак у Заходнюю Еўропу ад імя руху. Менавіта ён першым паўплываў на барона Эдмонда дэ Ротшыльда, каб той падтрымаў раннія паселішчы ў Палесціне. Таксама наведаў буйныя яўрэйскія цэнтры ў Заходняй Еўропе, каб пераканаць яўрэйскіх лідараў падтрымаць іміграцыю ў Зямлю Ізраіля. Лічыў, што толькі там яўрэйскія сельскагаспадарчыя паселішчы змогуць паспяхова развівацца з-за асаблівых адносін яўрэяў да сваёй старажытнай радзімы.

Магілевер быў прызначаны рабінам Беластока ў 1883 годзе. Прысвяціў сябе прасоўванню сіянізму, пераканаўшы беластоцкіх яўрэяў пераехаць у Петах-Тыкву, якое тады знаходзілася ў стане заняпаду.

У 1884 годзе быў абраны прэзідэнтам Катавіцкай канферэнцыі «Хавевей Цыён», старшынёй якой быў Леон Пінскер.

Быў старшынёй на канферэнцыі 1887 года ў Друскеніках, дзе шла барацьба за лідэрства ў руху паміж маскілім (на чале з Пінскерам) і артадаксальнымі яўрэямі (якіх узначальваў Магілевер). Асабліва гарачыя дыскусія разгарэліся ў 1888 годзе пра захаванне "суботняга года". Для новых пасяленцаў у Палестыне спыненне сельскагаспадарчых работ на год, як таго патрабавала галаха, азначала поўнае разарэнне. Пад ціскам адукаваных колаў «Хібат Цыён» быў дасягнуты кампраміс, пасяленцы - на падставе спецыяльнага дазволу, які даў ковенскі рабін Іцхак Эльханан Спектар, - атрымалі магчымасць апрацоўваць зямлю рознымі спосабамі і ў субботні год (1888-1889). Аднак гэта рашэнне было прынята толькі пасля умяшання Шмуэля Магілевера і яшчэ некалькіх рабінаў.

На трэцяй канферэнцыі руху, што адбывалася ў Вільні ў 1889 годзе, Магілевер быў абраны адзіным кіраўніком руху, што азначала перамогу артадаксальных яўрэяў у руху. Але цалкам ігнараваць патрабаванні маскілім было немагчыма, і таму ў Адэсе быў створаны асобны камітэт, які кантраляваўся свецкімі яўрэяміGoldstein, Yossi. 2015. “Reflection on the failure of the Lovers of Zion.” Journal of Modern Jewish Studies 14 (2): 229–45. doi:10.1080/14725886.2015.100972.

У 1893 годзе паўсталі канфлікты паміж рабінам Магілеверам і галоўным офісам руху «Хавевей Цыён» у Адэсе, які быў у значнай ступені секулярысцкім і кіраваўся Леонам Пінскерам. Гэта прывяло да рашэння стварыць яшчэ адзін цэнтр пад кіраўніцтвам Магілевера. Гэта арганізацыя атрымала назву «Мізрахі» (ад מ רכ ז ר ו ח נ י, мерказ рухі — «духоўны цэнтр»). Яе задачай было адукаваць прававерных яўрэяў у духу сіянізму, асноўнай базай былі яўрэі Літвы і Беларусі. Але, нягледзячы на рэлігійныя рознагалоссі, рабін Магілевер прыняў рашэнне застацца часткай руху «Хавевей Цыён». Тым не менш, аказваў пастаянны ціск на нацыянальны рух, каб той задаволіў патрабаванні прававерных яўрэяў. Рабін Магілевер і яго калегі працягвалі сваю працу, асабліва сярод артадаксальных яўрэяў, і ў выніку Мізрахі стаў асновай рэлігійнага сіянісцкага руху.

У 1897 годзе накіраваў пасланне Першаму сіянісцкаму кангрэсу: Вельмі важна, каб Кангрэс аб'яднаў усіх «Сыноў Сіёна», якія верныя нашай справе, для працы ў поўнай гармоніі і братэрстве, нават калі сярод іх ёсць рознагалоссі адносна рэлігііArthur Hertzberg, The Zionist Idea, (Meridian, New York, 1960), p.400-402..

Паспяхова натхніў аб'яднанне традыцыйнай яўрэйскай артадоксіі з практычным сіянізмам.

У сваім апошнім лісце да расійскіх яўрэяў перад смерцю заклікаў іх працаваць над дасягненнем глыбокай прыхільнасці да запаведзі пасяліцца ў Ізраілі, які, паводле яго слоў, з'яўляецца «падмуркам існавання нашага народа».

Памяць У яго гонар была названа сінагога ў Беластоку, "Бет Шмуэль" ("Дом Шмуэля"), пабудаваная ў 1902 годзе, спаленая падчас Другой сусветнай вайны.

Кібуц Ган Шмуэль быў названы ў гонар Магілевера.

Адна з вуліц у цэнтры Тэль-Авіва названа ў яго гонар.

У Тэль-Авіве з 2009 года дзейнічае музей, прысвечаны гісторыі ранняй эміграцыі ў Эрэц-Ізраіль, названы ў яго гонар ("Музей рабіна Магілевера").

Спасылкі Катэгорыя:Памерлі ў 1898 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1824 годзе Катэгорыя:Постаці сіянізму

Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі Катэгорыя:Рабіны Катэгорыя:Сіянізм Катэгорыя:Нарадзіліся ў Глыбокім