Захарый (Захар) Якаўлевіч Нямчэўскі (, ; 1766 (1768?) — 1820) — матэматык, прафесар Віленскага ўніверсітэта, цэнзар. Доктар філасофіі (1788).

Біяграфія Паходзіў са Жамойці. Скончыў Галоўную віленскую школу. У 1788 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі і свабодных навукWitold Więsław ''Matematyka wileńska za czasów Adama Mickiewicza- Personalia'' [w:] Roczniki Polskiego Towarzystwa Matematycznego Seria II Wiadomości Matematyczne XXXIX, wyd. 2003, s. 122—124.

Быў вучнем і пераемнікам прафесара Францішка Нарвойша. З 1794 года выкладаў матэматыку ў Галоўнай школе, а пасля ў Віленскім універсітэце.

У 1797 годзе выехаў для далейшага навучання ў Італію, Францыю і Швейцарыю. Вярнуўся ў Вільню ў 1806 годзе.

Па вяртанні з-за мяжы выкладаў вышэйшую змешаную матэматыку ў Віленскім універсітэце, а таксама чытаў курс чыстай матэматыкі. У 1809 годзе атрымаў пасаду экстраардынарнага прафесара, у 1810 годзе — ардынарнага прафесара. У 1817—1820 гадах — дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта.

Пад псеўданімам «Келюс» () удзельнічаў у «Таварыстве шубраўцаў».

Адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю ў 1814—1818 гадах быў цэнзарам Цэнзурнага камітэта пры Віленскім універсітэце.

Памёр у 1820 годзе ў Гродне(?). Пахаваны на Бернардзінскіх могілках у Вільні. На магіле пастаўлены помнік з бюстам.

Навуковая і педагагічная дзейнасць Захарый Нямчэўскі змяніў падыход да выкладання матэматыкі ва ўніверсітэце, з арыенцірам на новыя павевы ў еўрапейскай навуцы. Замест састарэлага курса Нарвойша ён пачаў чытаць курс дыферэнцыяльнага і інтэгральнага злічэнняў.

У аснове распрацаванай ім праграмы поўнага курса матэматыкі быў падручнік французскага матэматыка Сільвестра Лакруа. Выкладанне матэматычнага аналізу і механікі Нямчэўскі паставіў па ўзоры Парыжскай політэхнічнай школы.

У сваіх лекцыях Нямчэўскі выкладаў:

правілы дыферэнцыравання функцый з адной і многімі зменнымі; прымяненне дыферэнцыравання да знаходжання экстрэмумаў функцый; даследаванне крывых ліній вышэйшых парадкаў; інтэграванне алгебраічных і трансцэндэнтных функцый; інтэграванне звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў любога парадку (уключаючы асаблівыя рашэнні і ўраўненні ў частковых вытворных); варыяцыйнае злічэнне; курс механікі, заснаваны на аналізе.

Як дасведчаны прафесар, меў вялікі ўплыў на сваіх паслядоўнікаў. Яго курсы матэматыкі чыталіся па распрацаванай ім праграме выхаванцамі ўніверсітэта А. Вырвічам і М. Палінскім.

Таксама быў адным з гувернёраў Станіслава Мараўскага, доктара медыцыны і мемуарыста.

Крыніцы

Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Матэматыкі Беларусі Катэгорыя:Матэматыкі Літвы Катэгорыя:Матэматыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Цэнзары Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Галоўнай віленскай школы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1766 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1820 годзе