Аляксандр Львовіч Ільін (26 красавіка 1956, Верхнядняпроўск, Днепрапятроўская вобласць — 9 лістапада 2020, Пінск) — гісторык, краязнаўца, матэматык, выкладчык, галоўны рэдактар ​​часопіса «Гістарычная Брама: гісторыя і культура Палесся».

Біяграфія У 1977 годзе скончыў механіка-матэматычны факультэт Днепрапятроўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля чаго быў прыняты ў якасці асістэнта кафедры матэматычнага аналізу Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

З 1981 па 1985 год вучыўся ў аспірантуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. М. Горкага па спецыяльнасці «Матэматычны аналіз». У 1985 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Аб вырашальнасці адпаведнасцяў».

З 1986 па 2003 год выкладаў у Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (1986—1989), Глухаўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (Украіна, 1989—1997), Брэсцкім дзяржаўным універсітэце ім. А. Пушкіна (1997—2000), Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту (Гомель, 2000—2003). У 1992 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта.

З 2003 па 2006 год — загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі і інфарматыкі ў Пінскім вышэйшым банкаўскім каледжы. З чэрвеня 2006 года па сакавік 2020 года — дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій УА «ПалесДУ», а з сакавіка 2020 года — дацэнт кафедры інфармацыйных тэхналогій і інтэлектуальных сістэм Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Апроч матэматыкі, глыбока займаўся краязнаўствам і гісторыяй Брэсцка-Пінскага рэгіёна. Пачаў гуманітарныя штудыі ў пачатку 1990-х. "Мае бацькі, скончыўшы Днепрапятроўскі ўніверсітэт, прыехалі працаваць у Брэст у 1952 годзе, таму з ранняга дзяцінства я быў звязаны з Палессем, дзе вучыўся ў школе і пражыў большую частку свайго жыцця. Яно стала для мяне родным. Але мяне пастаянна цягнула да Вялікай Украіны: я вучыўся ў Днепрапятроўскім універсітэце, і амаль дзесяць гадоў выкладаў матэматыку ў Глухаўскім педагагічным інстытуце. Бурная эпоха распаду Савецкага Саюза абудзіла маю цікавасць да гісторыі. Часам мяне папракаюць — матэматышка займаецца гісторыяй. Можа і добра, што ў мяне няма гістарычнай адукацыі, бо савецкая і постсавецкая гістарычная навука прасякнута хлуснёй, стэрэатыпамі, камуністычнай і шавіністычнай міфатворчасцю. Сучаснай гістарычнай навуцы патрэбны свежы і непрадузяты погляд.Вывучаў дзекабрыстаў, паўстанцаў 1830—1831 гадоў і іх сувязі з Палессем, выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі, Рэнесанс у Вялікім Княстве Літоўскім, даследаваў уплыў падзей гісторыі Берасцейшчыны на творчасць класікаў (у прыватнасці, Мікалая Гогаля). Зрабіў шэраг адкрыццяў у біяграфіі Якуба Коласа і яго пінскага перыяду.

Дзясяткі даследаванняў прысвяціў аспектам гісторыі Пінска і Піншчыны, вывучаў шляхецкія і святарскія роды рэгіёна, глыбока вывучаў генеалогію (у прыватнасці, рода Скірмунтаў), у выніку матэрыялы склалі манаграфію.

Прапанаваў арыгінальныя версіі аўтарства п’есы «Пінская шляхта» (дырэктар пінскай гімназіі Стафан Куклінскі або Дзмітрый Булгакоўскі).

Падрыхтаваў манаграфію пра гісторыю і вязняў канцлагера ў Бярозе-Картузскай.

У кіеўскіх архівах знайшоў багатую інфармацыю пра ўкраінскую адміністрацыю Берасцейшчыны, вынікам сталі публікацыі, у прыватнасці, «Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах)», «Петро Патон — губернський староста Поліської округи Української Держави», а таксама даследаванні пра ўкраінскіх пісьменнікаў з Берасцейшчыны Барыса Альхіўскага, Андрыя Крыжаніўскага, Уладзіміра Кітаеўскага.

Быў галоўным рэдактарам часопіса «Гістарычная Брама: гісторыя і культура Палесся», узняў рэгіянальны часопіс у ранг універсітэцкага выдання. Заснаваў кніжную серыю «Палеская бібліятэчка часопіса „Гістарычная брама“».

Пісаў у рэгіянальныя і агульнадзяржаўныя выданні, публікаваўся ва Украіне і Польшчы («Podlaski kwartalnik kulturalny»,, «Над Бугом і Нарвою»).

Апублікаваў больш як 50 навуковых артыкулаў па матэматыцы і гісторыі Палесся,17 артыкулаў у «Енциклопедії сучасної України».

У 2020 годзе стаў лаўрэатам Брэсцкай літаратурнай прэміі імя Васіля Дмітрыюка за найлепшы навуковы твор пра рэгіён («Очерки истории Береза-Картузского концлагеря (июль 1934 — сентябрь 1939)»).

9 лістапада 2020 года памёр ад інсульту на фоне наступстваў каранавіруснай інфекцыі.

У 2021 годзе выйшаў зборнік успамінаў «Атлантыда палескай гісторыі Аляксандра Ільіна», падрыхтаваны Аленай Ігнацюк.

Падручнікі і дапаможнікі

• Ільїн, О. Л. Величини та їх вимірювання : метод. посібник для студ.- заочників ф-ту підгот. вчителів почат. кл. / О. Л. Ільїн, В. Ю. Раєвський ; Глухівський держ. педагогічний ін-т ім. С. М. Сергєєва-Ценського. — Глухів : [б.в.], 1999. — 23 с. • Ильин, А. Л. Математика : электронный учебно-методический комплекс: специальность: 1-40 05 01 «Информационные системы и технологии (по направлениям)» / А. Л. Ильин / УО «Полесский государственный университет». — Пинск : ПолесГУ, 2015. — 546 с.

Манаграфіі

• За тебе, Україно… : з архіву в’язнів концтабору Береза-Картузька (1934—1935) часів ІІ Річі Посполитої Польської : [монография ] / О. Ільїн, С. Шандрук, П. Мазур, А. Гудима; відп. за вип. С. Шандрук, А. Гудима. — Тернопіль : Терно-граф, 2010. — 254 с. • Ильин, А. Л. Дятловичский Спасо-Преображенский монастырь [монография ] / А. Л. Ильин // Лунінецкі сшытак : спецвыпуск / Лунінецкі раённы краязнаўчы музей; Творчы клуб «Лунінецкая муза», Праект Вадзіма Жылко. — Лунинец, 2013. — № 6. — 20 с. • Ильин, А. Л. Очерки истории культуры Пинщины (IX — нач. XX вв.) : [монография] / А. Л. Ильин, Е. А. Игнатюк. — Пинск : ПолесГУ, 2013. — 220 с. • За тебе, Україно… : укр. патріоти в Березі-Картузькому концтаборі (1934—1936) в док. Держ. архіву Брест. обл. / Олександр Ільїн, Петро Мазур, Арсен Гудима, Сергій Шандрук. — Вид. 2-ге, допов. і перероб. — Тернопіль : Терно-граф, 2014. — 535 с. : фот. • Ільїн, Олександр. Борис Ольхівський — письменник-есеїст, співець та дослідник Полісся / О. Ільїн. — Пинск, 2017. — 104 с. : портр. — (Палеская бібліятэчка часопіса «Гістарычная Брама». Вип. 1.). • Ильин, А. Л. Архимандрит Маркиан (Петр Платонович) — писатель, лекарь, благотворитель и церковный деятель : [монография] / А. Л. Ильин. — Лунинец : [б. и.], 2017. — 19 с. — (Лунінецкі сшытак; спецвыпуск № 8). • Ільін, А. Аўген Бартуль — беларускі паэт і старшыня Лунінецкага гарадскога суда [монография] / Аляксандр Ільін, Алена Ігнацюк; ДУК «Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма». — Лунінец, 2018. — 30 с. • Ільїн, О. Нариси історії Береза-Картуського концтабору (липень 1934 — вересень 1939) : монография / О. Ільїн, П. Мазур. — Тернопіль : Тернограф, 2019. — 640 с.

Сям’я Дачка — Наста Ільіна, журналістка і філосафка.

Сын — Міхась Ільін, комік і стэндапер.

Зноскі

Катэгорыя:Нарадзіліся 26 красавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1956 годзе Катэгорыя:Памерлі 9 лістапада Катэгорыя:Памерлі ў 2020 годзе Катэгорыя:Постаці Брэста Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі