Гнат Яўтухавіч Бычко-Машко (ён жа Бычкоў, Бычак), укр. Гнат Євтухович Бичко-Машко (1888, вёска Калюга, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць) — ?) — фалькларыст, грамадскі дзеяч.

Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Калюга Кобрынскага павету (вёска цяпер не існуе, адносілася да парафіі вёскі Рагозна; цяпер тэрыторыя Калюгі — мясцовасць на ўскраіне Жабінкі).

У 1909 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. У час вучобы, у 1908 годзе, даслаў з Вільні ў варшаўскі «Российский филологический вестник» Яўхіма Карскага тэксты народных песень са сваёй мясцовасці. Яны выйшлі пад загалоўкам «Матеріалы по народному говору Кобринскаго уѣзда Гродненской губерніи» з каментарыем рэдактара (верагодна, Яўхіма Карскага):«Отъ Игнатія Бычкова изъ Вильны въ редакцію „Русск. Филол. Вѣстнка“ доставлено три пѣсни, записанныхъ, по словамъ г. Бычкова, мѣстнаго уро- дженца, строго фонетически. Не представляя особаго интереса по своему содержанію, пѣсни эти имѣютъ цѣну для сужденія о малорусскомъ нарѣчіи Кобринскаго уѣзда».З 1909 года настаўнічаў у Дзвінскім Аляксееўскім гарадскім вучылішчы, у 1912 годзе працаваў выкладчыкам прыватнай мужчынскай гімназіі А. І. Сахарава ў Дзвінску, першага гарадскога вучылішча.

У 1912 годзе высылае 57 песень, запісаных у роднай вёсцы, у зборнік Імператарскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбург, публікацыя мае загаловак: «Сборникъ народныхъ пѣсенъ, записанныхъ въ поселкѣ Калюга-Комарно, Рогознянской вол., Кобринскаго уѣзда, Гродненской губ. И. Е. Бычко-Машко».

З красавіка 1914 года — выкладчык гісторыі і геаграфіі ў настаўніцкай семінарыі горада Ілукстэ (бел. традыц, назва Ілукшта) Курляндскай губерні.

Меў чын калежскага асэсара.

У 1915 годзе, з набліжэннем фронту Першай сусветнай вайны разам з Ілукштанскай семінарыяй эвакуіраваўся ў Яраслаўль, у кастрычніку 1918 года разам з семінарыяй пераехаў у горад Усмань (Ліпецкая вобласць).

У Яраслаўлі выйшла даследаванне Бычко-Машко «Українці Берестинського Підлясся і їх весілля». Выданне вядомае толькі па бібліяграфічным апісанні з часопіса «Книга», а адтуль змешчанага ў «Нацыянальнай бібліяграфіі Украіны».

Вядома, што восенню 1917 года ў адказ на стварэнне германскімі і аўстра-венгерскімі ўладамі Каралеўства Польскага Бычко-Машко накіраваў ліст уладам Украінскай Народнай Рэспублікі (падаецца ў перакладзе на беларускую мову):«Прашу звярнуць увагу на тое, што палякі хочуць „самавызначыць“ Берасцінскую зямлю сваім каралеўствам. Ніхто так, як палякі, заўжды крычалі, што разарвалі іх родную зямлю на кавалкі. А цяпер тыя ж палякі хочуць адарваць кавалак цела Украіны. Якое яны маюць права? Можа, там, у Берасцінскай зямлі, жыве больш людзей іх нацыі? Не, там жыве толькі жменька палякаў. Я, які там нарадзіўся, добра ведаю, што ўсё вясковае насельніцтва гэтай зямлі — украінцы. Іх мова — валынска-ўкраінская. Толькі паны і добры працэнт гарадскога насельніцтва (католікаў) размаўляюць па-польску. Тыя ж гарадскія католікі разумеюць украінскую мову і размаўляюць па-ўкраінску з украінцамі. А некаторыя сем’іда гэтай пары размаўляюць па-ўкраінску дома. У вёсках ёсць католікі, але іх вельмі мала; іх родная мова — украінская. Не ўсе могуць размаўляць па-польску.

Мае таварышы, бежанцы з Берасцінскай зямлі, і я прашу Генеральны сакратарыят не дапусціць, каб наша родная зямля адышла да палякаў. Просім за тых бедных бежанцаў, якія жывуць у Калужскай губерні і чакаюць часу вярнуцца дадому, у родную Украіну, а не ў Польшчу. Быць падданым Польшчы — гэта барані, Божа. Там доўга будуць кіраваць толькі паны, як дагэтуль кіравалі ў Галіцыі.

Просім Генеральны Сакратарыят не пакідаць нас; просім, каб наш край быў прыняты ў склад Вялікай Украіны. Просім, каб цяпер уключылі ў яго Берасцінскі і Кобрынскі паветы Гродзенскай губерні, а таксама частку Бельскага, Пружанскага і нават невялікую частку Слонімскага павета, дзе большасць насельніцтва — украінцы.

Выкладчык Ілукскай настаўніцкай семінарыі, археолаг Гнат Яўтухоў Бычко-Машко».

Сям’я Жонка, настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Васільеўна Бычко-Машко, памерла ў Усмані ў 1971 годзе.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Жабінкаўскім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1888 годзе Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі