Людвік Штырмер або Людвіг Шцюрмер (, ; ) — польскі празаік, паэт і літаратуразнаўца. Вайсковец Расійскай імперыі.

Біяграфія Нарадзіўся ў Плоньску ў сям’і Людвіка Штырмера (Stürmer), вайсковага доктара нямецкага паходжання, і Юліяны Лінкоўскай (першым шлюбам Крашэўскай), яго другой жонкі. Яму было нададзена імя Караль Людвік Штырмер, але ў жыцці ён карыстаўся другім імем Людвік. У 1824 годзе скончыў кадэцкі корпус у Калішы, у 1829 годзе — афіцэрскую вайсковую школу ў Варшаве . Падчас навучання ў школе ён таксама развіваў сваю літаратурную зацікаўленасць, чытаючы французскую класіку, рамантычную паэзію і вывучаючы замежныя мовы (вядома, што ён чытаў на французскай, нямецкай і англійскай мовах ); там жа ён напісаў свае першыя паэтычныя спробы. У 1830 годзе выйшла яго першая публікацыя — псіхалагічнае эсэ пад назвай «Пра жывёльны магнетызм» ().

Удзельнічаў у антырасійскім паўстанні 1830—1831 гадоў. У бітве пад Грохавам у 1831 годзе ён быў узяты ў палон расійскімі салдатамі і сасланы ў Вятку. У 1832 годзе ўступіў у расійскую армію. У 1832–1834 гадах служыў у Фінляндыі, падчас знаходжання там вёў дзённік, у якім апісваў і сваю маладосць (згублены; захаваўся толькі фрагментамі, цытаванымі Пятром Хмялёўскім у яго кнізе «Нашы раманісты»). У 1834 годзе пачаў вучобу ў вайсковай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, скончыў навучанне ў 1836 годзе.

Пасля заканчэння вучобы быў пераведзены ў Генеральны штаб. У чыне падпалкоўніка Генеральнага штаба Штырмер быў спачатку для даручэнняў пры былым дэпартаменце Ваенных пасяленняў, потым быў прызначаны кіраўніком спраў Імператарскай ваеннай акадэміі і інспектарам класаў школы тапографаў. Далейшая служба прайшла на пасадзе ваеннага цэнзара і члена цэнзурнага камітэта. Атрымаўшы чын генерал-лейтэнанта, Штырмер быў прызначаны членам Ваенна-вучонага камітэта, а ў 1883 годзе залічаны ў запас Генеральнага штаба з пераводам ў чын генерала ад інфантэрыі.

Дэбютаваў у літаратуры ў 1841 годзе ў часопісе «Незабудка» () пад рэдакцыяй Яна Баршчэўскага з апавяданнем «Пантофель. Гісторыя майго кузена» (); пазней ён апублікаваў іншыя апавяданні і раманы, усе пад імем сваёй жонкі, Элеаноры Штырмер (). У 1842–1845 гадах быў сябрам пецярбургскай катэрыі, публікуючы журналісцкія артыкулы ў «Тыгодніку Пецярбургскім» пад псеўданімам Гервазі Бомба (). У гэты час ён часта быў у кампаніі Генрыка Жавускага і Юзафа Эмануіла Пшэцлаўскага.

Пад канец жыцця хварэў на псіхічную хваробу (лекары дыягнаставалі ў яго «размякчэнне мозгу»); з 1880 года быў цалкам несвядомы.

Памёр у Вільні або Ландварове, пахаваны на могілках Росы ў Вільні.

Сям’я Каля 1838 года ажаніўся з Элеанорай Яноўскай, з сям’і Яна, доктара з Віцебска або Полацка і маці ў дзявоцтве Сварацкай.

Дзеці:

Аляксандра (1839—1904), у шлюбе з інжынерам Альбертам Шульцам (1835—1902). Пахавана на Росах побач з бацькам. Леан Марыян (1842—1852), памёр у Санкт-Пецярбургу. Марыя Міхаліна (1847—1852), памерла ў Санкт-Пецярбургу, верагодна дзеці заразіліся нейкай хваробай. Гелена (1848—1920), у шлюбе Гадлеўская. Павел (верасень 1850—18 чэрвеня (8 ліпеня) 1851), памёр у Санкт-Пецяргубргу, як маленькія Леан і Марыя пахаваны на Смаленскіх могілках. Канстанцін, лекар. Ян, ураднік і стацкі саветнік.

Творчасць Уважаецца за пачынальніка польскай псіхалагічнай прозы, а таксама за аднаго з першы польскіх творцаў фантастычнай прозы. Галоўнай тэмай яго творчасці ёсць «характар» — чалавечая псіхіка і чыннікі, якія яе фарміруюць. Галоўныя героі яго прозы часта сацыяльна неадаптаваныя, апантаныя або вар’яты. Творы Штырмера таксама маюць элементы кансерватыўнай сацыяльнай крытыкі і палемікі са стылем і тэмамі рамантычнай літаратуры (а таксама ў значнай ступені абапіраюцца на прыёмы рамантычнага шаленства). Творы Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана лічацца адной з крыніц натхнення для яго творчасці, таксама ў значнай ступені ён абапіраецца на Лорэнса Стэрна.

Найважнейшым і характэрным персанажам яго прозы ёсць Пантофель (з’яўляецца ў некалькіх творах, але найперш у дэбютным «Пантофель: Гісторыя майго кузена») — чулы і разумны чалавек, але паталагічна сарамлівы, непрыстасаваны да жыцця, наіўны і бязвольны. Гісторыя гэтага персанажа таксама абапіраецца на некаторыя элементы ўласнай біяграфіі Штырмера.

«Фрэнафагіюш і Фрэналесты» () — гісторыя пра пісьменніка, які ў пошуках натхнення трапляе ў варшаўскі псіхіятрычны шпіталь браніфратраў. Гэтае месца аказваецца каралеўствам таямнічага Фрэнафагіюша, пажыральніка чалавечых мазгоў, і яго слуг, Фрэналестаў — істот, якія рознымі спосабамі даводзяць людзей да блюзнерства. Твор складаецца з серыі псіхалагічных замалёвак, кожная з якіх апавядае гісторыю аднаго пацыента псіхіятрычнага шпіталя. «Фрэнафагіюш і Фрэналесты» ёсць гісторыяй, якая змяшчае мноства фантастычных элементаў, закранае псіхалагічныя тэмы (структура чалавечай псіхікі, вар’яцтва, абсесія), а таксама ёсць металітаратурай.

«Душа ў сухотах. Урывак з дакументаў доктара» () — кароткае апавяданне-споведзь пра жыццё невылечна хворага Караля, фігуры, якая ўвасабляе байранаўскі тып. Твор мае моцны маралізатарскі, хрысціянскі тон, а таксама крытыкуе ўзоры рамантычнай літаратуры. Адначасова «Душа ў сухотах» чэрпае шмат тэм з юнацкага дзённіка Штырмера.

«Чорныя вочы» ()— гісторыя пра эксцэнтрычнага маладога чалавека, Хрызантума Дэвільскага, які балансуе на мяжы вар’яцтва праз каханне да жанчыны на карціне і таямнічага прароцтва, якое вісіць над ім. Гэтая гісторыя (відавочна натхнёная «Эліксірамі сатаны» Гофмана) утрымлівае мноства фантастычных элементаў, але маралізатарскі пасыл, характэрны для Штырмера, значна менш выражаны.

Пазнейшыя творы Людвіка Штырмера («Каталептык», «Святло і цені», «Бяссонная ноч») даследчыкі лічаць значна слабейшымі паводле літаратурнай якасці і яны больш ніколі не перавыдаваліся пасля XIX стагоддзя .

Пасля 1859 года Штырмер пісаў выключна прафесійныя працы аб ваенных пытаннях (на рускай мове). Аўтар ваенна-гістарычнага нарыса «Рым перад і за часамі Юлія Цэзара» (Санкт-Пецярбург, 1876; ).

Творы Pantofel. Historia mojego kuzyna (1841; ) Trupia główka (1842; ) Frenofagiusz i Frenolesty (1843; ) Dusza w suchotach. Wyciąg z papierów doktora (1843; ) Czarne oczy (1844; ) Kataleptyk. Powieść nieboszczyka Pantofla (1846; ) Światło i cienie (1847–1848; ) Noc bezsenna. Rozmyślania i pamiątki nieboszczyka Pantofla z papierów po nim pozostałych ogłoszone (1859; ) Римъ до и во время Юлія Цезаря (1876; )

Ваенныя чыны

падпалкоўнік (11 красавіка 1843) палкоўнік (6 снежня 1849) генерал-маёр (8 верасня 1859) генерал-лейтэнант (16 красавіка 1867) генерал ад інфантэрыі (15 траўня 1883)

Узнагароды

Ордэн Св. Станіслава 2-й ст. (1845) Ордэн Св. Ганны 2-й ст. (1847, імператарская карона да ордэна ў 1852) Ордэн Св. Уладзіміра 3-й ст. (1862) Ордэн Св. Станіслава 1-й ст. (1864) Ордэн Св. Ганны 1-й ст. (1866) Ордэн Св. Уладзіміра 2-й ст. (1875) Ордэн Белага арла (1878) Знак адрознення беззаганнай службы за XL гадоў (1876)

Крыніцы

Літаратура Lech Sokół: Ludwik Sztyrmer. Historia życia i twórczości. W: L. Sztyrmer: Powieści nieboszczyka Pantofla. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1978, s. 535-603. Alina Witkowska, Ryszard Przybylski: Romantyzm. Wyd. VIII - 3 dodruk. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 2009, s. 674, seria: Wielka Historia Literatury Polskiej. ISBN 978-83-01-13848-6.

Спасылкі Працы Людвіка Штырмера ў бібліятэцы Polona

Катэгорыя:Пахаваныя на могілках Роса