HUGO BOSS — нямецкая кампанія-вытворца моднай вопраткі. Штаб-кватэра — у горадзе Мецынген (зямля Бадэн-Вюртэмберг, Германія).

Гісторыя У 1923 годзе Хуга Фердынанд Бос (Hugo Ferdinand Boss) заснаваў у Мецынгене невялікую швейную фабрыку па вытворчасці рабочага і спартыўнага адзення.

У 1930 годзе прадпрыемства апынулася на мяжы банкруцтва. У 1931 годзе Хуга Бос уступіў у НСДАП і атрымаў партыйную замову на вытворчасць уніформы СА, СС і гітлерюгенда, дызайн якой быў распрацаваны Карлам Дзібічам. У 1934 годзе Бос купіў ткацкую фабрыку і перанёс на яе тэрыторыю свае швейныя майстэрні. У 1937 годзе ў Хуга Боса працавалі амаль сто чалавек. З пачаткам Другой сусветнай вайны яго фабрыка была аб’яўлена важным ваенным прадпрыемствам і атрымала заказ на выраб уніформы для вермахта. У перыяд з 1940 па 1945 год на фабрыцы задзейнічалі 140 прымусовых рабочых — пераважна з Польшчы і Украіны, а таксама 40 французскіх ваеннапалонных.

Пасля заканчэння вайны Бос пераключыўся на шыццё ўніформы для чыгуначнікаў і паштальёнаў.

Пасля смерці Хуга Боса ў 1948 годзе фірму ўзначаліў яго зяць Ойген Холі. У 1953 годзе Hugo Boss выпусціла першы мужчынскі гарнітур. У 1967 годзе кампанія перайшла ў рукі дзяцей Ойгена Холі — Увэ і Ёнена. У 1975 годзе фірма прыцягнула да супрацоўніцтва аўстрыйскага мадэльера Вернера Бальдэсарыні. У 1985 годзе кампанія выйшла на біржу. У 1991 годзе кантрольны пакет акцый набыў італьянскі канцэрн Marzotto, і ў 1993 годзе браты Холі пакінулі бізнэс. У 2002 годзе Marzotto уключыў прыналежныя яму модныя брэнды, уключаючы Hugo Boss, у кангламерат Valentino Fashion Group, які ў 2007 годзе быў прададзены канцэрну Permira. У 2012 годзе кангламерат быў расфармаваны пры перапродажы брэнда Valentino катарскаму інвестыцыйнаму фонду Mayhoola.

У 2000 годзе пад ціскам грамадскасці кампанія ўступіла ў фонд «Памяць, адказнасць, будучыня», створаны буйнымі нямецкімі фірмамі для выплаты кампенсацый былым паднявольным рабочым.

Катэгорыя:Кампаніі Германіі