Украінскі кааператыўны банк, або Украінбанк у Брэсце (1926—1938) — украінская ўстанова ў Брэсце міжваеннага часу.

Адкрыты з ініцыятывы галоўнай управы таварыства «Просвіта на Поліссі» 12 верасня 1925 года ў Брэсце. Уклады ўнеслі сто мясцовых украінцаў, таксама грошы пазычаліся ў крэдытных установах Львова, Хэлма і Варшавы. Дырэктарам банка абраны адвакат Васіль Крыніцкі, праз два месяцы яго змяніў Сяргей Хітрын, у 1926 года дырэктарам Украінбанка абраны Аляксандр Базылевіч, пры якім банк стаў паспяховым. Пасля смерці Базылевіча ў 1932 годзе дырэктарам стаў Віктар Салавей.

У 1928 годзе колькасць кліентаў павялічылася да 1053, статутны капітал склаў 30 000 злотых, спецыяльны — 13 000, рэзервовы — 6 000, было адкрыта аддзяленне ў горадзе Каменец-Літоўскі. У 1929 годзе колькасць кліентаў (з Брэсцкага, Кобрынскага і Бяльскага паветаў) складала 1300 чалавек. Гадавы абарот складаў 3 800 000 злотых, уласны капітал — 70 000 злотых, уклады насельніцтва — 80 000 злотых, банкаўскія пазыкі — 50 000 злотых.

Банк дапамагаў украінскаму руху Брэсцка-Пінскага рэгіёна: наймаў спецыяльнага інструктара для стварэння ўкраінскіх сельскіх кааператываў, выдзяляў пазыкі. Таксама даваў сродкі на дзейнасць «Просвіты на Поліссі», на ўтрыманне прыватнай школы імя А. Старажэнкі, выдаткаваў 13 000 злотых на будаўніцтва Народнага Дома ў Брэсце. Калі кліент адкрываў рахунак або браў крэдыт, яму прапаноўвалі зрабіць ахвяраванне на культурную справу ў рэгіёне.

Банк даў магчымасць працаваць сетцы ўкраінскіх сельскіх кааператываў, у якую на Брэстчыне ўваходзіла 3800 чалавек. Сяляне па вёсках аб’ядноўваліся і набывалі ў складчыну інвентар, машыны, для чаго Украінбанк даваў ім ільготныя крэдыты. Прыбытак ішоў на культурныя ініцыятывы.

З часам перайшоў у падпарадкаванне Рэвізійнага саюза ўкраінскіх кааператываў (РСУК). Дырэктар банка Аляксандр Базылевіч быў абраны сябрам Рады РСУК і Цэнтральнага банка. На канферэнцыі ўкраінскіх банкаў у Львове 26 мая 1932 года дырэктара берасцейскага Украінбанка абралі ў прэзідыум.

Сусветны эканамічны крызіс ударыў па фінансавым становішчы банка: збяднелыя сяляне не маглі вярнуць узятыя крэдыты. У 1932 годзе банк пачаў адчуваць цяжкасці. У 1934 годзе на Украінбанк завялі крымінальную справу, забаранілі дзейнасць і заблакавалі рух па рахунках. Дзяржаўная камісія працавала чатыры гады, і ў 1938-м дзяржава ліквідавала банк.

Знаходзіўся па адрасе Таполевая, 35 (цяпер 17-Верасня, 39) у Брэсце.

Крыніцы

Катэгорыя:Арганізацыі ўкраінцаў Беларусі Катэгорыя:1925 год у Брэсце