Ісак Рыгоравіч Лур’е () — беларускі дыпламат яўрэйскага паходжання.
Нарадзіўся ў сям’і ўладальніка хімічнай фабрыкі і сіянісцкага актывіста Рыгора Лур’е. Рыгор Лур’е, разам з сябрам Хаімам Вейцманам (будучым першым прэзідэнтам Ізраіля), быў дарадцам Тэадора Герцля.
Ісак скончыў Пінскую рэальную гімназію, потым у Яраслаўлі. Вучыўся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце, дзе ў 1911 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Скифские древности в Западной Европе». Сябраваў з Раманам Скірмунтам і Вацлавам Ластоўскім, меў блізкія сувязі з вядомымі яўрэйскімі дзеячамі Хаімам Вейцманам, Нагумам Сакаловым, Леа Моцкіным.
Быў членам рэдакцыйнай калегіі газеты «Пінскі лісток». Падчас Першай сусветнай вайны, з 1915 года жыў у Стакгольме, працаваў у Экспартнай гандлёва-прамысловай палаце Расійскай імперыі. Рэдагаваў газету палаты «Скандинавский листок» (1915—1918). Выдаў зборнік «Till frågan om de rysk-svenska handelsförbindelserna» (1918). У сакавіку 1918 года пайшоў з пасады рэдактара «Скандинавского листка», прызначаны прадстаўніком Расійскай экспартнай палаты ў Стакгольме.
З лістапада 1919 года жыў у Капенгаген, спрабаваў там арганізаваць Балтыйскае тэлеграфнае таварыства, але са спроб нічога не атрымалася. Супрацоўнічаў з рыжскай газетай «Дас Фолк» і сіянісцкай газетай «Гаолам».
У лістападзе 1919 года прадстаўніцтва БНР у Берліне, дзе сакратаром быў былы мінчук Давід Анекштэйн, звярнулася да Лур’е па дапамогу ў атрыманні інфармацыі пра эканамічны стан у Даніі і магчымасці гандлю з Беларуссю, а затым Канстанцін Езавітаў прапанаваў яму вывучыць пытанне пра магчымыя сувязі ўрадаў БНР і ЗША.
У ліпені-верасні 1920 года Лур’е вывучае магчымасць адкрыцця ў Капенгагене беларускага прадстаўніцтва і прыходзіць да высновы, што ёсць магчымасць стварыць толькі гандлёвае прадстаўніцтва, якое не патрабуе ад дацкага ўрада дыпламатычнага прызнання БНР. Вывучыўшы магчымасці дацкага рынку, Лур’е разумее, што для гандлю датчанам цікавыя некаторыя беларускія тавары, у асноўным сыравіна. Стварае праект Беларускай гандлёвай палаты, Камітэт якой павінен быў знаходзіцца ў Капенгагене і ажыццяўляць гандаль з усімі балтыйскімі краінамі. Спрабаваў наладзіць гандлёвыя сувязі балтыйскіх краін з Беларуссю, але ва ўмовах ваенных дзеянняў гэта было практычна немагчыма.
Адначасова, 15 ліпеня, ствараецца Беларускае прэс-бюро, загадваць якім прызначаюць Ісака Лур’е. У многія інфармацыйныя выданні Заходняй Еўропы рассылалася інфармацыя пра цяжкі стан Беларусі. Кіраўнік прэс-бюро даваў ураду БНР важную інфармацыю, якая выкарыстоўвалася ў палітычнай працы. Высілкамі Лур’е арганізавана консульства БНР у Даніі. Падтрымліваў кантакты са шведскімі, дацкімі і нарвежскімі арганізацыямі, спрабуючы аб’яднаць скандынаўскія краіны для падтрымкі незалежнасці Беларусі.
Свой удзел у беларускіх справах тлумачыў наступным чынам:
Я вельмі аптымістычна гляджу на беларускую праблему і веру, што неўзабаве Беларусь будзе свабоднай краінай… Я веру ў Беларусь не толькі як ураджэнец Беларусі і беларускі патрыёт, але і таму, што я ўвогуле веру ў будучыню новых дзяржаўГерасимова Инна. Деятельность Исаака Лурье — руководителя Белорусского пресс-бюро в балтийских странах в 1920—1923 гг. (новые архивные материалы) / «Евреи в меняющемся мире», материалы международной конференции. Рига, 2002..
У пачатку студзеня 1921 года прэс-бюро ў Капенгагене закрываюць і прызначаюць Лур’е на аналагічную пасаду ў Коўне, дзе ён выдаваў «Бюлетэнь Беларускага друкарскага бюро». Працягваў актыўна працаваць у Рызе і Данцыгу.
Пасля шлюбу з Ганнай Вікнер з Сопата, фінскай грамадзянкай, у другой палове 1921 года пакінуў Літву. У 1921—1923 гадах кіраўнік Беларускага прэс-бюро ў Вольным горадзе Данцыгу.
Да 5-й гадавіны абвяшчэння БНР разам з жонкай даслаў віншаванне старшыні Рады Вацлаву Ластоўскаму. У Данцыгу выдаваў часопісы «Danziger Wochenblatt», «Danziger Stimme» і «Danzigs Handel und Hafen», а таксама рускамоўныя «Данцигский вестник» (1923—1924) і «Данцигский курьер».
4 ліпеня 1923 года сышоў з пасады кіраўніка Беларускага прэс-бюро і перайшоў на працу ў Яўрэйскае эміграцыйнае бюро дапамогі (Hebrew Immigrant Aid Society, HIAS). Яго праца на карысць беларускай дзяржаўнасці была адзначана ў тэлеграме міністра замежных спраў БНР Аляксандра Цвікевіча:
Гэтым давожу да Вашага ведама, што Ваше паведамленьне аб пераходзе на службу ў Жыдоўска-Амерыканскае эміграцыйнае бюро я атрымаў. Прашу Вас усе справы і архівы прэсс-бюро здаць Вашаму часоваму заступніку грам. Курляндскаму. За Вашу працу выражаю Вам сваю шчыраю падзяку і маю надзею, што Вы пры першай магчымасьці вернецесь да працы на карысьць БацькаўшчыныСакалоўскі Уладзімір. Да вытокаў беларускай дыпламатыі: дзейнасць беларускай місіі ў Берліне (1919―1923) // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні: навукова-практычны і інфармацыйна-метадычны часопіс. 2008. № 4. С. 227..
Пасля Данцыга працаваў журналістам у Кілі на поўначы Германіі.
Магчыма, у 1930-я гады атрымаў вышэйшую медыцынскаю адукацыю.
На пачатку 2-й сусветнай вайны іміграваў на Гаіці. Жыў у Порт-о-Прэнс, быў членам медыцынскага факультэта ў Порт-о-Прэнс, напэўна, меў урачэбную практыку. Змагаўся за правы крэолаў і з антысемітызмам сярод іх. Яго публікацыі на тэмы звязаныя з Гаіці:
Lourié, I. Haiti, la Vie Économique et Sociale de la République d'Haiti. Port- au-Prince: Imprimerie du Collège Vertières, 1940; Lourié, I. Haiti: The Ally of Democracy. Port-au-Prince, 1942; Lourié, I. Haiti and rubber, in: Pan-American Union Bulletin (Washington) July 1944, Vol. 78, № 7: 365-370; Lourié, I. Haiti, land of handicraft masterpieces, mahogany, sisal, palm leaf; a short for businessmen and tourists. Port-au-Prince: Imprimerie de l'etat, 1940s.
Памёр пасля 1944 года.https://israelstamps.com/wp-content/uploads/2018/04/2018-Winter-IP-interactive-01.pdf P. 31
Быў паліглотам, з дзяцінства апроч роднага ідыша ведаў беларускую, польскую, рускую мовы. Вывучыў і вольна размаўляў дацкай, шведскай, англійскай і французскай мовамі.
Аўтар двух аналітычных запісак прысвечаных Беларусі і стасункам беларусаў і яўрэяў, дзе даводзіў што краіны Балтыі і Украіны не змогуць нармальна развівацца без існавання незалежнай Беларусі, а лёс сусветнага яўрэйства шчыльна звязаны з лёсам беларусаў.
Крыніцы
Літаратура
Głogowska Helena. Białorusini na Wybrzeżu Gdańskim. — Toruń, 2003. Ss. 14-16. Дудина А. А. «Скандинавский листок», его редакторы и деятельность коллектива сотрудников газеты // Эмигрантика = Emigrantica. Периодические издания русского зарубежья: вопросы источниковедческой критики : Труды международной конференции к 85-летию Р. Ш. Ганелина. — Санкт-Петербург: Изд-во С-Петербургского ун-та, 2012. — С. 322—336. — С. 330—333.
Спасылкі
Герасимова Инна. Деятельность Исаака Лурье — руководителя Белорусского пресс-бюро в балтийских странах в 1920—1923 гг. (новые архивные материалы) / «Евреи в меняющемся мире», материалы международной конференции. Рига, 2002. // Arche=Пачатак. — 2005. — № 6. — С. 214—271. Ці існавалі стасункі паміж БНР і Швецыяй? (паводле інтэрв’ю з Уладзімірам Ляхоўскім) // Vitryska — Беларуская | Sveriges Radio: [Электронны дакумент] (http://sverigesradio.se/sida/artikel.aspx?programid=2215&artikel=1979377) -- шкада, але няма ўжо і на веб-архіве https://www.facebook.com/groups/zapisybelarusaveda/posts/469582464190536/ 05.04.2021 https://www.facebook.com/aliaxandr.gorny/posts/pfbid02mmgwwDsfKHD5m51f88srkawCW5nUYMDai3p33cd3NpApp3SGD3NVyMXzMP2QrFivl 04.04.2021
Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Беларуская Народная Рэспубліка