Васіль Пантэлевіч (, ; ) — кампазітар, юрыст, у часе Другой сусветнай вайны — другі кіраўнік брэсцкага Українського допомогового комітету.

Біяграфія Скончыў Холмскую духоўную семінарыю і юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў Рускую імператарскую армію. Яго жонка Марыя Мішчанка разам з аднагадовым сынам Лявонціем (Лёсікам) выехала з Коданя ў прымусовую эвакуацыю ў Расію, у дарозе захварэла і памерла.

Пасля Першай сусветнай вайны Пантэлевіч вярнуўся з сынам у Брэст, працаваў юрыстам і рэгентам у Свята-Мікалаеўскай (Брацкай) царкве Брэста, вёў курсы для рэгентаў. «Дзівосна спявае хор, адзін з найлепшых хораў Польшчы, пад кіраваннем незабыўнага Васіля Дзмітрыевіча Пантэлевіча. Рэгент Пантэлевіч, што валодаў рэдкім па прыгажосці і сіле тэнарам, да сваёй трагічнай смерці заставаўся верным сынам Царквы. Строгі, патрабавальны, ён не трываў фальшу ў спевах і карыстаўся любоўю пеўчых. Не крыўдзілася на Пантэлевіча і шаноўная дама-пеўчая, жонка вельмі паважанага ў горадзе лекара, калі рэгент збіваў з яе носа пенснэ: яна пакорліва падымала і ўздзявала яго на свой нос», — успамінаў настаяцель брэсцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Мітрафан Зноска.Меў папулярнасць сярод украінскай і расійскай інтэлігенцыі.

Быў сябрам управы ўкраінскага таварыства «Просвіта» ў Брэсце з моманту яе заснавання. У 1923 годзе абраны намеснікам кіраўніка таварыства і кіраўніком тэатральна-музычнай секцыі.

Ставіў у Брэсце оперы «Галька» Станіслава Манюшкі, «Наталка Палтаўка», «Яўген Анегін». Паклаў на музыку верш Алексы Старажэнкі «Україна» і выконваў разам са сваім хорам. Выступы праходзілі ў брэсцкім тэатры Сарвера і зале рускамоўнай прыватнай гімназіі. У 1925 годзе стаў сакратаром Камітэта пабудовы Народнага дома ў Брэсце пры таварыстве «Просвіта на Поліссі».

Быў сябрам бацькоўскай апякунскай рады прыватнай рускамоўнай гімназіі Брэста і нават ажаніўся у 1928 годзе з яе выпускніцай, а заразом сваёй харысткай Аленай Дарковіч (нар. 1905). Спяваў з ёй дуэтам (тэнар і сапрана).

У 1934 годзе выступіў сузаснавальнікам Юрыдычнага таварыства ў Брэсце.

З прыходам савецкай улады ў верасні 1939 года пераехаў у Бялу Падляску, кіраваў там царкоўным хорам. З канца 1942 года — кіраўнік Украінскага камітэту дапамогі ў Брэсце (пазней перайменаваны ва Украінскі камітэт). На гэтай пасадзе планаваў стварыць пастаянны гастрольны тэатр, моладзевую і жаночую секцыі. Працягваў быць рэгентам Свята-Мікалаеўскай царквы, кіраваў хорамі брэсцкіх Украінскага тэатра мініяцюр і Клуба ўкраінскай моладзі.

Быў арыштаваны гестапа ў 1944 годзе — ці то як закладнік, ці то па абвінавачванні ў змаганні супраць нацыстаў. Сваякам паведамілі, што ў турме Пантэлевіч павесіўся на дзязе. Пра пахаванне Пантэлевіча паведамілі ў газеце, сабралася шматлюдная працэсія. Пахаваны на Трышынскіх могілках Брэста.

У Брэсце жыў ва ўласным доме па адрасе Касцюшкі, 15 (цяпер Гогаля, 33), гэта сядзіба 1932 года па праекце архітэктара Мікалая Катовіча з’яўляецца выбітным узорам брэсцкага канструктывізму.

Крыніцы

Катэгорыя:Кампазітары Беларусі