Буйвідаўшчына або Буйвідаўка, Буйвідаўцы, таксама Буйдаўшчына — былы засценак, потым вёска ў межах цяперашняга Мінскага раёна.

Назва Назва паходзіць ад балцкага імя Буйвід.

Гісторыя Вядомы прынамсі з канца XVIII стагоддзя як засценак Буйвідаўцы ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць Францішка Станіслава Гутэн-Чапскага і Веранікі Іааны з Радзівілаў. На 1787 год 1⅜ валокі трымаў зямянін Сымон Тэадоравіч Канановіч герба «Радван».

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні.

Пасля 1861 года ў Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета. У другой палове XIX стагоддзя ўласнасць Галімскіх, каталіцкая парафія Мінск. У 1876 годзе ўладальнікам Буйвідаўшчыны быў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Нікадзім Карлавіч Галімскі, было 66 дзесяцін зямлі, права ўласнасці перайшло ў спадчыну, гаспадаркай займаўся арандатар. У 1889 годзе ўладальнік ён жа, была 51 дзесяціна.

У 1914 годзе землеўладальнікам быў Бярнард Дамінікавіч Юрэвіч, меў 62,5 дзесяціны.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1924—1925 гадах народны камісар земляробства Беларускай ССР Зміцер Прышчэпаў вызваліў ад падаткаў і залічыў у разрад культурна-паказальнай гаспадарку селяніна Юрэвіча на хутары Буйдаўшчына Крупіцкага сельскага савета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (гл. Прышчэпаўшчына).

У 1926 годзе было 2 двары, у 1939 годзе столькі ж.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. 2 лістапада 1943 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі ў панскай сядзібе ў Буйвідаўшчыне (Буйдаўшчыне) былі расстраляныя мужчыны вёскі Кузьмёнкі (Кузьмянка).

У наш час не існуе.

Насельніцтва

1908 год — 2 двары, 18 жыхароў 1917 год — 1 двор, 10 жыхароў, усе палякі

Крыніцы

Літаратура