Нуклеапратэіды — складаныя комплексы нуклеінавых кіслот з бялкамі. Адрозніваюць нуклеапратэіды ў комплексе з ДНК і РНК.
Дэзоксірыбануклеапратэіды знаходзяцца ў ядрах клетак (рэчывы храмасом), мітахондрыях і галоўках сперматазоідаў. Іх бялкі з’яўляюцца гістонамі і пратамінамі (нізкамалекулярныя бялкі), размяшчаюцца ў жалабках двайной спіралі ДНК, стабілізуюць яе структуру і рэгулююць матрычную актыўнасць; звязаны з нуклеінавай кіслатой электрастатычным узаемадзеяннем.
Рыбануклеапратэіды ўваходзяць у склад рыбасом, вірусаў, інфармасом. Кожная з гэтых структур мае адну або некалькі малекул РНК і дзясяткі розных бялкоў. Вылучаныя і ачышчаныя кампаненты рыбасом і вірусаў здольныя да самазборкі і ўтварэння біялагічна актыўных сістэм (напрыклад, інфекцыйных вірусаў).
Нуклеапратэіды ўтвараюцца ў выніку некавалентных узаемадзеянняў бялкоў і нуклеінавых кіслот: вадародныя сувязі паміж амінакіслотамі і азоцістымі асновамі, электрастатычныя ўзаемадзеянні адмоўна зараджаных фасфатных груп нуклеінавых кіслот з дадатна зараджанымі ўчасткамі бялкоў, гідрафобныя кантакты паміж астаткамі араматычных амінакіслот і азоцістых асноў і інш. Стабілізуючую ролю ў нуклеапратэідах часта выконваюць іоны металаў.
Літаратура
Катэгорыя:Бялкі Катэгорыя:Нуклеінавыя кіслоты